Четверг, 19 июля 2018

Культура в агрогородках: союз таланта и рубля

1 552

Канстанцін Панімаш працуе ў галіне культуры амаль 12 гадоў. І два з іх — начальнікам аддзела культуры райвыканкама.
Наша гутарка з самага пачатку набыла характар аналітычнага абмеркавання таго, што было, а найбольш што ёсць і будзе. Канстанцін Іванавіч пачаў яе з лічбаў: — На сённяшні дзень у раёне 45 устаноў культуры. У тым ліку Палац культуры, два Цэнтры культуры і адпачынку, Дом фальклору і Дом рамёстваў, аўтаклуб, гарадскі клуб, 24 сельскія Дамы культуры, 9 сельскіх клубаў і 5 клубаў-бібліятэк. У раёне дзейнічаюць 43 бібліятэкі. У іх ліку цэнтральная раённая, адна гарадская, дзве гарпасялковыя, дзве дзіцячыя, 33 сельскія і чатыры сельскія бібліятэкі-клубы. Працуюць і развіваюцца пяць дзіцячых школ мастацтваў, музычная школа, музей-сядзіба «Пружанскі палацык», кінавідэасетка. Такім чынам, аддзел культуры райвыканкама курыруе работу 96 устаноў.

— Раскажыце, калі ласка, пра людзей, якія тут працуюць. Ці не здараецца дзе так, што чалавек ціхенька чакае «на цёплым месцы» пенсіі, а «духоўным развіццём вяскоўцаў» займаецца  мясцовы магазін з багатым вінна-гарэлачным прылаўкам?

— Ціхенька адседжвацца ў чаканні пенсіі ў нас не атрымаецца. На сённяшні дзень у сістэме культуры працуюць 550 чалавек. У тым ліку 358 творчых работнікаў. 93% кіраўнікоў і спецыялістаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю.
А наогул 85% работнікаў закончылі прафесіянальныя навучальныя ўстановы. Мы вядзем актыўную і планамерную работу па падборы і накіраванні на вучобу абітурыентаў. Напрыклад, летась пачалі вучыцца ў ВНУ і ССНУ 14 чалавек. Сёлета было заключана 10 дамоўленасцей на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. Цяпер толькі на дзённай форме навучання ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах набываюць прафесіі культасветработнікаў 47 чалавек (26 з іх з сельскай мясцовасці). Дарэчы, пільная ўвага надаецца і павышэнню адукацыйнага і прафесіянальнага ўзроўню ўжо працуючых мастацкіх кіраўнікоў і загадчыкаў клубаў. 34 з іх вучацца завочна. Дзякуючы такой рабоце, за апошнія чатыры гады доля спецыялістаў у штатах культасветустаноў раёна павялічылася на 14%.

— Вучоба — гэта, безумоўна, не аспрэчваецца. А што яшчэ робіцца для таго, каб прыцягнуць у культуру, у прыватнасці, у толькі што адбудаваныя аграгарадкі, маладых спецыялістаў? Вы, напэўна, не будзеце супраць, калі я скажу, што вялікае значэнне мае выгляд рабочага месца, яго афармленне (і знешняе, і ўнутранае), начынне сучаснай апаратурай і г.д.?

— Згодна з праграмай адраджэння і развіцця вёскі, у раёне быў праведзены рамонт 26 устаноў культуры аграгарадкоў. На гэта была расходавана важкая сума сродкаў: 20  мільярдаў рублёў. У тым ліку толькі на рамонт адной установы культуры ў аграгарадку Жураўліны — 3818,2 мільёна, на ўстановы культуры аграгарадка Кабылаўскі 917,4 мільёна рублёў. Да паслуг нашых работнікаў 65 камп’ютараў, 26 прынтараў, 5 капіравальных машын. 14 бібліятэк, музей-сядзіба «Пружанскі палацык», раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр і аддзел культуры маюць выхад у інтэрнэт.
І, трэба адзначыць, гэта  далёка не канчатковыя ўкладанні ў развіццё культуры раёна. Сёлета будуць абноўлены яшчэ пяць устаноў: Старавольскі і Шчарчоўскі сельскія Дамы культуры ўжо здадзены ў эксплуатацыю, у Ружанскім Цэнтры культуры і адпачынку, Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы і школе мастацтваў будаўнічыя работы працягваюцца.

— Калі мастацкі кіраўнік ці дырэктар такога Дома культуры, як у аграгарадку Кляпацкі, вечарам пасля работы вяртаецца ў шыкоўную кватэру, то захочацца працаваць яшчэ лепш. А калі ў дадатак і заработная плата расце…

— У мінулым годзе мы «выбілі» для работніка культуры домік у аграгарадку Жураўліны. Двух чалавек забяспечылі пакоем у інтэрнаце. Цяпер у Ружанах будуецца кааператыўная кватэра для маладога спецыяліста. Безумоўна, хацелася б намнога больш. У мяне наконт гэтага пазіцыя адназначная: паколькі культура самым непасрэдным чынам уплывае на эфектыўнасць сельскай гаспадаркі і прамысловасці, дык і стаўленне да яе павінна быць адпаведным. Я бачыў вочы механізатараў, якіх ушаноўвалі на жніве галасістыя спявачкі вакальнай групы «Забава». Яны свяціліся гонарам і гордасцю за аказаную пашану. А гэта значыць, што нашы клубныя, музейныя работнікі, бібліятэкары з’яўляюцца не толькі творцамі. Яны — праваднікі дзяржаўнай палітыкі. Таму і цаніць іх трэба належным чынам.
Праўда, пакуль што медыкам і настаўнікам заработную плату павышаюць, а пра работнікаў культуры — маўчок…

— Калі людзі добра працуюць, то яны павінны і адпаведна зарабляць. Каму б вы, Канстанцін Іванавіч, хоць сёння дабавілі заработную плату?

— Па-першае, кіраўнікам 19 творчых калектываў, якім за высокае прафесіянальнае майстэрства і мастацкі ўзровень прысвоены ганаровыя званні «народны» і «ўзорны». Сярод іх першымі хачу назваць хор народнай песні «Вербніца», духавы аркестр, тэатр танца «Ойра», хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік», ансамбль песні «Ліцвіны», фальклорны калектыў «Бабіна лета»,  Бенуа о Чайковском… Яны заўсёды ўмеюць паказаць і новае, і цікавае.
Пры аддзеле культуры актыўна функцыянуе незвычайная мабільная ўстанова — аўтаклуб, ці, як яго інакш справядліва называюць, клуб на колах. Ён ужо шмат гадоў калясіць па аддаленых вёсках, фермах і палявых станах. Аўтаклуб карыстаецца заслужаным поспехам сярод жыхароў маланаселеных вёсак і разам з тым актыўна ўдзельнічае ў правядзенні раённых і рэгіянальных аглядаў і конкурсаў. Больш таго, пры аўтаклубе дзейнічаюць тры творчыя калектывы: вакальныя групы «Шчырым сэрцам» і «Забава»,і аматарскае аб’яднанне «Забаўнік».
Калі мы ўжо загаварылі пра аўтаклуб, то трэба адзначыць, што гэты калектыў значна пашырае магчымасці нашай культурнай дзейнасці, у вызначанай ступені ліквідуе «геаграфічную няроўнасць» у культурным абслугоўванні насельніцтва. А гэта дапамагае больш паспяхова ўкараняць сацыяльныя стандарты ў сельскай мясцовасці і рэалізаваць Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі. З гордасцю зазначу, што такіх таленавітых і творчых працаўнікоў у нас нямала.

— У іх шэрагу і калектыў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»?

— Безумоўна! У цяперашні час «Пружанскі палацык» вядомы як грамадска-культурны адукацыйны цэнтр. Гэта — установа, якая зберагае памяць і глядзіць у будучыню. У музеі арганізуюцца музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі па папулярызацыі і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Гэты адметны турыстычны  аб’ект раёна штогод наведваюць больш як 6 тысяч турыстаў, у тым ліку і замежных.
Дарэчы, за мінулы год музей выканаў план па асноўных паказчыках дзейнасці: тут было праведзена 210 экскурсій, арганізавана работа 13 выстаў, аказана платных паслуг на 8271140 рублёў, што складае 118% да плана. Музей папоўніўся 542 новымі экспанатамі.

— Мы не аднойчы мелі магчымасць менавіта праз палацык знаёміцца з дзейнасцю мясцовых майстроў народнай творчасці. Такіх, як Марыя Кулецкая, Мікалай Тарасюк, Раіса Баюра…

— Так. І гэта цудоўна! Тым больш, што з кожным годам Пружаншчына становіцца ўсё больш «майстравой». Цяпер у раёне працуюць 214 майстроў народнай творчасці і 12 мастакоў. Паспяхова дзейнічае школа народнай творчасці, у якой адкрыты 14 класаў па розных накірунках: вышыўка, роспісы на шкле, тканіне і дрэву, разьба па дрэву, выцінанка, саломапляценне і інкрустацыя саломкай. Тут займаюцца 160 дзяцей.
Толькі сёлета ў клубных установах раёна праведзена 186 выстаў народнай творчасці (у тым ліку 123 — у вёсках). Народныя майстры Пружаншчыны прымалі ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах: на свяце, прысвечаным 600-годдзю Белавежскай пушчы, на «Славянскім кірмашы» ў Віцебску, рэспубліканскіх «Дажынках» у Кобрыне, «Калядных узорах» у Мінску. Неаднаразова прадстаўлялі свае работы на выставах у Рэспубліцы Польшча: у Гайнаўцы, Любліне, Белавежы, Бяла-Падлясцы, Цярэспалі…

— Прывіваць культуру можна толькі культурай. А як працуе ў гэтым накірунку адно з вядучых звенняў культасветработнікаў — бібліятэкі?

— Роля бібліятэк у развіцці духоўнасці насельніцтва, павышэнні яго культуры, адукацыі, інфармаванасці сапраўды неацэнная. Цяпер паслугамі 43 бібліятэк раёна карыстаюцца амаль 26 тысяч чытачоў. Нам ёсць што ім прапанаваць. Сёлета кніжны фонд папоўніўся на 3962 экземпляры (гэта на 1252 экземпляры больш, чым у мінулым годзе) на суму больш чым 43,5 мільёна рублёў. Галоўная задача, якая стаіць цяпер перад бібліятэкарамі, —  ісці ў народ. Не толькі да пенсіянераў, але і да дзяцей, моладзі, якая хутка зусім развучыцца чытаць. Асабліва гэта тычыцца маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных устаноў культуры. Для стварэння перасоўных установак па іх абслугоўванні ў жніўні будзе закуплены для цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы бібліёбус.

— У духоўным выхаванні дзяцей і моладзі вялікую ролю маюць і школы мастацтваў.

— Вынікам мэтанакіраванай прафесіянальнай работы калектыву і навучэнцаў  гэтых школ з’яўляецца ўдзел у алімпіядах, конкурсах, фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Пра высокі выканаўчы і мастацкі ўзровень падрыхтоўкі сведчаць узнагароды мінулага года: 23 дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў, 14 дыпломаў і грамат за паспяховыя выступленні вучняў, 5 грамат — у выкладчыкаў. 73 выпускнікі нашых школ мастацтваў і музычных школ займаюцца цяпер у ВНУ і ССНУ культуры.

— У апошні час назвы некаторых Дамоў культуры былі зменены. З якой мэтай?

— Такім чынам была зроблена аптымізацыя сеткі культасветустаноў,  вызначаны канкрэтныя накірункі іх дзейнасці. Аранчыцкі сельскі клуб стаў Домам фальклору, Шарашоўская дзіцячая бібліятэка аб’яднана з гарпасялковай — у дадатак тут адкрыта чытальная зала, Шчарчоўскі сельскі клуб ператвораны ў сельскі Дом культуры, Ружанскі і Шарашоўскі ДК — у Цэнтры культуры і адпачынку. Завяршаюцца работы па адкрыцці Дома рамёстваў. На жаль, многія работы стрымлі-ваюцца з-за таго, што сёлета фінансаванне раённай культуры скарацілася на 25%.

— Чаго б хацеў пажадаць начальнік аддзела на будучае?

— У нас ёсць велізарны культурна-творчы патэнцыял, створаны і ствараюцца вялікія магчымасці для духоўнага жыцця — ёсць база, каб даваць канкрэтныя вынікі. Безумоўна, робіцца нямала. Але асабіста я чакаю ад культасветработнікаў большага. Трэба быць гаспадарамі сваіх устаноў, не толькі захоўваць, але і аздабляць іх паслярамонтны стан, смела эксперыментаваць, уводзіць новыя формы работы з насельніцтвам. Праблем і недахопаў яшчэ нямала. Але ўсе яны вырашальныя, бо мы працуем у цесным кантакце і ўсіх нас аднолькава хвалюе канчатковы вынік.
Інтэрв’ю ўзяла Ганна ХАДАРОВІЧ.

Один комментарий

  • Фрол

    Да в Клепачах как стала в клубе новым директором Е.Е. ни праздника нормального (если есть то только по сценарию 90-х), ни культурного отдыха…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *