Четверг, 26 ноября 2020

Интервью ко Дню энергетика. Рассказываем о тех, благодаря кому светло!

1 080

Нездарма, напэўна, энергетыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята ў самы кароткі светлавы дзень — 22 снежня. З аднаго боку гэта — заканчэнне каляндарнага года, а з іншага — чарговы старт да новых вяршынь і здзяйсненняў, падстава прааналізаваць зробленае і будаваць планы на будучае.20161215_5003

Напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў аб выніках і новых задумках мы размаўляем з дырэктарам Пружанскіх электрасетак А.А.Усікам.

— Аляксандр Аляксандравіч, прафесійнае свята — гэта яшчэ і нагода для ўзнагароджання самых лепшых работнікаў.

— Відавочна, што без добрасумленнай працы кожнага работніка структурных падраздзяленняў ПЭС наўрад ці прадпрыемства магло б паспяхова дзейнічаць. Вынікі бягучага года паказваюць, што наш зладжаны калектыў з 245 чалавек  добра папрацаваў.

Прыемна адзначыць, што працягваецца амаладжэнне персаналу электрасетак, сярэдні ўзрост якога зараз 42 гады, што пацвярджае прыцягальнасць прафесіі энергетыка сярод моладзі.

Спецыяльна для навічкоў, а таксама для агульнага павышэння кваліфікацыі пастаянна працуюць курсы прафесійнага навучання, якія сёлета прайшлі 100 чалавек. Гэта таксама дае свае вынікі, відавочныя на прыкладзе лідараў прадпрыемства.

У нашым калектыве з’явіўся яшчэ адзін «Выдатнік беларускай энергасістэмы». Такое ганаровае званне ДВА «Белэнерга» заслужыў электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Ружанскага ўчастка электрасетак Юрый Міхайлавіч Дулько. Восем чалавек з нагоды прафесійнага свята будуць адзначаны Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.

— Ці  дазваляюць вынікі адыходзячага года сцвярджаць, што ўсе ўзнагароды — заслужаныя?

— Шчыра прызнаюся, што вельмі задаволены дасягнутым у 2016 годзе. Практычна ўсе працавалі аддана, дзякуючы чаму вынікі, нягледзячы на пэўныя складанасці, уражваюць.20161215_5017

Сёлета Пружанскімі электрасеткамі праводзіліся работы па бягучым рамонце асноўнага і дапаможнага абсталявання на Пружанскай ЦЭЦ, капітальныя і бягучыя рамонты сетак 35-110 кВ, трансфарматарных падстанцый 10/0,4 кВ, паветраных ліній 0,4-110 кВ. Калі скласці даўжыню ўсіх ліній, якія на працягу года былі абноўлены, то іх хопіць, каб дацягнуцца да абласнога цэнтра і назад — амаль 150 кіламетраў. Толькі трансфарматарных падстанцый было адрамантавана больш за сотню.

Самым цяжкім для нас стала праходжанне лясоў — фронт работ тут складаў прыкладна два з паловай кіламетры. Тут строга выконваліся патрабаванні экалагічнага заканадаўства нашай краіны. Праведзены работы па высечцы дрэў, якія пагражалі  лініям, на палосах, што прылягаюць да высокавольтных ліній 35-110 кВ на плошчы звыш 88 гектараў, 10кВ — 97,6 га. Давялося расчышчаць больш за 50 гектараў новых просек для ВЛ-10-110 кВ.

Працягваецца сістэмная рэалізацыя мерапрыемстваў па забеспячэнні вулічным асвятленнем сельскіх населеных пунктаў на падставе заявак сельвыканкамаў: у бягучым годзе было заменена больш за 150 лямпачак і 50 ліхтароў.

У выніку такіх работ значна знізілася аварыйная рызыка застацца без святла на працяглы тэрмін для жыхароў вёсак Смаляны, Таўцвілы, Уласавічы, Юндзілы, Зіновічы. Цяпер тут пракладзены ізаляваныя правады агульнай працягласцю 5,2 км. Побач з гэтым вядзем новыя лініі да будпляцовак, дзе ўзводзяцца дамы. Дзякуючы гэтаму працягласць энергаліній у раёне ў 2016 годзе падоўжылася больш чым на восем кіламетраў.

— На нядаўнім прыкладзе, калі  з-за адключэння давялося абыходзіцца без святла паўтары гадзіны, чарговы раз пераканаліся, што без электраэнергіі сёння немагчыма не тое, што працаваць, але паўнацэнна жыць. Колькі  сёлета было аварыйных сітуацый, у чым прычыны іх узнікнення і наколькі аператыўна яны былі выпраўлены?

— На працягу бягучага года адбылося адно адключэнне ў асноўнай сетцы лініі 35-110 кВ  нязначнай працягласцю і 38 адключэнняў у размеркавальнай сетцы 10 кВ сярэдняй працягласцю амаль чатыры гадзіны. Асноўнымі прычынамі аварыйных сітуацый з’яўляліся падзенні дрэў з абрывам і без абрыву правадоў (дарэчы, гэта не дзіўна, бо  20% усіх паветраных ліній электраперадач праходзяць па лясных масівах).

Для ўхілення наступстваў стыхійных з’яў у філіяле створаны дзевяць рамонтна-аднаўленчых брыгад, у якія ўключаны 67 спецыялістаў. Для павышэння аператыўнасці ў іх ёсць 11 аўтамабіляў павышанай праходнасці і спецтэхніка — аўтабур, кран, чатыры аўтавышкі. Персанал укамплектаваны ўсімі прыладамі і матэрыяламі для выканання работ па ліквідацыі любых аварыйных сітуацый.

Зразумела, што ў ідэале хацелася б увогуле пазбегнуць адключэнняў, але рэальнасць прыносіць свае сюрпрызы, і гэта не толькі летнія ўраганы, але і зімовыя моцныя снегапады, ледзяныя дажджы, якія таксама нясуць вялікую небяспеку для энергаліній раёна.

— Ці можна сцвярджаць, што ўсе работы сёлета выкананы і  можна сабе дазволіць больш адпачываць?

— На наступны год у нас не менш планаў.

Мяркуецца рэканструяваць сеткі 0,4 кВ у вёсках Акольнік, Замошша, Хіцёўшчына. Таксама будзе выканана работа па замене кабельных ліній 10 кВ у г.Пружаны працягласцю 2,5 км і замена адной трансфарматарнай падстанцыі 10/0,4 кв. Працягнем  замену маральна і фізічна састарэлага абсталявання на падстанцыях 35-110 кВ, у прыватнасці, памяняем масленыя выключальнікі 10 кВ на вакуумныя з устаноўкай лічбавых абарон. І, безумоўна, выканаем усе запланаваныя ка-пітальныя і бягучыя рамонты на сетках 0,4-110 кВ, абсталявання Пружанскай ЦЭЦ і падстанцый 0,4-110 кВ.

Спадзяюся, што нам хопіць сіл і энергіі для здзяйснення задуманага.

З нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць усім працуючым энергетыкам, ветэранам галіны здароўя, сямейнага дабрабыту і светлых 365 наступных дзён.

Прывабіла прафесія энергетыка20161215_4991

На карысць прафесіі энергетыка  зрабіў выбар Кірыл Рэчыц, калі пасля заканчэння аграрна-тэхнічнага каледжа два гады таму прыйшоў працаваць на прадпрыемства. І адразу новаму манцёру па выпрабаванні сетак давялося прайсці дадатковы экзамен. У раёне з-за ўрагану паваліла нямала слупоў і абарвала правады. Наступствы стыхіі ён ліквідаваў у складзе аднаўленчых брыгад.

— Давялося працаваць амаль кругласутачна. Дзякуй маім калегам, якія пастаянна дапамагалі парадамі.

Прынцып «вопытны навучае навічка», а таксама таварыскія  адносіны ў калектыве падабаюцца Кірылу. Малады работнік  зараз рыхтуецца да экзамена на вышэйшы разрад.

Здавалася, не было дня без аварый20161215_4950

Згодна з патрабаваннямі да аператыўнасці выкаранення аварыйных сітуацый сёння на ліквідацыю адключэнняў адводзяцца лічаныя гадзіны. Але сучасных спажыўцоў нават мінуты без электрычнасці пачынаюць нерваваць. Між тым, як гаворыць ветэран энергетычнай галіны раёна Анатоль Мікалаевіч Радзівончык, яшчэ жыве пакаленне тых, хто можа ўспомніць, як без святла даводзілася праводзіць нават некалькі дзён.

— Зараз электраманцёрам створаны такія ўмовы, якія ў параўнанні з тымі, калі працавалі мы, — як дзень і ноч. Нашымі асноўнымі інструментамі былі «кіпцюры», рыдлёўка, багор і манціроўка, каб круціць провад. Аб тым абсталяванні, з якім працуюць сучасныя спецыялісты, і не марылі. Уявіце сабе, што падстанцыі замятала снегам амаль у чалавечы рост, і нам даводзілася чакаць трактар з гаспадаркі для прачысткі дарогі.

Ды і аварый, як успамінае ветэран, было значна больш, здавалася, што кожны дзень нешта і недзе абрываецца, замыкае. Памятае Анатоль Мікалаевіч і як у кастрычніку 1974 года ў раёне прайшоў ледзяны дождж, як пад цяжарам лёду не толькі абрываліся лініі, але і бетонныя апоры ламаліся, нібы запалкі. Выкараняліся наступствы без усялякай механізацыі.

А.М.Радзівончык аддаў будаўніцтву энергетычнай сістэмы раёна амаль 40 гадоў свайго жыцця: пачаў з электраманцёра, потым працаваў у аператыўна-выязной брыгадзе па ліквідацыі аварыйных сітуацый, дыспетчарам, а на заслужаны адпачынак пайшоў з тэхнічнай лабараторыі.  Сёння ён з цікавасцю сочыць за навінамі роднага прадпрыемства,  вынікамі яго работы і дасягненнямі. Былыя калегі не забываюць пра ветэрана, дапамагаюць пры неабходнасці.

**20161215_5057

Электраманцёр аператыўна-аднаўленчай брыгады Уладзімір Васільевіч Гарустовіч за перыяд сваёй работы ў Пружанскіх электрасетках вызначыўся добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў, неаднаразова прафесійна выконваў заданні па ліквідацыі аварыйных сітуацый. З нагоды прафесійнага свята спецыяліст адзначаны Ганаровай граматай РУП «Брэстэнерга».

**20161215_5089

Адна з лепшых аператыўна-рамонтных брыгад у складзе майстра І.М.Наталіча і электраманцёраў П.М.Кліма і М.А.Касцюковіча.

**20161215_5027

Машыніст С.І.Богдан (злева) і начальнік змены электрастанцыі Пружанскай ЦЭЦ В.В.Курачынскі.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *