Вторник, 24 ноября 2020

Наталья Трус снова стала лауреатом международного фестиваля

1 044

Юная вакалістка Наталля Трус стала лаўрэатам Міжнароднага фестывалю ў Малдове.

Сёння відавочна, што ў творчым жыцці Наташы Трус усе падзеі — быццам ніткі аднаго клубка: аднойчы, калі была яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай, яна прыйшла ў эстрадную студыю, прыняла ўдзел у адным конкурсе, дзе яе заўважылі і запрасілі на іншы. На ім паступіла прапанова ад арганізатараў наступнага… Так атрымалася і ў гэты раз.

Летась Наталля выступала ў  эстрадным песенным конкурсе ў Румыніі, стала лаўрэатам першай ступені. Але найбольшым сюрпрызам стала запрашэнне прыняць удзел у ХІV міжнародным конкурсе-фестывалі «Два сэрцы-блізняты» у памяць трагічна загінуўшых малдаўскіх кампазітараў і выканаўцаў Іона і Дойны Алдзя-Тэадаровіч — адным з самых прэстыжных конкурсаў у Малдове. Але ўсё аказалася не так проста: запрашэнне ад арганізатараў — гэта яшчэ не пуцёўка на сам фестываль…20161206_4130

— Конкурс ладзіцца ў дзвюх намінацыях — для юных выканаўцаў, якім ад 10 да 17 гадоў, і для дарослых — ад 17 да 40 гадоў, — расказвае Наташа. — Прычым выступаць могуць толькі па адным прадстаўніку ад кожнай краіны. Ад беларускіх выканаўцаў арганізатарам паступіла 21 заяўка. Мне ўдалося вытрымаць немалы конкурсны адбор: мае запісы і плюсоўкі палічылі лепшымі.

Справу ўскладняла галоўная ўмова конкурсу — адну з дзвюх песень неабходна выконваць на малдаўскай мове. Наталлі  дасталася песня «Парасон», напісаная Алдзя-Тэадаровічамі.

— Лісток  з транскрыпцыяй тэксту не змог нават прачытаць, — кажа бацька спявачкі Васіль Дзмітрыевіч. — Махнуў рукой і сказаў, што нічога не атрымаецца.

Але настойлівая дзяўчына  не здавалася: пачала вучыць словы. Канешне, нічога не выйшла б без памочнікаў. На дапамогу прыйшла Наталля Грышкевіч: яна мае малдаўскія карані і ведае мову, таму рабіла заўвагі па вымаўленні, расстаўляла акцэнты ў інтанацыі. Не засталіся ў баку і кіраўнік узорнай эстраднай студыі «Меладзін» Эўгеніюс Валанчус і педагог Карына Шаманава. Другім нумарам падрыхтавалі песню  беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч «Мая зямля».

На адной сцэне за званне лепшага змагаліся 25 салістаў у адной і 20 — у другой узроставых катэгорыях: прадстаўнікі Расіі, Балгарыі, Конга, В’етнама, Латвіі, Польшчы і іншых краін. Аўтарытэтнае журы і слухачы звярнулі ўвагу на 16-гадовую беларуску. Яркі сцэнічны вобраз, цудоўны вакал, чыстае выкананне, выдатная музычная  аранжыроўка, прыгожы нацыянальны касцюм — усе гэтыя крытэрыі былі ацэнены дыпломам лаўрэата ІІ ступені. Наталля Трус прыняла ўдзел у гала-канцэрце, атрымала грашовую прэмію і, акрамя таго, за асаблівы ўклад у развіццё культуры і  папулярызацыю культурных каштоўнасцей без межаў была адзначана трафеем «Юнэска».

— З якімі планамі вярнулася з Малдовы? — цікавімся ў Наташы.

— Магчыма, вясной паспрабую свае сілы ў якім-небудь конкурсе ці фестывалі. Але асноўныя сілы будуць накіраваны на падрыхтоўку да паступлення: усё ж у выпускным класе  найперш трэба вучыцца. Куды хачу паступіць, няхай пакуль будзе сакрэтам, — гаворыць вучаніца гімназіі.

Мы тым часам мяркуем, што гэта можа быць музычная навучальнія ўстанова: хіба можа дзяўчынка, для якой музыка — сэнс жыцця, зрабіць нейкі іншы выбар?

P.S. Наталля Трус выказвае падзяку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама К.І.Панімашу за аказаную матэрыяльную дапамогу ў арганізацыі паездкі ў Малдову.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *