У календары святочных дат ёсць дні, якія, на маю думку, не зусім карэктна называць святамі: яны — хутчэй падстава рэгулярна звяртаць самую пільную ўвагу на тыя ці іншыя праблемы ў грамадстве. Сярод такіх дат і трэцяе снежня — Міжнародны дзень інвалідаў: быццам бы свята, але зусім не радасная ўрачыстасць.
Сёння на Пружаншчыне пражывае больш 720 чалавек з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (для параўнання, летась гэтая лічба складала 678 чалавек). Прыкладна пятая іх частка — 135 чалавек — дзеці з інваліднасцю.
Вось ужо чацвёрты год запар калектыў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі да дня інвалідаў ладзіць інтэграваны фестываль «Дзяцінства без межаў», які сёння ўжо выходзіць за межы раёна.
Сёлетні фестываль невыпадкова прайшоў пад назвай «Скарбы Беларусі»: у Год культуры, аб’яўлены ў Беларусі на 2016-ы, арганізатары ўзялі тэматыку песень, танцаў і культурных традыцый, якія адрозніваюцца беларускім нацыянальным каларытам.
Урачыстай частцы мерапрыемства папярэднічала забаўляльная праграма для дзяцей: пакуль адны таўкліся каля аніматараў, другія стаялі ў чарзе на аквагрым, а хтосьці частаваўся смачнай прадукцыяй ААТ «Пружанскі кансервавы завод».
Лейтматывам, які чырвонай стужкай прайшоў праз фестываль, стаў сацыяльны заклік: «Кожны мае права быць сабой». І данесці яго да гледачоў стараліся як дарослыя, так і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія выступалі на адной сцэне з іншымі ўдзельнікамі.
Дзякуючы 170 удзельнікам-артыстам госці мерапрыемства акунуліся ў атмасферу беларускай культуры. Адчуць сябе зорачкамі змаглі вучні шэрагу школ раёна і ДШМ імя Р.Р.Шырмы, выхаванцы Пружанскага і Камянецкага цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэа-білітацыі, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, юныя мадэльеры з народнай студыі моды «Папараць-кветка». Канцэртная праграма ўмясціла ў сябе многае: любоў да радзімы і яе традыцый, замілаванасць беларускай прыродай, гонар за ўнікальную архітэктуру і самабытнае мастацтва…
Як заўсёды, не засталіся ў баку і валанцёры, сяброўскія адносіны з якімі падтрымліваюцца не першы год. Варта адзначыць, акрамя навучэнцаў Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе маладыя людзі сабраліся ў атрад «Рука дапамогі», група валанцёраў — атрад «Інсайт» — з’явілася і пры СШ №4 г. Пружаны. Здаецца, сумесныя нумары валанцёраў і дзяцей-інвалідаў былі самымі кранальнымі і шчырымі. Яны выклікалі розныя пачуцці і эмоцыі: радасныя ўсмешкі — у мужных мам і тат, слёзы — у сентыментальных гледачоў з добрым сэрцам.
Як зазначыла яшчэ напачатку мерапрыемства дырэктар ЦКРНіР Н.П.Красевіч, вялікае шчасце не адчуваць сябе асаб-лівым, а быць такім, як усе. Здаецца, віноўнікі ўрачыстасці ў гэты дзень былі сапраўды шчаслівымі і змаглі падзяліцца сваім шчасцем з іншымі.
Трэцяга снежня ў мінулым. Як у мінулым і канцэрты, тэматычныя сустрэчы і шматлікія іншыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня інвалідаў. Хочацца верыць, што і пасля, калі сціхнуць апладысменты ў адрас людзей, якія мужна змагаюцца са сваімі хваробамі, сціхнуць прамовы, у якіх гаворыцца аб неабходнасці паляпшэння становішча інвалідаў і забеспячэння ім роўных умоў жыццядзейнасці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі не застануцца сам на сам са сваімі праблемамі, а сапраўды атрымаюць шанц весці паўнацэннае жыццё. І ўвага людзям з інваліднасцю будзе ўдзяляцца не толькі ў адзін гэты снежаньскі дзень.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).