Понедельник, 10 декабря 2018

Аграгарадок Шчарчова: Бізнэс-пляцоўка ў дзеянні

1 163

За мінулыя дзесяць гадоў аграгарадок Шчарчова, калі і не стаў у поўнай меры  паркам  прадпрымальніцкіх праектаў, то ў якасці пляцоўкі новых ініцыятыў  яго можна смела разглядаць. Не верыце? Давайце спытаем.

20161116_1007_novyj-razmer

Як «лячылі» галаўны боль

Як расказвае старшыня Шчарчоўскага сельвыканкама В.М.Ванека, пасля расфарміравання вайсковай часці былы ваенны гарадок апусцеў і… стаў пастаянным галаўным болем мясцовых улад. Як выкарыстаць выдатныя будынкі і дапаможныя збудаванні, цудоўную як па плошчы, так і па інфраструктурным аснашчэнні тэрыторыю? Ды і геаграфічнае становішча населенага пункта  зручнае: літаральна за некалькі сотняў метраў  траса рэспубліканскага значэння.

— Напэўна, менавіта гэта і прыцягнула сюды ініцыятыўных прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі,— сцвярджае Віктар Мікалаевіч.

Хаця ў даным выпадку, мне здаецца, ён дарма замоўчвае  ролю сельвыканкама, дзякуючы якой інфармацыя аб патэнцыяле Шчарчоўскага «плацдарма» даходзіла нават да далёкага Кітая. У якасці прыкладу можна прывесці актыўнае засяленне пустуючых дамоў і ўчасткаў прыезджымі з Падмаскоўя і нават з Казахстана.

Варта сказаць, што не ўсё ўкаранялася паспяхова, былі спробы рэалізаваць тут і няўдалыя (як паказаў час) бізнэс-праекты. Некаторыя прадпрыемствы, атрымаўшы пэўны вопыт вядзення спраў, вырашылі перасяліцца бліжэй да райцэнтра або ўвогуле перабраліся ў Брэст, іншыя вялікія гарады. Аднак, па словах старшыні сельвыканкама, з памяшканняў нават не паспявае «выветрыцца дух» былога ўладальніка, як сюды засяляецца новы — са сваёй вытворчасцю.

Ствараецца іншая сітуацыя: не хапае памяшканняў для таго, каб размясціць усіх жадаючых. Ды і тыя, хто ўжо дзейнічае на Шчарчоўскай «бізнэс-пляцоўцы», маюць планы па ўласным будаўніцтве.

Магніты ініцыятыў

На сённяшні дзень тэрыторыя былога ваеннага гарадка падзелена паміж дзясяткам прыватных прадпрыемстваў. Сярод іх самай буйной з’яўляецца вытворчая база ТАА «Уніформа», якая дае месца працы без малога  сотні  работнікам.

На другое месца сёння можна смела ставіць замежнае прыватнае прадпрыемства ТАА «Белшпондрэў». Два гады таму яно пачынала з невялікага памяшкання, а зараз вырасла да прамысловасці сур’ёзнага ўзроўню, з  далейшымі перспектывамі.

20161116_1050_novyj-razmer

А сёлета адкрыты  цэх па выпуску сокаў у тэтрапаках, якія мяркуецца пастаўляць на расійскі рынак.

Дарэчы, не толькі тэрыторыя былога ваеннага гарадка прыцягвае сюды інвестараў, напэўна, спрыяльны мясцовы клімат і цудоўныя краявіды можна лічыць яшчэ адным магнітам ініцыятыў. Напрыклад, працяглы тэрмін дзейнічае расійскае аграпрамысловае прадпрыемства «Сады Прыбужжа», дзякуючы якому за апошні час істотна змянілася аблічча некалі знікаючай з карты раёна вёскі Казакі.

Многія пытанні прадпрымальнікі вырашаюць толькі з дапамогай мясцовай улады, у тым ліку, і кадравыя. Як зазначае старшыня сельвыканкама, рух насустрач ідзе без усялякіх перашкод, што, магчыма, таксама закладвае трывалую аснову ў дарогу прадпрымальніцкай ініцыятывы ў Шчарчове.

Дэмаграфічная аддача

Выгада стварэння ў Шчарчове новых прадпрыемстваў відавочная. Зразумела, што яны робяць свой уклад у развіццё эканомікі раёна, выводзяць Пружаншчыну на новы брэндавы ўзровень — далёка за межы раёна і нават рэспублікі. А ці атрымлівае якую-небудзь карысць менавіта сам населены пункт і, самае галоўнае, яго жыхары?

— Ствараюцца новыя працоўныя месцы, якіх на сённяшні дзень налічваецца звыш 150,— тлумачыць В.М.Ванека.— Прызнацца, пераважную большасць работнікаў мясцовыя арганізацыі падвозяць з райцэнтра і іншых населеных пунктаў. Але так сталася не з-за таго, што ўладальнікі фірм лічаць больш зручным вазіць людзей, чым рыхтаваць мясцовыя кадры: на месцы складана адшукаць патрэбную колькасць надзейных работнікаў, здольных выконваць працоўныя абавязкі і захоўваць дысцыпліну.

І ўсё ж паралельна вырашаецца і праблема занятасці мясцовага насельніцтва. Разам са старшынёй сельвыканкама мы наведалі нядаўна створанае прадпрыемства па вырабу пластыкавых бутэлек для харчовай прамысловасці «Белаўтаэнерга». Яно адкрылася напачатку лета, заснавальнікамі выступілі жыхары сталіцы, якія вырашылі выпускаць тут даволі  запатрабаваную прадукцыю. І ў штат былі набраны толькі мясцовыя жыхары. Прычым працоўны распарадак складваўся з улікам пажаданняў саміх работнікаў, якім неабходна  адвесці дзяцей у дзіцячы садок або ў школу, уладкаваць хатнюю гаспадарку. Па словах начальніка вытворчага ўчастка Л.І.Крупко, такі падыход  дае людзям дадатковую падставу трымацца за сваё працоўнае месца.

— Пакуль мы толькі пачынаем працаваць, таму сярэдняя заработная плата на ўчастку не перавышае трох мільёнаў рублёў,— расказвае Леанід Ігаравіч падчас своеасаблівай экскурсіі па вытворчых памяшканнях новага прыватнага прадпрыемства.— Але і работа нескладаная.

20161116_1034_novyj-razmer

20161116_1018_novyj-razmer

20161116_1027_novyj-razmer

Уся прадукцыя пастаўляецца на адзін з айчынных заводаў харчовай прамысловасці. Нядаўна адправілі першую партыю — 31 тысячу бутэлек, але гэтая лічба — не мяжа магчымасцей прадпрыемства: заказчык сам вызначыў неабходныя аб’ёмы. Калі ж на такую прадукцыю знойдуцца новыя пакупнікі,  яе  можна выпускаць і больш. Да таго ж, абсталяванне дазваляе аператыўна мяняць ёмістасць вырабляемай пластыкавай тары.

На ўчастку зараз задзейнічаны дзесяць чалавек, прадпрыемства яшчэ толькі абжывае выдзеленую тэрыторыю, хаця робіць гэта дастаткова актыўна. Напрыклад, інтарэс заснавальнікі праявілі да размешчанага побач будынка былой чайнай, робяць тут капітальны рамонт з намерам  прыцягнення дадатковых плошчаў у вытворчы працэс.

— Другі «плюс» новых вытворчасцей — стабілізуецца дэмаграфічная сітуацыя, — лічыць  старшыня сельвыканкама. — У Шчарчова едуць людзі, у тым ліку,  сем‘і  і моладзь. Вырашаецца праблема з пустуючымі дамамі і кватэрамі.

Словам, вёска ажывае. І  не толькі само Шчарчова, але і шэраг іншых навакольных населеных пунктаў: напрыклад, прадпрыемства «Сады Прыбужжа» ў бягучым годзе заклала падмуркі пяці новых домікаў у в.Казакі. Падобныя планы выказваюць і фермерскія гаспадаркі, якія працуюць на землях сельсавета.

Дадатковай выгадай, без усялякіх сумненняў, варта лічыць абуджэнне ад «спячкі» мясцовага насельніцтва. Бачачы станоўчыя вынікі ініцыятывы і магчымасць атрымаць ад гэтага прыбытак, вяскоўцы таксама пацягнуліся да прадпрымальніцкага хлеба. Фермерская гаспадарка каля в.Вялікі Зосін створана мясцовым жыхаром М.П.Дзейка, які вырашыў заняцца вырошчваннем маліны і ў бягучым сезоне атрымаў неблагі ўраджай — да 25 тон смачнай ягады.

Безумоўна, хацелася б, каб добрыя змены ў Шчарчове адбываліся значна хутчэй і ў большых маштабах. Толькі ж па законах эканомікі так не бывае, хаця перспектыўныя прагнозы ўжо ў наяўнасці.

Алег Сідарэнка

 

2 комментариев

  • Гарбуз

    Если бы не Юркевич — растянули бы Шчерчёво, как Куплино и Ружаны!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *