Воскресенье, 21 января 2018

П.М.Білецкі: «Работа дае стымул жыць»

524

Скажу адразу: раней цесна кантактаваць па рабоце з дырэктарам ААТ “Мурава” мне не даводзілася. Так, зрэдку, і то неяк павярхоўна. Хаця інтэлігентнасць гэтага чалавека, яго непадробная тактоўнасць кідаліся ў вочы адразу – гэтага не схаваеш. Але, што найбольш прыцягвала маю журналісцкую цікаўнасць, — прадчуванне таго, што Пётр Мікалаевіч Білецкі не толькі вопытны кіраўнік, гэта – асоба адметная і значная ў сферы сельскай гаспадаркі раёна.

20161115_0917

Таму, калі прадаставілася магчымасць напрасіцца на інтэрв’ю, тут жа гэтым скарысталася.  Праўда, калі выпадкова сустрэлася з ім у калідоры райвыканкама і паімкнулася ўдакладніць дату і час сустрэчы, Пётр Мікалаевіч ветліва адмахнуўся: “Не да інтэрв’ю зараз, еду ў Бярозу з нагоды рамонту тэхнікі”. Прызнаюся, такі адказ мяне некалькі здзівіў: “А што, акрамя дырэктара ў сельгаставарыстве больш няма каму гэтым заняцца?”. На што той адказаў пытаннем:

—А хто дамовіцца лепш за кіраўніка?

Не менш здзівілася і падчас другой спробы сустрэцца.  Як аказалася, Пётр Мікалаевіч быў на выдачы збожжа… І зноў жа, неяк так па-свойску  патлумачыў: “Гэта той выпадак, калі ўбачыш і пачуеш большасць  людзей, а разам з тым, каб дапамагчы, і даведаешся пра іх патрэбы”.

Таму, калі нарэшце сустрэча адбылася, я спытала прама:

— Сталыя людзі кажуць, што калі чалавек добры іншым, ён дрэнны сваім, маючы на ўвазе дамачадцаў. Але ж не буду ўтойваць, я ведаю, што Вы  і сем’янін добры. Пётр Мікалаевіч, як Вам удаецца спалучаць работу і сям’ю?

— Проста, у мяне жонка разумная, — усміхаецца ён, — не ўмешваецца ў вытворчыя пытанні і мяне разумее. Хаця і я ніколі не даваў ёй зачэпак для спрэчак і рэўнасці. Заўсёды, калі, напрыклад,  даводзіцца затрымлівацца па рабоце, папярэджваю загадзя.

— Даводзілася чуць такое меркаванне, што кіраўнік – гэта твар арганізацыі, якую ён узначальвае. І, мяркуючы па заўсёды бездакорным  Вашым, Пётр Мікалаевіч, выглядзе, гэта так. Тым больш прыемна, што дагледжанасць і парадак на  сельгаспрадпрыемстве, якім Вы кіруеце, заўважаюць і самыя высокапастаўленыя госці…

— Гэта адзначыў нават кіраўнік нашай дзяржавы. На зямлі патрэбна, каб быў гаспадар. А ў нас, сапраўды, усё як след наладжана, усё пабудавана і працуе. Мяркуйце самі: доля ўкладанняў дзяржавы ў нашу гаспадарку толькі сем працэнтаў. У свой час усё будавалі за кошт уласных сродкаў. Я ўзначаліў калгас імя Калініна ў лістападзе 1987 года і добра памятаю, як ужо ў наступным годзе ў Мураве быў узведзены дзіцячы садок і цэнтральная кацельня, а яшчэ праз год былі пабудаваны адразу дзесяць двухкватэрных дамоў. Менавіта за калгасныя сродкі з часам узвялі свой медпункт, пошту, ашчадную касу, аддзяленне Дома быту… Праўда, усе будынкі пасля давялося  бязвыплатна перадаць іншым арганізацыям.

— Але ж, наколькі ведаю, пачыналі Вы сваю кіраўнічую дзейнасць менавіта з будаўніцтва дарог?

— Гэта была неабходнасць. Таму адразу з’явілася гравійная дарога ад Муравы да Грынявіч. Пасля як след упарадкавалі дарогу да Муравы ад самой шашы, што на Белы Лясок, бо дагэтуль людзі наогул дабіраліся ў аб’езд. Зусім новую дарогу пабудавалі з Навасёлак у Бакуны. Таксама былі скарэктаваны і пабудаваны дарогі ў палях севазвароту, усяго – працягласцю каля пяцідзесяці кіламетраў.

— 114 жылых дамоў, у якіх жывуць спецыялісты і работнікі ААТ “Мурава”,  пабудаваны менавіта падчас Вашага кіраўніцтва гаспадаркай. Клопат аб работніках – гэта адзін са складнікаў поспеху дырэктара Білецкага?

— Будаўніцтва жылля на сяле – гэта, наогул, першачарговая задача, якая стаяла і стаіць перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. Будзе жыллё – будуць і працоўныя рукі. Таму я заўсёды аднолькава адказна ставіўся як да вырашэння жыллёвага пытання, так і да ўзвядзення жывёлагадоўчых памяшканняў. Цяпер нават цяжка параўнаць вытворчую базу, якую прыняў амаль трыццаць гадоў таму, з сённяшняй. Аднак пачынаў менавіта з будаўніцтва і рэканструкцый як жылля для сваіх работнікаў, так і сельгаспамяшканняў.

— І ўсё ж, давайце па-раўнаем…

— У 1987 годзе ў гаспадарцы налічвалася 2900 галоў буйной рагатай жывёлы, з якой 920 – быў дойны статак. Зараз гэтыя лічбы складаюць адпаведна 4300 і 1600 галоў БРЖ. З улікам энерганасычанай тэхнікі, якой забяспечана наша адкрытае акцыянернае таварыства, машынна-трактарны парк параўноўваць сапраўды не варта.

— А калі згадаць паказчыкі?

— Паказчыкі можна мець і вышэйшыя. Па вялікім рахунку, яны павялічваюцца і памяншаюцца… А вось калектыў застаецца. І ад упэўненасці ў заўтрашнім дні будзе залежаць вынік яго работы. Стабільнасць: фінансавая і кадравая – вось што павінна быць у прыярытэце. Мы, як і ўсе грамадзяне нашай краіны, перажылі не адзін эканамічны спад. Аднак нават у самыя цяжкія часы заўсёды знаходзілі магчымасць разлічыцца са сваімі работнікамі грашыма. Я заўсёды ведаў, што павінен быць запас трываласці…

— Пётр Мікалаевіч, а ў чым ён заключаўся для Вас, як кіраўніка?

— У запасе збожжа. А гэта – малако і мяса, своеасаблівая валюта для гаспадаркі. Нават калі быў дэфіцыт паліва, у нас яно было, і ўся тэхніка працавала спраўна. Нездарма гаспадарку называлі “дзяржавай у дзяржаве”. Хаця грошы ў нас таксама заўсёды былі ў запасе. Лягчэй з’эканоміць, чым пасля знайсці страчанае. А, увогуле, трэба заўсёды працаваць на перспектыву.

— Менавіта таму ў адзін з такіх цяжкіх гадоў у Мураву адным махам  прыйшло ажно пятнаццаць трактароў? Што гэта за гісторыя?

— То быў няпросты савецкі перыяд, калі ўсім кіраваў дзяржплан. І грошы былі (у нас, напрыклад, ажно шэсць мільёнаў свабодных рублёў), а што-небудзь купіць для гаспадаркі было немагчыма. Мне тады ўдалося дамовіцца з дырэктарам тагачаснага трактарнага завода на пакупку тэхнікі. Але была адна ўмова: вывезці трактары з Адэсы. Вядома ж, я пагадзіўся на гэта. А неўзабаве беларускія трактары, якія накіроўваліся ў Тайланд, менавіта  ў гэтым горадзе былі забракаваны… Менавіта так гучала афіцыйная версія. А мы ж, вядома, не ўпусцілі шанец, каб гэтым не скарыстацца.

— А між іншым, Пётр Мікалаевіч, пра ААТ “Мурава” і зараз кажуць, што там — камунізм…

— Магчыма, таму, што карыстацца многімі паслугамі вяскоўцы могуць па расцэнках ніжэйшых, чым у іншых гаспадарках. Пра жыллё мы ўжо казалі: у нас забяспечаны ім усе жадаючыя. Наогул ужо больш за дзесяць гадоў працаўнікам, якія заняты на палявых работах, выдаецца бясплатнае двухразовае гарачае харчаванне. І ўсім без выключэння працуючым выдаецца збожжа, такое неабходнае для вядзення асабістых гаспадарак.

20161115_0903

— А можа прычынай таму і адносіны дырэктара да людзей, клопат пра іх?

— Кіраўнік павінен быць з людзьмі, інакш проста не атрымаецца нармальнай работы. А калі будзе так, то будуць і добрыя ўмовы працы, і дастойны заробак. А яшчэ – патрэбна вучыць на асабістым прыкладзе, прымушаць вінаватых працаваць над сабой і думаць пра кожнага работніка, нават п’яніцу. Бо звольніць яго заўсёды можна, але ж ён нікуды не дзенецца з нашай мясцовасці, а пакутаваць будзе сям’я.

— І ўсё ж: што Вы не можаце дараваць сваім падначаленым?

— Крадзяжу і п’янства. Калі чалавек усвядомлена ідзе на гэта і спадзяецца, што ўсё яму сыдзе з рук.

— Пётр Мікалаевіч, сёлетні год знамянальны для Вас удвайне: гэта 45-годдзе Вашай работы ў сельскай гаспадарцы, з якіх сорак гадоў прысвечана  Пружанскаму раёну. А Вы, як раней, поўны энергіі і новых задумак. Адкуль бяруцца сілы?

— Я жыву сваёй работай, гэта — лад жыцця. Бачу, што гэтак жа ставяцца да сваіх абавязкаў і мае спецыялісты, уклад якіх у агульную справу вельмі шаную. Яны, як кіраўнікі асобных галін сельскай гаспадаркі, адказныя за свае накірункі ў рабоце. Сярэдні ўзрост работнікаў нашага калектыву 41 год. Гэта не толькі працаздольныя, але ініцыятыўныя і нават творчыя людзі, з якімі даводзіцца не толькі разам працаваць, але і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. А гэта аб’ядноўвае яшчэ больш і дае стымул не толькі плённа працаваць, але і, наогул, жыць.

Гутарыла Галіна Каляда.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *