Вторник, 24 ноября 2020

«Спутник» будет показывать новинки одновременно со столицей. Но в 2018 году

1 042

Да прафесійнага свята мы традыцыйна падрыхтавалі пытанні да тых, хто дае пружанцам магчымасць паглядзець сучаснае кіно на вялікім экране. Пра жыццё кінатэатра “Спадарожнік” наша размова з дырэктарам КУКП “Пружанская раённая кінавідэасетка” Ангелінай Дзямідавай.20161214_4854

— Перш чым пачаць размову, — кажа дырэктар, — адразу хачу павіншаваць увесь калектыў, пажадаць поспехаў заўсёды і ва ўсім. Нельга не ўспомніць і былых работнікаў кіно, справу якіх мы працягваем цяпер. Жадаем вам моцнага здароўя. Мы заўсёды рады бачыць кожнага з вас у нашым кінатэатры. Бо калі ты працаваў тут, кіно  назаўсёды застаецца ў тваім сэрцы.

— Ангеліна Юр’еўна, зразумела, што той, хто працуе ў кінатэатрах, бачыць значна больш фільмаў, чым звычайны чалавек. А якім фільмам аддае перавагу дырэктар кінасеткі?

— Адназначна адказаць нельга, я наогул люблю глядзець фільмы і з вялікім задавальненнем гэта раблю, калі дазваляе час. Стараюся часцей сядзець перад вялікім экранам, гэта, безумоўна, намнога цікавей, чым  хатні прагляд. Выбар залежыць ад настрою: люблю і  савецкую класіку, і сучасныя фільмы. З нядаўна прагледжаных магу адзначыць «Экіпаж» і «Ледакол». Вельмі мяне ўразілі.

— А на што больш ахвотна ходзіць наш пружанскі глядач?

— Нельга вылучыць пэўны жанр. Перавагі ў гледачоў розныя, і мы імкнемся ахапіць усе ўзроставыя катэгорыі і ўлічыць у свойрэпертуары ўсё — ад камедыі да жахаў.

Асобна наладжваем нядзельныя сеансы для дзяцей на вялікім экране, а таксама ў малой зале ў  3D фармаце. На канікулах  праводзім дадатковыя сеансы.

Цяпер«Спадарожнік» з’яўляецца невялікім забаўляльным комплексам, які перарос межы кінатэатра ў класічным разуменні. Любы наведвальнік можа выбраць фільм па душы ў фармаце 2D і заказаць утульную малую залу для прагляду фільма ў фармаце 3D. Можна паказытаць нервы на атракцыёне «Акуляры віртуальнай рэальнасці» або адчуць сябе кіроўцам аўто ў мегаполісе за «гульнёвым рулём», а калі і гэта надакучыць — проста паскакаць на батуце.

Каб зацікавіць гледача і дапамагчы зэканоміць, мы распрацавалі падарункавы сертыфікат, які дазваляе скарыстацца кожнай паслугай кінатэатра адзін раз. Ён каштуе 5 рублёў, а паслуг у яго закладзена на 9,5 руб.

Нашы атракцыёны перасоўныя, таму  ахопліваем увесь раён, наведваем самыя аддаленыя яго куткі. Мы аказвалі забаўляльныя паслугі на многіх раённых мерапрыемствах, выязджаем на святы вёсак.

Таксама хочацца адзначыць, што мы ўдзельнічаем у правядзенні прафілактычных акцый з прыцягненнем зацікаўленых асоб. Праводзім тэматычныя паказы да ўсіх знамянальных дат і дзяржаўных святаў.

— А як падбіраецца рэпертуар?

— Рэпертуарныя планы дае КУП «Брэстаблкінаві-дэапракат». Зыходзячы з іх, мы складаем свой план работы і штотыднёва абнаўляем рэпертуар. Рэкламу на тыдзень наперад размяшчаем на сваім сайце spadarozhnik.by і ў вашай газеце. Вось ужо тры гады вядзем сваю групу ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” — vk.com/pruzhany.sputnik.20161213_4767

— Што можаце сказаць аб сучасным беларускім кіно?

— Аб развіцці беларускага кінематографа, я лічу, можна меркаваць па выдатнаму фільму «Брэсцкая крэпасць» (сумесны праект Беларусі і Расіі). Гэта сапраўднае патрыятычнае кіно, якое варта паглядзець кожнаму. Увесь жах вайны паказаны рэалістычна і праўдзіва. Хацелася б, каб фільмаў такога ўзроўню ў нас здымалі больш.

Час ад часу і ў нашым рэпертуары з’яўляюцца айчынныя фільмы. Асобна магу выдзеліць “Ілжывую мэту”, “Сляды апосталаў”, “Белыя росы” , “Я не вярнуся” (сумесны з Расіяй, Казахстанам, Эстоніяй), “Салодкае развітанне Веры”.

— Некалькі гадоў таму тэхнічнае перааснашчэнне “Спадарожніка” стала сапраўдным прарывам для нашага правінцыйнага гарадка. Але ж прагрэс ідзе вельмі хутка. Ці плануецца абнаўленне абсталявання?

— Яшчэ не так даўно паказ фільмаў ажыццяўляўся з плёнкавых носьбітаў, відэакасет, DVD дыскаў…   Цяпер патрабуецца зусім новае лічбавае абсталяванне, якога наш кінатэатр пакуль не мае. Згодна з праграмай «Культура Беларусі», аснашчэнне дадзеным абсталяваннем «Спадарожніка» плануецца на 2018 год. Пры яго наяўнасці мы зможам радаваць нашага гледача прэм’ернымі паказамі фільмаў адначасова са сталіцай.

Ці варта казаць, з якім нецярпеннем  чакаем гэтага, а пакуль стараемся стварыць усе ўмовы для прыемнага баўлення часу наведвальнікаў.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

На здымку: відэадэманстратар кінатэатра «Спадарожнік» Наталля Уладзіміраўна Жалнерка.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *