Понедельник, 24 сентября 2018

Прафесіяналы: кіроўца з трыццацігадовым стажам

593

Пасажырскі аўтобус не прызначаны для вялікіх хуткасцей, як і не будзе ён удзельнічаць у раллі па бездарожжы. У гэтага віду транспарту адзіная задача — бездакорна і ў дакладна вызначаны час даставіць сваіх пасажыраў у патрэбны пункт. Менавіта гэтым на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў займаецца вадзіцель рэйсавага аўтобуса аўтапарка №11 А.А.Носель. Прычым спраўляецца са сваімі абавязкамі Анатоль Аляксандравіч настолькі віртуозна, што заслужана лічыцца сярод калег і ў кіраўніцтва прадпрыемства прафесіяналам сваёй справы. 

20161025_9909

— Першым аўтобусам, за руль якога я сеў, калі прыйшоў у  аўтапарк, стаў ЛіАЗ,— успамінае вопытны вадзіцель.— У народзе яго яшчэ называлі «чарапахай», бо верхняя мяжа спідометра гэтага аўтобуса — 70 кіламетраў у гадзіну, але рэальна разагнацца машына магла максімальна да 60-ці.

Мы ж называлі яго паміж сабой больш крыўднымі словамі за тое, што распрацоўшчыкі памясцілі рухавік ЛіАЗа непасрэдна ў вадзіцельскую кабіну. Уявіце сабе, як мы адчувалі  сябе  пасля змены з-за пастаяннага гулу.

— З сучасным МАЗам нельга і параўноўваць?

— Ну, вядома, гэта і пасажыры адзначаюць. Нашы айчынныя машынабудаўнікі малайцы, што клапоцяцца не толькі пра тых, хто карыстаецца грамадскім транспартам, але і пра  вадзіцеляў. Нягле-дзячы на тое, што мы ездзім па звыклых маршрутах, дзе літаральна кожны паварот або скрыжаванне добра вядомы, усё роўна назапашваецца стомленасць падчас змены, а значыць, павялічваецца рызыка ў нечым памыліцца. Таму шафёру патрэбны камфорт не менш, чым яго пасажырам.

Ёсць і іншыя перавагі сучаснага аўтобуса, якія зараз маладыя стажоры ўспрымаюць як належнае. Напрыклад, сістэмы, што шэраг аперацый выконваюць аўтаматычна, пазбаўляючы кіроўцу дадатковай нагрузкі.

— Анатоль Аляксандравіч, памятаеце свой першы маршрут?

— Так, у якасці стажора пад кіраўніцтвам вопытнага вадзіцеля Васіля Макарэвіча я адправіўся ў Белы Лясок…

Да вадзіцеля грамадскага транспарту прад’яўляецца шмат  патрабаванняў, таму  для кандыдатаў на гэтую пасаду  ўстанаўліваецца выпрабавальны тэрмін. Правяраецца, наколькі ён акуратны, асцярожны, адказна ставіцца да выканання правілаў дарожнага руху і многае іншае. І толькі па выніках паказаных уменняў і атрыманых навыкаў вадзіцель можа быць выпушчаны ў самастойнае «плаванне».

— Ці захавалася зараз на прадпрыемстве правіла стажыроўкі?

— Зараз яно, на маю думку, набыло, яшчэ большую актуальнасць. Моладзь прывыкла да мадэрнізаваных аўтамабіляў, якія, напрыклад,  могуць набраць значную хуткасць за кароткі тэрмін, маюць вялікую манеўранасць нават на невялікай пляцоўцы. Усё гэта немагчыма выканаць вадзіцелю аўтобуса: сучасная тэхніка  значна даўжэйшая і больш цяжкая, чым тая, што вазіла людзей у мінулым стагоддзі. Гэта неабходна разумець, умець кіраваць такім гігантам і, калі трэба, вучыцца і набірацца вопыту пад кіраўніцтвам умелага настаўніка. Магу ганарыцца, што за час сваёй работы і я «выхаваў» не менш чатырох прафесійных вадзіцеляў. Мае вучні сёння разам са мной выязджаюць на маршруты.

— Як  Вы адзначылі, практычна ўвесь час, дзень за днём, з году ў год вадзіцель грамадскага транспарту ездзіць «па каляіне». Ці можа такая работа падабацца?

— Прываблівае тое, што ты бачыш сваю неабходнасць людзям: напрыклад, ранкам сотні пасажыраў дастаўляеш да месца працы. Зрабіць гэта неабходна так, каб з пачатку дня не сапсаваць ім настрой. А потым бачыш, як яны спяшаюцца дабрацца дадому і таксама імкнешся дапамагчы ім у гэтым. Ды і самі рэйсы, нават па аднолькавым маршруце, непадобныя адзін на другі, здараецца мноства  гісторый, нават кур’ёзных.

 Адной фразай

Галоўнае ў чалавеку — уменне заставацца спакойным у любой сітуацыі.

Галоўнае ў сям’і — вырашаць усе справы разам.

Галоўнае ў рабоце — стабільнасць, адсутнасць змен, тым больш, непрыемных.

Галоўнае ў жыцці — пабачыць працяг свайго роду ва ўнуках.

Галоўны прынцып — жыць у згодзе з людзьмі.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *