Понедельник, 22 января 2018

Каб хацелася працаваць: у Палацы культуры прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна

1 057

Сёлета ў розныя арганізацыі і ўстановы Пружаншчыны прыбылі 207 маладых спецыялістаў — урачоў і настаўнікаў, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі, культработнікаў і фінансістаў… Амаль у паловы з іх — а гэта 96 чалавек — дыпломы вышэйшых навучальных устаноў, астатнія 111 маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю.

20161124_2044_novyj-razmer

Варта адзначыць, што падобныя сустрэчы сталі ўжо добрай традыцыяй, дзякуючы якой маладыя кадры маюць магчымасць атрымаць карысную інфармацыю, скласці лепшае ўяўленне пра рэгіён, у якім пачынаюць сваё прафесійнае станаўленне, і, канешне, пазнаёміцца адзін з адным.

20161124_2024_novyj-razmer

20161124_2022_novyj-razmer

20161124_1984_novyj-razmer

З боку раённых структур віталі маладых спецыялістаў прадстаўнікі шэрагу ўстаноў і службаў на чале са старшынёй райвыканкама М.М.Крэйдзічам. Сярод іх — намеснікі старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, які курыруе сацыяльна-культурныя пытанні, В.М.Зубко, які адказвае за эканамічны сектар, А.Х. Лапыка, якая кіруе аграпрамысловым комплексам; начальнікі аддзелаў райвыканкама: жыллёва-камунальнай гаспадаркі — В.А.Бушук, ідэалогіі, культуры і па справах моладзі — К.І.Панімаш, арганізацыйна-кадравай работы — Н.П.Зеляняк, а таксама іншыя.

Ад імя мясцовай улады моладзь вітаў М.П.Кудравец. У сваім звароце Мікалай Пятровіч падкрэсліў значнасць такіх сустрэч: маладым людзям даюць зразумець, што ім аказваецца падтрымка на самым высокім узроўні, што яны не застануцца адзін на адзін са сваімі праблемамі. «Першае рабочае месца ў многім вызначае далейшае жыццё чалавека. У працоўнай дзейнасці не абыходзіцца без праблем. І ад таго, як вас сустрэнуць, як наладзяць быт, вольны час, у тым ліку залежыць ваш лёс», — зазначыў ён у сваёй прамове.

У пацвярджэнне таго, што на Пружаншчыне сапраўды робяць усё, каб спецыялісту хацелася затрымацца на сваім рабочым месцы і пасля тэрміну адпрацоўкі, М.П.Кудравец расказваў пра жыллёвую і фінансавую палітыку, накіраваную на паляпшэнне ўмоў жыцця. Напрыклад, дэфіцыт кадраў ва ўстановах аховы здароўя раёна ўдалося вырашыць дзякуючы прадастаўленню жылля. Толькі ў горадзе ў 2011-2015 гадах маладым медработнікам былі выдзелены 23 кватэры.

Найбольш распаўсюджаныя пытанні сацыяльна-прававой абароненасці пракаменціравала начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама М.М.Агапава. Увага была спынена на дзяржаўных гарантыях, прадастаўляемых маладым спецыялістам на месцах падчас працаўладкавання, пры выплаце грашовай дапамогі, налічэнні надбавак і даплат, пры ўзнікненні выдаткаў у сувязі з пераездам на іншае месца жыхарства і іншыя. Акрамя таго, прысутныя атрымалі магчымасць пракансультавацца па канкрэтных сітуацыях. У прыватнасці, цікавіліся льготамі на набыццё жылля, прававым рэгуляваннем адносін з работадаўцам пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі, захаваннем рабочага месца пасля дэмабілізацыі.

Цікаўнасць выклікала выступленне спецыяліста аддзела рознічнага бізнэсу ААТ «ААБ Беларусбанк» С.Ф.Стэпусь пра льготнае крэдытаванне, як дапамогу ва  ўладкаванні маладых спецыялістаў на новым месцы жыхарства.

Сустрэча праходзіла ў фармаце дыялога: маладыя спецыялісты не толькі слухалі пажаданні і парады, але і самі задавалі пытанні.

Не без гонару было зазначана, што моладзь Пружаншчыны здольна на дасягненне высокіх вынікаў. Чаго толькі каштуе перамога сям’і Улога з аграгарадка Мокрае ў рэспубліканскім сельскагаспадарчым праекце «Уладар сяла»!

У раёне шмат маладых людзей, якія састаяліся як спецыялісты. Падчас сустрэчы каля паўтара дзясятка чалавек за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце і актыўную грамадзянскую пазіцыю атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Гэта настаўніцы Н.В.Жабрун (СШ №5) і І.С.Яжова (Параслянская СШ), работнікі райспажыўтаварыства К.У.Прытульчык і П.С.Раўнейка, урачы С.М.Цімашчук і А.М. Гаўра, работнікі сельгаспрадпрыемстваў Р.С.Пекач (ААТ «Агра-Калядзічы»), Т.М.Гаўрылава (ААТ «Жураўлінае»), Н.Г.Чайкоўская (ААТ «Ружаны-Агра»), В.Я.Жылінскі  і  А.І.Талай (ААТ «Радзіма»), А.У.Карунас (ААТ «Мурава»), работнікі культуры Х.А. Гайдалёнак (ДШМ), А.В. Казлоўская (ДШМ) і А.М. Мардань (Палац культуры).

На здымках: падчас сустрэчы.

Марына Вакульская

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *