Суббота, 26 мая 2018

Хто ў адказе за парадак на лесвічных пляцоўках?

593

Размаляваныя, падрапаныя сцены, адпаўшая тынкоўка, вышчарбленыя прыступкі — у пад’ездах жылых шматпавярховых дамоў такой карцінай, бадай, нікога не здзівіш. Прывесці ў прывабны стан адразу ўсе лесвічныя пляцоўкі камунальныя службы не ў стане. Але на іншых спадзявайся, але і сам старайся. Менавіта гэтай народнай мудрасцю і кіраваліся жыхары аднаго з пад’ездаў дома №4 па вуліцы Савецкай у горадзе, якія ўсе работы зрабілі ўласнымі сіламі.

20161117_1097

У рэдакцыю патэлефанавала жанчына і запрасіла паглядзець на рамонт, зроблены на лесвічных пляцоўках. Жанчына зазначыла, што гэтыя «агледзіны» — не дзеля таго, каб журналісты ацанілі старанні жыльцоў пад’езда №2: важна, каб іх прыклад стаў  штуршком да дзеянняў  іншых.

— Мы не раз звярталіся ў камунальную службу з просьбай, каб у нашым пад’ездзе зрабілі рамонт, — расказвае А.І.Крупчук. — Спачатку нам проста паабяцалі, што, як толькі з’явіцца магчымасць, заяўку задаволяць. Пазней прапанавалі падрыхтаваць матэрыялы,  маўляў, прышлюць брыгаду аддзелачнікаў. А праз некаторы час растлумачылі, што спраў у камунальшчыкаў хоць адбаўляй, таму лепш будзе, калі мы зоймемся гэтым пытаннем самі.  Дзеля справядлівасці варта згадаць, што старыя, «дзіравыя» вокны ў пад’ездзе камунальшчыкі летась нам памянялі.

Рабіць рамонт у пад’ездзе сваімі сіламі нікога доўга ўгаворваць не давялося (тым больш, што жыльцы пятага паверха ўжо яго зрабілі).  Але энтузіястаў ускласці асноўныя клопаты на свае плечы знайшлося нямнога: арганізацыйнымі пытаннямі занялася Алена Іванаўна Крупчук, Любоў Васільеўна Васільева стала бухгалтарам гэтага міні-кааператыва, а непасрэдна ўвасаблялі задуманае Яўген Міхайлавіч Зялевіч і Рыгор Антонавіч Крупчук.

Праз некаторы час пад’езд ужо радаваў жыхароў утульнасцю і прыгажосцю. На столі абнавілі пабелку, сцены набылі прыемны светла-зялёны колер, на лесвічных пляцоўках з’явіўся лінолеум, а ў тамбуры на першым паверсе — плітка. Упершыню за шмат гадоў нават прыступкі былі пафарбаваны. Падрамантавалі і паштовыя скрыні на сцяне, заказалі ў «Камунальніку» новыя драўляныя парэнчы, апрацавалі іх і пакрылі лакам. Акрамя таго, мужчыны навялі парадак і перад пад’ездам: залілі бетонную адмостку, перад уваходам устанавілі рашотку для ачысткі абутку, зрабілі стэнд для  аб’яў і рэкламы, абнавілі фарбу на дзвярах як у пад’езд, так і ў падвал. Цяпер жыхары мараць павесіць яшчэ карціны на сценах, каб было быццам у мастацкім музеі, а пакуль упрыгожваюць лесвіцы і падаконнікі вазонамі з кветкамі.

20161117_1091 20161117_1088

— Чаго сядзець і чакаць? Калі нехта прыдзе і навядзе парадак? — разважае падчас нашай экскурсіі па пад’ездзе Алена Іванаўна. — Жыллё ва ўсіх прыватызаванае, значыць, і агульная плошча, якой мы карыстаемся, наша. Таму трэба весці сябе па-гаспадарску, а не спадзявацца на некага. Тым больш, што ўрэшцэ рэшт цана пытання аказалася не такой ужо і высокай — каля 60-68 новых рублёў. Затое цяпер пераступаеш парог пад’езда — і душа радуецца!

Жыльцы другога пад’езда дома №4 па вуліцы Савецкай — пераважна пенсіянеры. Грошы і матэрыялы на рамонт збіралі паступова, на працягу паўгода. Гавораць, дзякуючы ўласным намаганням нават з’эканомілі: паводле каштарыса, зробленага камунальнай службай, рамонтныя паслугі  абышліся б на парадак даражэй. Цяпер сюды, быццам на экскурсію, прыходзяць з суседніх пад’ездаў, з іншых дамоў — магчыма, наглядзеўшыся, і яны возьмуцца за ўладкаванне сваіх плошчаў агульнага карыстання.

Але камунальшчыкі са шкадаваннем зазначаюць: жыльцоў, якія лічаць уласнай тэрыторыю па іншы бок дзвярэй сваёй кватэры, у шматпавярхоўках вельмі мала.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *