Суббота, 20 января 2018

Браты нашы меншыя

489

Браты нашы меншыя здольны ўнесці ў жыццё новыя фарбы: адных ратуюць ад адзіноты,  другім дораць добры настрой, а некаторых, гавораць, нават выводзяць з дэпрэсіі. Больш таго, сярод спецыялістаў існуе меркаванне, што людзі, якія трымаюць дома жывёлу, як правіла, намнога менш пакутуюць ад бяссоніцы, сардэчна-сасудзістых захворванняў, больш спакойныя, добразычлівыя і спагадлівыя. А калі чалавек гаворыць, што да жывёлы абыякавы, то дарам любіць ён хутчэй за ўсё абдзелены.

Калі верыць гэтаму сцвярджэнню, то членам вялікай сям’і Магільных лепшых чалавечых якасцей не пазычаць…

20161123_1937

— Любоў да хатніх гадаванцаў у мяне з дзяцінства, — гаворыць Вольга Магільная. — Праўда, раней завесці коціка не дазвалялі ўмовы. А вось калі  стварыла сваю сям’ю, у доме пачалі з’яўляцца жывёлы: хамяк Акрабацік, кот Цім… Аказалася, што муж Аляксандр раздзяляе маё стаўленне да братоў нашых меншых.

Некалькі гадоў таму ў сям’і з’явілася кошка Джэсі пароды брытанская кароткашэрсная. Яна дасталася Магільным ад знаёмых: у іх дзіцяці пачалася алергія на кашачую поўсць.

— Я разумела, што кот — гэта і адказнасць, і клопаты, і лішняя ўборка, — тлумачыць маладая жанчына. —  Таму, калі  ўся сям‘я галасавала «за» новага члена, я моцна вагалася. Цяпер, канешне, не шкадую, што паддалася на ўгаворы.

Непрыкметна для сябе Вольга стала вазіць агульную любіміцу на выставы. Кошка з рэдкім чорна-плямістым акрасам — цяпер тытулаваная прадстаўніца сваёй пароды. Менш месяца таму Магільныя пабывалі ў Брэсце, адкуль вярнуліся з чарговымі ўзнагародамі: на гэты раз двухмесячнае кацяня Купер стала пераможцам у сваёй групе.

20161123_1864

Вольга расказвае пра выставы, клубнае членства і многія іншыя кашачыя тэмы.

— Займець маленькага гадаванца ад племянных бацькоў — адна справа, а ці годны ён звання «блакітных крывей» — зусім іншая. Часовае племянное пасведчанне дзейнічае да дзевяцімесячнага ўзросту, затым даецца шанц атрымаць радаслоўную — толькі на выставе. Эксперты, у тым ліку замежныя спецыялісты, ацэньваюць сфарміраваны касцяк, колер вачэй, адпаведнасць нормам, наяўнасць паталогій, заломы хваста… Інакш кажучы, удзельнічаць у выставе для племянных кошкі ці ката проста неабходна: толькі так можна даведацца, ці падыходзіць гадаванец для племяннога развядзення. Асабіста для нас выставы — гэта магчымасць цудоўна правесці выхадныя з дзецьмі, для якіх там ладзяцца конкурсы і забавы з аніматарамі.

20161123_1818

20161123_1904

20161123_1909

20161123_1924

Пра «сваякоў» сваёй Джэсі Магільныя ведаюць калі не ўсё, то многае. Гавораць, што прадстаўнікі гэтай пароды не толькі  разумныя і прыгожыя — яны вельмі  простыя ў доглядзе. Гэта адны з нямногіх катоў, якія не сумуюць падчас адсутнасці ў доме гаспадароў, не драпаюць мэблю, не псуюць дываны і шпалеры, не любяць надакучлівай ласкі…

Наогул, Вольга і Аляксандр проста перакананы ў тым, што дзеці  абавязкова павінны сябраваць з хатнімі гадаванцамі: апошнія навучаць дабрыні і клапатлівасці, пакажуць, што такое сапраўдная адданасць, дапамогуць стаць адказнымі і зробяць жыццё весялейшым.

На здымках: Ульяна і Вольга Магільныя са сваімі гадаванцамі — кошкай Джэсі і гарэзамі-кацянятамі Куперам і Капрызам.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *