Среда, 30 сентября 2020

Собору Святого Александра Невского исполнилось 150 лет

1 122

Гэта была вялікая ўрачыстасць. І ніякія інтрыгі зімы: пранізлівы вецер, мокры снег і нават галалёдзіца – не змаглі спыніць сотні жадаючых раздзяліць малітоўную радасць з нагоды 150-гадовага юбілею Свята-Аляксандра-Неўскага сабора г. Пружаны. А ён, упрыгожаны вянкамі з цёмна-зялёнага самшыта і белых хрызантэм, сустракаў іх у поўнай сваёй пышнасці і велічы.20161208_4280

Пагартаем стужку часу: колькі людзей, колькі лёсаў прайшло праз пружанскі Свята-Аляксандра-Неўскі сабор! Удумайцеся толькі, якія гістарычныя віхуры і катаклізмы яму давялося перажыць. Але ж ён выстаяў. І сёння працягвае быць у цэнтры бурнага жыццёвага мора, аберагаючы вернікаў ад нягод. Менавіта тут яны знаходзяць супакаенне і замілаванне душы, тут атрымліваюць збаўленне ад сваіх цялесных і душэўных хвароб.

Сёлетняя юбілейная імпрэза была адзначана асаблівымі знакавымі з’явамі.20161208_4267

Па-першае, Боскую літургію ўзначаліў Уладыка Іаан (Хама), які завітаў да нас ужо ў новым статусе – архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага. Разам з ім перад прастолам служылі святары з усяго раёна. Завіталі і прадстаўнікі ўлады – намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш.

Сярод шматлікіх ганаровых гасцей варта адзначыць і нашчадкаў протаіерэяў Уладзіміра Пілінкевіча і Антонія Быляўца — святароў,  якія доўгі час з’яўляліся натхніцелямі духоўнага жыцця раёна.

Храмавы юбілей прыпаў на  вялікае свята Увядзення Прасвятой Багародзіцы ў храм. А праз Яе, як трапна зазначыў на пропаведзі Уладыка Іаан, быццам неба спусцілася на зямлю, і асаблівым чынам на людзей разлілася благадаць. Сапраўды, яна адчувалася паўсюль – перш за усё, у непрытоенай радасці пажылых прыхаджан ад таго, што сёння няма ганенняў на Царкву, якія  давялося перажыць пяцьдзясят гадоў таму, і што ніхто не пагражае зруйнаваць гэтую святыню.20161208_4290

Была і яшчэ адна, мабыць, галоўная нагода для асаблівага душэўнага настрою, пра якую распавёў настаяцель храма протаіерэй Міхаіл Носка.

Пры храме ён адкрыў музей, да стварэння якога ішоў амаль пятнаццаць гадоў. Менавіта столькі часу  збіраў маўклівыя сведчанні царкоўна-рэлігійнага мінулага нашай Пружаншчыны: убранне святароў і ўзнагароды, свяшчэнныя кнігі і ноты, крыжы і іконы, плашчаніцы і харугвы, фатаграфіі і дакументы, якія раскрываюць выдатную структуру і дынаміку царкоўнага жыцця нашага раёна ў канцы XIX – пачатку XXI стагоддзя.

Для ганаровых гасцей свята пружанскі благачынны правёў першую экскурсію. Асаблівую ўвагу ў экспазіцыі звярнуў на фелонь – адзенне, якое калісьці ў старажытнасці ўяўляла сабой плашч-накідку з доўгага кавалка ваўнянай матэрыі і ахоўвала вандроўных прапаведнікаў ад холаду і непагадзі. Як аказалася, фелонь сімвалізуе Віфлеемскія яслі, у якіх нарадзіўся Хрыстос, і Гефсіманскую пячору, у якой Ён быў пахаваны. А нашытыя на яе чатыры атласныя палосы азначаюць крывавыя раны на яго прасвятым целе.20161208_4321

Здзівілі гасцей сваёй вытанчанасцю святыя чашы (паціры), дыскасы, падсвечнікі, ажурныя лампады і ка-дзілы.

Шмат у экспазіцыі і бронзавых вянцоў, вырабленых ў выглядзе імператарскай кароны, упрыгожаных металічнымі разнымі медальёнамі з выявамі Ісуса Хрыста, Багародзіцы і свяціцеля Мікалая. Што цікава, яны сімвалізуюць славу саюза Хрыста з Царквой і азначаюць вечнасць і непарыўнасць шлюбнага саюза.20161208_4306

Вадасвятныя чашы, крапілы, балеі для абмывання рук. Фрагмент унікальнай старой формы для выпечкі прасфор і пячаткі для іх. Флюгер з манаграмай Прасвятой Багародзіцы і іншыя рэдкія рэчы, выкананыя ў духу праваслаўных традыцый.

У рамах пад шклом за-фіксаваны плашчаніцы – з выявай Хрыста, які ляжыць у магіле. Правобразам іх паслужыла палатно, у якое Ён быў загорнуты пасля зняцця з крыжа і на якім засталіся сляды Яго Уваскрасення.

Асаблівай увагі ў выставачнай зале заслугоўваюць вялікае разное распяцце, медналітыя крыжы і цэлая калекцыя ільняных харугваў – царкоўных сцягоў з выявамі  святых. Ёсць у экспазіцыі і ордэны, у прыватнасці, ордэн святога Аляксандра Неўскага, заснаваны І.Сталіным у 1942 годзе. Ім узнагароджваліся афіцэры за ратныя подзвігі і баявое майстэрства. Ёсць і ордэн святой Ганны II ступені, да якога быў прадстаўлены былы настаяцель храма – протаіерэй Іосіф  Балюк. Дарэчы, яму тут прысвечаны асобны стэнд с з яго асабістымі рэчамі.20161208_4300

Велізарны дакументальны і фотаархіў сабраны па крупінках з дапамогай мясцовых  старажылаў  і краязнаўцаў. З фотаздымкаў глядзяць былыя прыхаджане і святары, якія здзяйснялі набажэнствы ў нашых храмах.

Такім чынам, усе гэтыя сакральныя рэчы нават экспанатамі назваць цяжка, бо яны маюць глыбокі духоўны змест і па сваёй сутнасці ажыццяўляюць жывую, дзейсную сувязь паміж мінулым і сучасным жыццём Пружаншчыны.

– Клічце сюды пружанцаў.  Гэта ваша гісторыя, якую трэба прывіваць людзям. Калі будзеце хапацца за чужую культуру, захістаецеся з боку ў бок і звянеце, як перасаджанае ў сухую зямлю трапічнае дрэва. Хадзіце ў храм. Ён стаяў, стаіць і, верым, будзе стаяць і далей. І хай да сканчэння веку служыць светачам у гэтым цёмным і жорсткім свеце, – падагульніў усе размовы архіепіскап Іаан і пакінуў у кнізе ганаровых наведвальнікаў царкоўнага музея першы запіс.

Алена Зялевіч, фота аўтара і Яраслава Шчарбакова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *