Суббота, 16 декабря 2017

Дружбой вечной связаны. СШ №3 города Пружаны отпраздновала 50-летие

1 221

Магчыма, дарэмна я ўзялася за напісанне артыкула аб тым, як адзначала сваё 50-годдзе Пружанская сярэдняя школа №3. Мая родная школа. Загадзя ведаю, што сціплы рэпартаж аб святкаванні не перадасць ні тых эмоцый і пачуццяў, якія ў той дзень уладарылі ў душах былых і цяперашніх вучняў і настаўнікаў, ні  атмасферы, што панавала ў школьных сценах. І колькі б добрых і ўзнёслых слоў ні  было сказана, заўсёды знойдзецца той, хто ўсклікне: «Ты добра сказала, але як мала ты  сказала!»20161126_2569

Маленькая дзяўчынка на сцэне прасіла ў Ганны Мікалаеўны  Кунінец «напісаць загад і паставіць вялікую круглую пячатку», каб  дзяцінства залатое  ніколі не заканчвалася. Але аказалася, што нават аўтарытэтны дырэктар школы не ведае  зваротнага шляху ў  краіну дзяцінства. «Тут толькі цуд дапаможа», — запэўніла яна.

Такім цудам у мінулую суботу і стала юбілейная сустрэча.

Напярэдадні святкавання адзін з маіх аднакласнікаў размясціў у сацыяльных сетках фотаздымак нашага першага «А» — нагадаў пра нас тагачасных.  І калі вядучыя пачалі расказваць, як будавалася новая школа на ўскрайку горада ў далёкім 1966 годзе, — нібы стрэлкі гадзінніка закруціліся ў зваротным напрамку.

І вось мы, прыціхлыя хлопчыкі і дзяўчынкі, перапалоханыя  нязвыклай падзеяй, з букетамі вяргіняў і гладыёлусаў,  слухаем першы ў сваім жыцці  школьны званок. Мы яшчэ не ведалі, што ў той момант нашы лёсы супалі з лёсам школы. І сённяшнія яе  50 гадоў — гэта таксама і нашы паўстагоддзя з той першай лінейкі, і сорак — пасля выпускнога балю…

Падобныя пачуцці і ўспаміны апанавалі і тых, хто  ступіў са школьнага ганка ў вялікае жыццё  дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў таму, і ўчарашніх выпускнікоў. Не дзіўна, што столькі добрых і прыгожых слоў гучала ў той вечар са сцэны, столькі падарункаў і ганаровых грамат уручалася.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка сам не  чакаў, што сустрэча з роднай школай здольна настолькі расчуліць.20161126_2454

—Я  бязмежна ўдзячны настаўнікам, якія мяне вучылі, — сказаў Алег Іванавіч. —   Магчыма,  і стаў грамадскім дзеячам, два скліканні працаваў у парламенце, дзякуючы ўрокам грамадазнаўства Рыгора Мікалаевіча Брашчука.

Ён уручыў школе сертыфікат на пастаўку, устаноўку і гарантыйнае абслугоўванне двух  дадатковых рабочых месцаў у камп‘ютарным класе. 20161126_2465

З падарункам прыйшоў і старшыня Пружанскага райвыканкама М.М. Крэйдзіч. Ён станоўча ацаніў сучасныя магчымасці школы і пажадаў, каб гэты юбілей стаў кропкай адліку на шляху да новых здзяйсненняў.  Міхаіл Мікалаевіч агучыў віншаванне райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў педагогам і ветэранам педагагічнай працы, уручыў Падзячныя пісьмы райвыканкама настаўніцам Н.У.Бажко і  А.І. Клімовіч, а школе — відэапраектар.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  С.В.Супрыновіч таксама называе школу любімай. Яна — не толькі выпускніца:  выйшла з гэтай школы і як настаўнік. Святлана Віктараўна  вітала тых, з кім працавала, ветэранаў. Былых педагогаў не бывае, лічыць яна. Назаўсёды застаюцца нашымі настаўнікамі  тыя, хто сеяў у душах  вучняў разумнае, добрае, вечнае.  А падарунак — тэлевізар павінен паказаць самыя лепшыя моманты жыцця і працы калектыву.20161126_2545

Успаміны, успаміны…

На шчымлівай ноце  згадалі тых, хто пайшоў з жыцця, у тым ліку першага дырэктара Міхаіла Ігнатавіча Майсейчука.

Восенню 1966 года ў школу, якую ён узначаліў, прыйшлі  809 вучняў (дарэчы,  амаль удвая больш, чым вучыцца тут сёння). Са словамі прывітання да іх на ўрачыстай лінейцы звярнулася маладзенькая настаўніца Надзея Іванаўна Казлоўская. Вось яна ў зале, па-ранейшаму аптымістычная і прыгожая. Побач — Рыгор Мікалаевіч Брашчук, Тамара Мікалаеўна Вайцяховіч, Раіса  Анісімаўна Пацапня, Канстанцін Максімавіч Пазняк…  Дзякуй вам, шаноўныя педагогі, за тое, што вучылі, што імкнуліся сфарміраваць нас, як асоб, што проста любілі непаслухмяных і лянівых  вашых вучняў.20161126_2550

Учарашнія выпускнікі сталі  ўрачамі і будаўнікамі, палітыкамі і навукоўцамі, вайскоўцамі і інжынерамі, аграрыямі, творчымі работнікамі і, паўтараючы шлях сваіх настаўнікаў, педагогамі.   Аказалася, што 11 настаўнікаў школы — адначасова і яе выпускнікі. Алена Мікалаеўна Жабрун, выпускніца 1973 года, пэўны час  была  дырэктарам школы. Падобная пераемнасць дарагога каштуе.20161126_2508

Яе аднакласніца Святлана Уладзіміраўна Баранава  пайменна назвала ўсіх сваіх настаўнікаў, ацаніла іх  як таленавітых, адданых прафесіі  людзей.

Выпускнік 1967-га — першага выпуску школы Віталь Міхайлавіч Грышын расказаў пра свой клас: 20 чалавек з 28 атрымалі вышэйшую адукацыю.

—Школа ганарылася намі, — кажа ён.20161126_2504

Але аказваецца, што гонарам школы лічаць свае класы і Мікалай Якутчык 1970 года выпуску,  і Канстанцін Віктаравіч Арцюшын, які скончыў школу ў 1982 годзе (дарэчы, гандлёвы прадстаўнік Расіі ў Беларусі таксама прывёз у падарунак школе відэапраектар),  і ўсе астатнія выпускнікі.  У чым сакрэт? Напэўна, у тым, што  педагогі здолелі кожнага свайго вучня «прапусціць праз сэрца» (а за 50 гадоў сярэднюю адукацыю ў СШ №3  атрымалі  3133 вучні). Яны памятаюць нашы вялікія і маленькія перамогі і ганарацца не толькі ведамі, якія ўдалося ўкласці ў неразумныя галовы, але і  тым, што змаглі згуртаваць класныя калектывы, падтрымаць у сваіх выхаванцах  дух сяброўства.20161126_2486

Песні і канцэртныя нумары зноў змяняліся ўспамінамі.  Жадаючых выступіць было так многа, што рэгламент некуды знік яшчэ напалове сустрэчы. Ветэран педагагічнай працы Валянціна Дзмітрыеўна Глазунова ўзгадала той час, калі выкладала тут гісторыю. Ларыса  Георгіеўна Казарэз — гады свайго кіравання школай. Аказваецца, вельмі страшна ёй было прыйсці першы раз у школу ў якасці новапрызначанага дырэктара:

—Магчыма, гэта былі самыя складаныя гады маёй працы, але і самыя шчаслівыя. Мне здаецца, мы паспелі вельмі многае зрабіць.20161126_2472

А Ганна Мікалаеўна Кунінец, якая толькі трэці год кіруе школай, марыць, каб добры дух  школьных традыцый, усталяваных яе папярэднікамі і падтрыманы сённяшнім педагагічным калектывам школы,  застаўся тут назаўсёды.

—Гэта дом, які пабудавалі мы разам, настаўнікі і вучні, склалі па цаглінцы з нашых добрых спраў, якасцей, талентаў.  У нас вялікі і творчы калектыў, дзякуючы якому ў школы  добрае мінулае, слаўны сённяшні дзень і, спадзяюся, светлая будучыня.

Ірына Сядова. Фота аўтара.

Один комментарий

  • сергей

    если я не ошибаюсь то на последней фотографии, крайняя слева — Пура Ирина а рядом с ней Потеруха Галина, выпускницы 1970г. 10-Б класс

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *