Суббота, 22 сентября 2018

Рыцар або кашалёк: у Пружанах прайшоў другі этап рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

692

У канцы мінулага тыдня ў Пружанах сабраліся самыя ўмелыя і працавітыя школьнікі раёна: тут 11-12 лістапада на базе гімназіі і СШ № 1 праходзіў другі – раённы – этап рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

20161111_0841

У сапраўдны горад майстроў ператварыліся майстэрні гімназіі, якая грунтоўна падрыхтаваліся да прыёму ўдзельнікаў. Свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі дэманстравалі 11 хлопчыкаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў на школьным этапе.

Узброіўшыся лобзікамі і малаткамі, рубанкамі і свярдзёлкамі,  юнакі майстравалі сувенірных сярэднявечных рыцараў з дрэва і металу.  (Пакуль хлопчыкі, не падымаючы галавы ад станкоў, «ваявалі» з рыцарамі, дзяўчынкі праходзілі трохгадзіннае тэсціраванне, адказваючы на 25 складаных пытанняў).

Для выканання практычнага задання адводзілася на адну гадзіну больш. Нягледзячы на  ўяўную прастату задачы, аб’ём работ быў салідным: кожную дэталь тулава трэба было выпілаваць з хваёвай дошкі па зададзеных памерах. Перад зборкай адшліфаваць, закругляючы грані. Асобна з ліставой сталі вырабіць металічныя даспехі, прасвідраваць адтуліны — і тады ўжо сабраць,  не забываючы і пра якасць, і пра правілы тэхнікі бяспекі.

20161111_0832

20161111_0833

20161111_0835

20161111_0846

Таксама патрабавалася скласці тэхналагічную карту на адну з дэталяў з падрабязным паэтапным апісаннем працэсу.

– Раней на падобных спаборніцтвах хлопцы дзяліліся на дзве групы: 8-9 і 10-11 класы, а цяпер усё спаборнічаюць разам. Малодшым са старэйшымі цягацца, вядома ж, цяжкавата, тым больш, што яны яшчэ чарчэнне як асобны прадмет не вывучаюць – растлумачыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.В. Шчука.

– Пры падрыхтоўцы да алімпіяды мы з хлопцамі вывучаем некаторыя асновы чарчэння на ўроках працы. Але быў выпадак, калі васьмікласнік, убачыўшы чарцёж, разгубіўся і не змог нават прыступіць да задання, – пацвярджае яе словы настаўнік працы СШ № 5,  ён жа старшыня журы М.М.Сямак.

Аднак вынікі алімпіяды пасля сумавання балаў, атрыманых на тэарэтычным і практычным заданнях, паказалі, што некаторыя нашы васьмікласнікі  па майстравітасці могуць даць фору старшакласнікам. Абсалютную перамогу з адрывам у 11,5 бала атрымаў вучань 8 «А» класа Ружанскай СШ Максім Глушко. Заўважу, што ружанскія школьнікі перамагаюць у раённых спаборніцтвах ужо дзясяты год запар, і не малая заслуга ў гэтым іх педагога — Ігара Мікалаевіча Солавава. Яго выхаванцы тройчы выходзілі на рэспубліканскі ўзровень, а ў  2009 годзе нават былі ўзнагароджаны на рэспубліцы дыпломам III ступені.

Другое месца заслужыў гімназіст Максім Астапюк з 9 класа, на трэцім месцы апынуўся яго аднагодак з Шарашоўскай СШ Дзмітрый Бондар, які, дарэчы, хутчэй за ўсіх справіўся з практычным заданнем. Ён жа першым падзяліўся сваімі ўражаннямі: «Заданне было няцяжкае. Самым складаным быў пачатковы этап, калі атрымалі схему, і трэба было ў галаве ўжо прадставіць вынік».

20161112_0813

20161112_0821

 Не вельмі складаным падалося практычнае заданне і дзяўчынкам, якія  працавалі ў швейным класе СШ №1 над вырабам дэкаратыўных кашалькоў. За гэты час трэба было паспець раскроіць мадэль,  пашыць найбольш рацыянальным спосабам, упрыгожыць вышыўкай і вязаннем… Кожная  юная майстрыха — а іх было ажно 21 — прадэманстравала свой густ і ўменні.

Высокае майстэрства ў швейнай справе і ажурным вязанні паказала вучаніца СШ № 5  Аліна Субота. Сваё бясспрэчнае лідарства яна ўтрымала і пасля тэарэтычнага этапу (а ён у гэтым годзе, па заўвазе старшыні журы – педагога СШ №3 Г.Д.Зуй, быў вельмі складаным). Другое месца падзялілі паміж сабой вучаніца СШ №1 Ганна Наліўка і Карына Дзяхцярык з Ружанскай СШ. Дыплом III ступені атрымала гімназістка Анастасія Богдан.

Неўзабаве пераможцы раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні будуць абараняць гонар нашага раёна на абласных, а калі фартуна да іх будзе добразычлівай, то і на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія ў гэтым годзе пройдуць у г. Кобрыне. Пажадаем «залатым рукам» Пружаншчыны поспехаў!

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *