Вторник, 29 сентября 2020

Все о донорстве в Беларуси (много полезной информации+опрос)

940

Сусветная арганізацыя аховы здароўя паставіла перад краінамі свету задачу – ажыццявіць поўны пераход да 2020 года на бязвыплатнае донарства. У Беларусі пераходзіць на яго мяркуюць паступова, але мэтанакіравана.

“Бязвыплатная здача крыві павінна стаць нормай жыцця. Гэта самы каштоўны падарунак, які вы можаце зрабіць сваім блізкім і нават незнаёмым людзям!” – вось галоўны лейтматыў усіх выступленняў на мерапрыемстве, якое прайшло ў сераду ў Пружанскай ЦРБ. Ва ўрачыстай абстаноўцы быў дадзены старт дабрачыннай акцыі «Бязвыплатнае донарства  пачынаецца з мяне», арганізаванай у падтрымку ініцыятывы САЗ.20161214_4937

Як і належыць, першым у акцыі прыняў  удзел галоўны урач раённай бальніцы В.М. Дараневіч. Будзем спадзявацца, што яго ўчынак паслужыць прыкладам для кожнага з нас, а бязвыплатнае донарства стане нормай жыцця ў нашым грамадстве.

Зэканомленыя падчас акцыі сродкі будуць накіраваны на патрэбы аховы здароўя.

Гаворыць донар

Павел Барадзюк, ганаровы донар РБ і СССР:20161214_4890

—Амаль кожнаму чалавеку добра вядома, што без  донарскай крыві, прэпаратаў ці кампанентаў, якія атрымліваюцца з яе, не можа абысціся ні адна лячэбная ўстанова. Гэта ўсё патрэбна, галоўным чынам, для цяжка хворых пацыентаў. Але ж ці заўсёды ўсяго хапае? Як былы загадчык аддзялення пералівання крыві, магу дакладна сказаць: часам  ёсць неабходнасць, асабліва ў крыві, якая рэдка сустракаецца, напрыклад, чацвёртай групы з адмоўным рэзусам.

Шмат увагі ўдзяляецца цяпер бязвыплатнаму донарству, але за сёлетні год  пры выкананні планаў па кроваздачы ў Пружанах толькі 46 чалавек далі кроў  бязвыплатна. Гэта ўсё ж малавата. Каб палепшыць працэс бязвыплатнага донарства, на мой погляд, трэба падаваць прыклад  медыкам, кіраўнікам бальніцы і санітарнай службы, тым больш, што такі пачатак пакладзены ўжо ў г. Брэсце.  З упэўненасцю скажу, гэта будзе справядліва.

Меркаванне

Быць донарам – гэта своеасаблівая форма сусветнай чалавечай салідарнасці. Здавалася б, дапамагчы чалавеку незалежна ад яго нацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай прыналежнасці — святы абавязак кожнага. Але, на жаль, так думаюць не ўсе.

Вялікую небяспеку ў святой справе донарства ўяўляюць некаторыя сектанцкія веравучэнні, якія забараняюць сваім прыхільнікам здаваць кроў  і пры неабходнасці рабіць пераліванне, чым падвяргаюць іх смяротнай небяспецы. А як ставіцца да донарскага руху Праваслаўная царква, мы пацікавіліся ў настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы г.Пружаны  протаіерэя Вячаслава Левага. Вось  што ён  адказаў:

“Ёсць такі дакумент, як «Асновы сацыяльнай канцэпцыі», дзе ўсе гэтыя моманты распісаны  вельмі падрабязна. Донарства – гэта акт самаахвяравання і міласэрнасці, праява найвышэйшай любові, і тут ніякіх перашкод для хрысціян быць не можа. Увогуле, Праваслаўная царква з нязменна высокай павагай ставіцца да медыцынскай дзейнасці,  накіраванай на прадухіленне і аблягчэнне чалавечых пакут”.

*

За студзень-лістапад 2016 года ў Брэсцкай вобласці зафіксавана звыш 49 тысяч здач крыві і толькі 5% з іх — бязвыплатна. Усяго донарамі з’яўляюцца звыш 11 тысяч жыхароў рэгіёна.

*

Карысная інфармацыя

Якія гарантыі атрымлівае сёння донар?

***

У  дзень здачы крыві донар вызваляецца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку за гэты дзень (пры ўмове папярэджання наймальніка пра дату выканання донарскай функцыі).

***

Прадастаўляецца дадатковы дзень адпачынку з захаваннем сярэдняга заробку.  Ён можа быць далучаны да водпуску або выкарыстаны ў іншы час.

***

Донарам (мужчынам, якія здавалі кроў не менш за чатыры разы, жанчынам – не менш за тры разы) дапамога па часовай непрацаздольнасцi выплачваецца  ў памеры 100% сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заробку.

***

Пасля працэдуры забору крыві донару для аднаўлення сіл прадастаўляецца бясплатны абед.

***

Пры ўліку донарскіх заслуг адна бязвыплатная кровадача прыраўноўваецца да дзвюх на платнай аснове. Такім чынам, знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» адзначаюцца донары, якія бязвыплатна здалі кроў не менш за 20 разоў  (платна – 40), а плазму, лейкацыты, трамбацыты – не менш за 40 разоў  (платна – 80).

Цяпер ганаровым донарам прадастаўляюцца наступныя льготы:

  • пазачарговае абслугоўванне ў дзяржустановах аховы здароўя;
  • прадастаўленне працоўнага адпачынку ў зручны для іх час (па ўзгадненні з наймальнікам);
  • першачарговае набыццё білетаў на чыгуначны, паветраны, водны і аўтатранспарт;
  • павышэнне пенсіі — 40% ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту.

Думкі з вуліцы

Ці гатовы людзі здаваць кроў бязвыплатна?

Анжэла Гаўра, 44 гады:anzhela-ga%d1%9era-g.pruzhany

– Донарства – гэта святая справа, яе бязвыплатнасць нават не павінна аспрэчвацца. Я была ў такой сітуацыі, калі майму дзіцяці, хвораму на гемарагічны васкуліт, экстрана трэба было рабіць пераліванне крыві. І ўсё жыццё буду ўдзячная чалавеку, які бязвыплатна здаў для яго кроў. Я сама гатова на гэты крок (а ў мяне рэдкая група – чацвёртая з адмоўным рэзусам), не думаючы пра матэрыяльную кампенсацыю. І мне, здаецца, што гэтак жа  думае большасць людзей.

Даша, 17 гадоў, студэнтка:dasha-17-gado%d1%9e-studentka_

– Я лічу, што людзі, якія аказалі дапамогу іншым, не павінны заставацца незаўважанымі грамадствам. Яны заслугоўваюць матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы. Ім жа неабходна аднаўляць свае сілы, запасы крыві. Няўжо гэтая дапамога не варта нават умоўных мінімальных выплат, каб хапіла на тую ж шакаладку або кавалак мяса? Праўда, калі гаворка будзе ісці пра экстраны забор крыві і выратаванне жыцця чалавека, то я сама здам кроў, не думаючы пра матэрыяльныя выгоды.

Вікторыя, 22 гады, настаўніца:viktoryya-22-goda-nasta%d1%9enik

– Донарства з самага пачатку мяркуе бязвыплатнае дзейства. Дапамагаць людзям – гэта святы чалавечы абавязак. А як жа інакш? Вы паглядзіце, як шмат сёння інфармацыі ў СМІ з крыкамі аб дапамозе. Няўжо нармальны чалавек не адгукнецца на просьбу?! Кожны з нас, не дай Бог, канешне, можа апынуцца ў страшнай сітуацыі.

Сяргей, 35 гадоў:syargej-35-gado%d1%9e-g.pruzhany

– Закон сапраўднага донара сцвярджае: здавай кроў толькі бязвыплатна! За грошы – гэта ўжо не донарства, а прадпрымальніцтва нейкае. Пакуль будзеш думаць аб аплаце, чалавек загіне. Я сутыкаўся з такой сітуацыяй, калі чалавечы цынізм зашкальваў, прыходзячы адтуль, адкуль яго ніхто не чакаў. Мой блізкі сваяк ляжаў у бальніцы, для яго выратавання тэрмінова спатрэбілася пераліванне, але сярод яго калег з падыходзячай групай крыві не знайшлося жадаючых здаць для яго кроў. Дапамаглі чужыя людзі.

Юлія, ветэрынарны ўрач:yuliya-g.pruzhany-veterynarny-%d1%9erach

– Як можна здаваць кроў «за грошы» ?! Я ветэрынар-вірусолаг, даследую кроў жывёл. Знаходзячыся ў асяроддзі пухнатых сяброў, разумею, калі ім, а ўжо тым больш чалавеку, раптам спатрэбіцца дапамога, я гатова яе аказаць.

Яна з дачкой Аляксандрай, юрыст:yana-z-dachkoj-alyaksandraj-yuryst

– У жыцці з такой сітуацыяй, калі трэба было тэрмінова здаваць і пераліваць кроў, я не сутыкалася. Але лічу, што, магчыма, пры матэрыяльнай зацікаўленасці будзе больш жадаючых здаць кроў. У адваротным выпадку банк донарскай крыві будзе папаўняцца з недастатковай хуткасцю. Гэта насцярожвае.

Дзмітрый Аляксандравіч Мікулік, пенсіянер:dmitryj-alyaksandravich-mikulik-g.-pruzhany-pensiyaner_

– Калі гаворка ідзе пра планавую сістэмную здачу крыві, то, думаю, донарам павінны плаціць. Хай нават сімвалічную плату. Кроў – лекі, а за лекі плацяць. Калі ж неабходна экстраная дапамога, то, вядома ж, ні пра якую аплату не можа быць і гаворкі. Я сам шмат разоў здаваў кроў, калі быў студэнтам, грошай за гэта не плацілі, але давалі дадатковы выхадны.

Падрыхтавала Алена Зялевіч.

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *