Четверг, 1 октября 2020

Поверить в собственные силы, или Как служба занятости помогает субсидиями

797

Наогул, Валерый Засім не планаваў займацца прадпрымальніцтвам: яго задавальняла работа ў адной cа сталічных кампаній, якая займалася ўзвядзеннем і аддзелкай   аб’ектаў у Мінску. На рахунку спецыяліста па мантажу сантэхнічнага абсталявання з 20-гадовым стажам — удзел у будаўніцтве шматпавярховых жылых дамоў,  гіпермаркетаў і нават Палаца спорту. Але…  раптам ён  аказаўся беспрацоўным, бо фірма-працадаўца абанкруцілася. Наладжаны быт і  планы на будучыню аказаліся страчанымі.20161125_2278

— Давялося вяртацца ў Пружаны. Але канкурэнцыя на рынку будаўнічых спецыялістаў аказалася высокай,— расказвае Валерый Уладзіміравіч.— І я зарэгістраваўся ў раённай службе занятасці ў якасці беспрацоўнага.

Незапатрабаванасць вопытных спецыялістаў, якія на папярэднім месцы характарызаваліся як адказныя і дысцыплінаваныя работнікі, не азначае, што яны ўвогуле не патрэбны грамадству і эканоміцы. Магчыма, варта змяніць сферу сваёй дзейнасці. Што і параілі В.У.Засіму спецыялісты службы занятасці: адкрыць сваю справу і аказваць  паслугі ў прыватным парадку. У якасці старту прапанавалі субсідыю на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці ў абраным накірунку.

Для Валерыя Уладзіміравіча прадпрымальніцтва было не толькі новым, а наогул не знаёмым заняткам. Відавочна, што гэта нараджала шмат сумненняў — у сваіх сілах, у паспяховасці напрамку дзейнасці, у шанцах па пераадоленні як фінансавых, так і нарматыўна-прававых складанасцей. Але  атрымаў не толькі грошы, а і неабходныя веды: яго накіравалі на спецыяльныя курсы па навучанні асновам бізнэсу.

— Гэта было ў красавіку, а ў маі на падставе складзенага бізнэс-плана я атрымаў фінансавую падтрымку, — гаворыць аб пачатку прадпрымальніцтва Валерый Засім.

Без стартавага капіталу неразумна брацца за рэалізацыю якіх-небудзь бізнэс-намераў. Валерый Уладзіміравіч самастойна змог бы купіць тое-сёе, аднак на прафесійны ўзровень у  справе мантажу сантэхнікі з адным шурупавёртам і гаечным ключом выйсці  сёння немагчыма.  Дзякуючы атрыманым фінансам, пачынаючы прадпрымальнік змог набыць патрэбныя інструменты, з дапамогай якіх паслугі ў абранай сферы можа выконваць кваліфікавана і  аператыўна, незалежна ад складанасці або маштабнасці.

— Супрацоўніцтва са службай занятасці пакінула ў мяне толькі прыемныя ўражанні. Плён ад гэтага я зараз ужо адчуваю, калі бяруся выконваць заяўкі як індывідуальны прадпрымальнік.— Цяпер застаецца працаваць і зарабляць аўтарытэт.

Субсідыі на адкрыццё ўласнай справы раённай службай занятасці выдзяляюцца толькі на віды дзейнасці, значныя для Пружаншчыны.

Сёлета такую дапамогу атрымалі тыя, хто вырашыў заняцца аказаннем паслуг па пашыву і рамонту адзення, сантэхнічнымі работамі, паслугамі па рамонту і аддзелцы памяшканняў, а таксама тыя, хто праявіць сябе ў сферы выканаўчага майстэрства (арганізацыя ўрачыстасцей, свят і г.) і навучанні замежным мовам.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *