Органы дзяржаўнага санітарнага нагляду вобласці ўзмацнілі кантроль за цырульнямі і салонамі прыгажосці на прадмет выканання санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.
Паводле інфармацыі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, са студзеня па верасень спецыялістамі правераны каля 350 цырульняў і салонаў прыгажосці. На 297 даследаваных аб’ектах — а гэта прыкладна 80% ад правераных — выяўлены рознага роду парушэнні санэпідзаканадаўства.
Як зазначыў загадчык аддзела эпідэміялогіі Пружанскага РЦГЭ М.В.Жуковіч, невыкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў прадстаўляе пагрозу перадачы вірусных гепатытаў праз нестэрыльныя інструменты. Дарэчы, у спецыялістаў ёсць падставы меркаваць, што сёлета 26 жыхароў вобласці захварэлі пры правядзенні ў неўстаноўленых месцах розных немедыцынскіх маніпуляцый, звязаных з парушэннем скурных покрываў. Прычынай магло стаць выкарыстанне шматразовых недэзінфіцыраваных інструментаў. Разам з тым, кантроль ценевых аб’ектаў аказання паслуг адпаведныя службы не вядуць.
Адзін з 17 выяўленых сёлета на Брэстчыне выпадкаў гепатытаў В і С датычыцца і нашага раёна.
Як высветлілася, жанчына рабіла манікюр з нарошчваннем ногцяў у майстра, які працуе на даму. Як правіла, у падобных нелегальных салонах прыгажосці неабходная апрацоўка інструментаў не робіцца, а меры санітарнай бяспекі захоўваюць адзінкі майстроў. У выніку некваліфікаванай паслугі жанчына аказалася носьбітам гепатыту.
Знайсці «небяспечны салон» не ўдалося: жанчына адмовілася называць адрас і імя майстра.