Вторник, 23 января 2018

Радавы Уладзімір Шырма: Служу Айчыне!

389

У ваенкаматах ужо даўно ідзе прызыў навабранцаў на тэрміновую ваенную службу: юнакі праходзяць медыцынскую камісію, рыхтуюць неабходныя рэчы, распытваюць бацькоў і сяброў пра іх вайсковае мінулае.  Яны заменяць на пасту салдат, чый тэрмін службы падышоў да заканчэння. Адзін з іх — выдатнік баявой падрыхтоўкі радыётэхнічнага цэнтра батальёна 1052 асобнага радыётэхнічнага батальёна 8-й радыётэхнічнай брыгады, жыхар аграгарадка Шані, радавы Уладзімір Шырма.

shirma

Радавы Шырма праходзіў службу на пасадзе вадзіцеля-дызеліста рухомай радыёлакацыйнай малавысотнай групы. Уладзімір не па чутках ведае, які на смак вадзіцельскі хлеб. За тэрмін вайсковай службы ён пракалясіў нямала беларускіх дарог і палігонаў, атрымаў катэгорыі В, С і Е,  вопыт у кіраванні  шматтоннай спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікай.

– Асноўны час службы вадзіцелі праводзяць у дарозе, – кажа Уладзімір. – Машына на паўтара года становіцца амаль роднай: абслугоўваеш, мыеш, сочыш за тэхнічным станам – словам, ставішся, як да асабістай. Калі ў дарозе раптам зламаецца, то магу адрамантаваць яе, бо ведаю ўсе яе «слабыя» месцы. Самыя цяжкія для мяне дні былі падчас праходжання  пачатковай ваеннай падрыхтоўкі: даводзілася прыладжвацца да нязвыклай формы, абутку, распарадку дня…

– Я не шкадую пра тое, што паўтара гады правёў у войску. Азіраючыся назад, разумею, што раней да канца не ўяўляў важнасць тэрміновай вайсковай службы, – прызнаецца радавы Уладзімір Шырма. – Тут мяне выхавалі  сапраўдным мужчынам, навучылі жыць па сродках, шанаваць сяброўства і ведаць, што такое падтрымка калектыву. Праведзены тут час паказаў цану сапраўднаму сяброўству…

Успамінаючы сябе дапрызыўнікам, Уладзімір кажа, што не чакаў, што ў арміі будзе так цікава. Шматлікія страхі, якімі палохалі сябры, не спраўдзіліся.

Варта адзначыць, што  камандаванне 8-й радыётэхнічнай брыгады ўзнагародзіла лепшых вайскоўцаў ганаровымі граматамі, адправіла бацькам лепшых салдат, якія звальняюцца ў запас, падзячныя лісты. Так што ім вяртацца дахаты будзе асабліва прыемна.

Уладзімір Шырма не раз быў адзначаны камандаваннем падраздзялення з лепшага боку. Пацверджаннем гэтага з’яўляецца ганаровая грамата, якую вайсковец прывёз дахаты на радасць сваім бацькам і знаёмым.

Аляксей Блудаў, старшы лейтэнант,

в.а. намесніка начальніка радыётэхнічнага цэнтра па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *