Вторник, 29 сентября 2020

Когда планы совпадают с перспективами. Горожанка нашла себя в деревне и возвращаться не собирается

980

За некалькі гадоў работы ветурачом малочнатаварнага комплексу «Калазубы» Наталля Чайкоўская заслужыла павагу ў ААТ «Ружаны-Агра»: на думку кіраўніцтва таварыства, такія кадры варта цаніць і рэкамендаваць  іх вопыт да пераймання. Хаця… у свой час дзяўчына марыла працаваць у буйной ветэрынарнай клініцы, дзе сочаць за здароўем хатніх гадаванцаў. І нават не думала, што яна, гараджанка, уладкуецца ў вёсцы.20161209_4539

— Я родам з Мастоў і пасля школы вырашыла вучыцца спачатку на ветфельчара ў Ваўкавыскім аграрным каледжы. Адсюль адразу пайшла ў Гродзенскі ўніверсітэт — атрымліваць вышэйшую адукацыю,— успамінае Наталля Генадзьеўна.— Але планы па працаўладкаванні мне канкрэтна «паламала» размеркаванне. Ды толькі аказалася, што знайшла сябе на іншым месцы.

Як прызнаецца дзяўчына, даводзілася прывыкаць як да сельскага жыцця, так і да спецыфікі работы. Тэарэтычная падрыхтоўка за плячыма была неблагая, але да яе яшчэ патрэбна і практыка. Магчыма, з-за нежадання асэнсаваць гэта  некаторыя спецыялісты дні лічаць да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

У Н.Г.Чайкоўскай усё склалася інакш. Цяпер яна ўпэўнена, у першую чаргу  з-за таго, што ў ААТ «Ружаны-Агра» падтрымліваюць маладых работнікаў, якія сумленна працуюць і адказна ставяцца да свайго фронту работ.

Наталля яшчэ не замужам,  пакуль жыве ў Калазубах у ведамасным жыллі для  спецыялістаў, але можа прывесці нямала прыкладаў, як яе сяброўкі і калегі атрымлівалі домікі ад гаспадаркі, калі ўзялі шлюб.

Заробак таксама задавальняе: малады спецыяліст яе прафесіі можа разлічваць у сярэднім  на васямсот рублёў.

— Ці зможа мяне прывабіць такімі заробкамі горад?— адказвае пытаннем на пытанне наконт пераезду з вёскі ветурач МТК «Калазубы». І назваць хаця б некалькі вакансій з такой аплатай працы ў райцэнтры нам не ўдаецца.— А тут я матэрыяльна зацікаўлена затрымацца, і будучыню сваю цяпер планую, зыходзячы з таго, што ёсць і што шкада губляць.

Таму пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі дзяўчына з лёгкім сэрцам працягвае працаваць у таварыстве, не шкадуючы, што так склаліся жыццёвыя абставіны.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *