У суботу ў галоўнай зале ДЮСШ № 1 бушавалі сапраўдныя страсці: тут праходзіў II Рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе «Белавежская пушча» сярод юнакоў 2002-2008 гадоў нараджэння, арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Больш за 70 юных спартсменаў з розных куткоў краіны дэманстравалі свае ўменні, сілу волі і стойкасць на барцоўскім крузе.
З самага ранку ў спартыўнай зале пачаліся папярэднія схваткі ва ўсіх вагавых катэгорыях, а апоўдні там жа адбылася відовішчная цырымонія ўрачыстага адкрыцця турніру. «Камандаваў парадам» пружанскі трэнер А.С. Мігель. З прывітальным словам да ўдзельнікаў першынства звярнуўся першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ А.М. Бабігорац. Ён пажадаў барцам далейшых поспехаў у спорце, таварыскай узаемадапамогі і набыцця новых сяброў. А таксама выказаў надзею, што гэты важны рэспубліканскі турнір атрымае сваю рэгулярную прапіску ў нашым горадзе.
У ліку ганаровых гасцей прысутнічаў бронзавы прызёр чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе сярод ветэранаў Канстанцін Валер’евіч Кемаў, якому была даверана місія галоўнага суддзі спаборніцтваў. Ён высока ацаніў узровень падрыхтоўкі мерапрыемства, а таксама растлумачыў, чаму менавіта Пружаншчына ўжо ў другі раз прымае гэты спартыўны форум:
– Для развіцця і папулярызацыі гэтага слаўнага віду спорту (а грэка-рымская барацьба, заўважце, вядзе сваю гісторыю яшчэ з даўніх часоў, з першых Алімпійскіх гульняў), стартавай пляцоўкай для правядзення турніраў мы выбіраем тыя гарады, дзе ёсць секцыя гэтай барацьбы. Дзякуючы нашым барцам- алімпійцам, якія прынеслі ў скарбонку зборнай тры медаля з дзевяці, гэты від спорту становіцца ўсё больш прэстыжным.
Складана перадаць словамі, што рабілася на татамі! Змагаліся, нібы за алімпійскую пуцёўку. Пры гэтым прыгожыя кідкі і захопы выклікалі захапленне нават у канкурэнтаў. Сапернікі на крузе і сябры “за кругам” падтрымлівалі адзін аднаго.
Пераможцы ўзнагароджваліся граматамі і медалямі па ўзроставых групах і вагавых катэгорыях.
У малодшай групе (2007-2008 г.н.) месцы размеркаваліся наступным чынам: Аляксандр Белякоў (Мінск) – I месца, Ягор Манцэвіч (Брэст) – II месца, III месца таксама ў брастаўчан Данілы Кулінкі і Улада Бутэнкі. У вазе да 38 кг перамог Да-ніла Склізаў, другім стаў Аляксандр Нагурны (абодва з Брэста), а трэцяе месца падзялілі паміж сабой Улад Камар з Мінска і пружанец Арсеній Кудака.
У групе 2005-2007 г.н. у вазе да 35 кг першае месца заняў барэц з Брэста Максім Янбаеў, другое і трэцяе месцы ў барцоў з Мінска Уладзіслава Лелікава, Гаўрыіла Яўцеева і Ягора Варэніка. У вазе да 38 кг і да 42 кг увесь п’едэстал занялі брастаўчане. У вазе да 53 кг на першым і другім месцах Юрый Каліноўскі і Дзмітрый Юргель з Брэста, на трэцім – таксама брастаўчанін Дзмітрый Хадынскі з і пружанец Мікіта Палякоў.
У старэйшай групе (2002-2004 г.н. у вазе да 42 кг зноў першыя два месцы дасталіся брэсцкім спартсменам Мікалаю Багданаву і Івану Каліноўскаму, трэцяя пазіцыя — у Талібшо Хайбарава (г.Мінск). У вазе да 53 кг лідыраваў Дзмітрый Ва-сілеўскі з Мінска, другім і трэцім сталі Аляксандр Петракоў і Аляксандр Свірыд (абодва з Брэста). У вазе да 59 кг I і II месцы занялі брастаўчане Сяргей Маманько і Дзмітрый Тарасевіч, а на трэцім – пружанец Віктар Шаўчук.
Ніхто не змог скласці канкурэнцыю пружанцам Даніілу Бугаёву (у вазе да 66 кг) і Уладзіміру Бондару (звыш за 80 кг). Гэтыя ж хлопцы, а разам з імі і наш Вадзім Дзенісевіч, адзначыліся і ў абсалютнай вагавай катэгорыі, заняўшы прызавыя месцы. У вазе да 73 кг перамог Ілья Чабурка з Брэста (ён жа перамог і ў «абсалютцы», паклаўшы «на лапаткі» хлопцаў пацяжэй), на другім месцы – брастаўчанін Мікіта Алейнік, трэцяя пазіцыя ў пружанцаў Дзяніса Юркшайціса і Аляксандра Ліцкевіча.
Застаецца павіншаваць нашых юных барцоў з добрымі вынікамі і пажадаць ім далейшых поспехаў, а турніру – стаць пляцоўкай, на якой запаляцца будучыя алімпійскія зоркі.
Алена Зялевіч, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).