Суббота, 20 апреля 2024

Аборт: пазіцыя ўрача, меркаванне Царквы і думкі з вуліцы

2 277

Месяц таму ў Беларусі праходзіў «Тыдзень без абортаў». У гэты перыяд урачы ўгаворвалі жанчын не перарываць цяжарнасць ці наогул адмаўляліся рабіць аборты. У той жа час у суседняй  Польшчы на вуліцы з пратэстамі выйшлі тысячы жанчын: сейм прыняў рашэнне аб поўнай забароне абортаў. Пазней, пад націскам грамадскасці, яно было адменена, але рэзананс дайшоў і да нас.

x_kcvdadj98

Ці варта забараняць аборты? Ці маюць права ўрачы ўплываць на выбар жанчыны? Мы пагаварылі пра гэта з загадчыцай жаночай кансультацыі Пружанскай ЦРБ урачом акушэрам-гінеколагам А.Д. Пачынчык.

pochinchik2

– Я лічу, што зусім забараніць аборты нельга, — кажа Алена Дзмітрыеўна. —Па-першае, у выніку  павялічыцца колькасць крымінальных абортаў. Гэта наша грамадства ўжо праходзіла. А наступствы аборта, зробленага непрафесіяналам у  невядома якіх умовах, становяцца прычынай страшных ускладненняў. Мы сутыкаліся з выпадкамі, калі даводзілася ратаваць жыцці жанчын.

– Як Вы асабіста ўспрымаеце аборт – як медыцынскую маніпуляцыю?

– Я – урач і абавязана абараняць жыццё: як дзіцяці, так і мамы. Мая прафесійная ўстаноўка – адгаварыць жанчыну ад аборту, калі дзіця развіваецца гарманічна і цяжарнасць не пагражае яе здароўю. Бо аборт па наступствах для жанчыны – самая траўмуючая аперацыя. І не толькі з-за  рызыкі перфарацыі тканак. Фізіялагічна пры цяжарнасці арганізм настройваецца на тое, каб вынасіць дзіця. Калі ж адбываецца яе перапыненне, пачынаецца гарманальны збой, які можа закончыцца запаленчымі працэсамі,  пагрозамі выкідыша і цяжкасцямі выношвання дзіцяці  ў будучым. У цэлым гэта псіхалагічная траўма для жанчыны.

Але не меншая траўма – страціць дзіця на познім тэрміне цяжарнасці  з-за ўскладненняў яго развіцця. Мы павінны ўлічваць усе аспекты і папярэдзіць жанчыну пра магчымыя наступствы. Апошняе рашэнне прымаць ёй.

– Многіх удаецца адгаварыць ад аборту? І якімі аргументамі?

– Пераканаць жанчын можна! У нас зараз існуе абавязковае перадабортнае псіхалагічнае кансультаванне, падчас якога гінеколаг і псіхатэрапеўт расказваюць жанчыне  пра негатыўныя наступствы аборту, пра плюсы мацярынства.  Даем час на прыняцце рашэння.  Які вынік? За тры кварталы года было прынята  358 родаў і зроблена 20 абортаў. Дзевяць жанчын пасля гутарак вырашылі захаваць цяжарнасць. Зараз яшчэ 10 — у роздуме і рыхтуюцца даць канчатковы адказ. Адну жанчыну асабіста я змагла ўгаварыць не рабіць аборт і цяпер з радасцю чакаю гэтае дзіця.

– Ёсць жанчыны, якія пазбаўляюцца дзіцяці, кіруючыся не медыцынскімі паказаннямі, а нежаданнем мець, груба кажучы, дадатковы клопат. Маўляў, права на гэта маю — і ўсё тут.

– Сапраўды, на жаль, ёсць жанчыны, для якіх аборт наогул не праблема. Яны не засцерагаюцца супраць непажаданай цяжарнасці, вядуць беспарадкавае палавое жыццё, а потым робяць аборты. Для ўрача — трагедыя, для будучай мамы — не.

– Як быць? У чым Вы бачыце рашэнне гэтай праблемы?

– У выхаванні. Але жаночая кансультацыя праблему не вырашыць. Маральныя і духоўныя якасці закладваюцца з маленства. Будучыя мамы жывуць у грамадстве, а не ў жаночай кансультацыі, куды яны прыходзяць, у лепшым выпадку, раз у год. Ды і пазіцыя будучых татаў, тут немалаважная. Яны таксама павінны ўмець браць на сябе адказнасць за планаванне сям‘і, дзяцей.

239922

Пра стаўленне да «права на аборт» мы запыталіся ў прадстаўнікоў вядучых хрысціянскіх канфесій у раёне. Усе яны аказаліся аднадушнымі. 

ierej-georgij-arabej-kliryk-svyata-alyaksandra-ne%d1%9eskaga-sabora

Іерэй Георгій Арабей, клірык Свята-Аляксандра-Неўскага сабора:

– На працягу ўсёй гісторыі існавання чалавецтва Царква сведчыла, што жыццё чалавека – гэта дар Божы, і пачынаецца яно з моманту зачацця.  Жанчына, якая адважваецца забіць сваё дзіця, медык, які выконвае гэтую працэдуру, мужчына, які дае згоду, а то і падштурхоўвае да аборту, – усе яны замахваюцца на жыццё.  Тая, хто ідзе на гэты крок, павінна разумець, што на крыві свайго немаўляці яна шчасця не пабудуе.

ksyondz-yacek-dubicki-nastayacel-svyata-troickaga-kascyola-%d1%9e-g.p.-sharashova

Ксёндз Яцэк Дубіцкі, настаяцель Свята-Траецкага касцёла ў г.п. Шарашова:

– Пытанне: «Ці мае жанчына права на аборт?» — гучыць сапраўды гэтак жа, як: “Ці мае жанчына права на забойства?”. Без суда, без згоды, без адваката забіваюць самага неабароненага чалавека, апраўдваючыся тым, што дзіця – гэта частка цела мамы, якой і вырашаць. Але дзіця – гэта асобнае паўнавартаснае жыццё. Часам можна пачуць на карысць абортаў аргумент: а што, калі  дзіця – з праблемамі развіцця? У такім выпадку варта нагадаць, што знішчаць хворых людзей заклікаў Гітлер, называючы іх «нелюдзямі». Часам  апялююць да дрэннага здароўя жанчыны, але ўспомніце пра бацьку-алкаголіка і хворую маці вялікага Бетховена.

valeryj-axrymuk-svyatar-carkvy-evangelskix-xrysciyan-baptysta%d1%9e-2

Валерый Ахрымук, святар царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў:

– У Бібліі няма слова «аборт», аднак у ёй ёсць мноства сцвярджэнняў, якія робяць зразумелай пазіцыю Бога.  Зыходзячы з яе, Гасподзь ведае нас яшчэ да моманту нашага фарміравання ў матчыным улонні… Вельмі шкада, што людзі не разумеюць, што ў вачах Бога аборт не «анулюе цяжарнасць», а робіць жанчыну мамай мёртвага дзіцяці.

Тым не менш, святары таксама сыходзяцца ў тым, што права на прыняцце  рашэння застаецца за жанчынай. У складанай жыццёвай сітуацыі хрысціянская царква гатова дапамагчы.

80807_900

Пытанні наконт стаўлення да абортаў журналіст «раёнкі» задавала не толькі жанчынам, але і мужчынам. Магчыма, гэтае апытанне здасца некаму «аднабокім», але амаль усе рэспандэнты падтрымлівалі пазіцыю: аборт — гэта забойства.  Вось так нам  пашанцавала з суразмоўцамі.

iryna-buduchaya-mama

Ірына, будучая мама:

– Я лічу, што з моманту зачацця ва мне жыве паўнавартасная асоба і пазбаўляць яе жыцця толькі з-за таго, што ён ці яна ў дадзены момант перашкодзіць маім планам, я не маю ніякага права. Але, калі ёсць прамыя медыцынскія паказанні, і пытанне стаіць: жыццё або смерць, — як бы цяжка ні было, думаю, жанчыне варта прыслухацца да меркавання ўрачоў.

aksana-g.-brest

Аксана:

– Аборт?! Закон кажа, што да 12 тыдняў гэта яшчэ не забойства, але адзін дзень пасля  — і ўжо яго нельга рабіць. Моцна дзіця памянялася за гэты дзень? Ні ў адной дэкларацыі правоў чалавека, ні ў адной канстытуцыі не прапісана права на аборт. Я лічу, што мамы, на тое яны і мамы, павінны быць гатовыя нарадзіць нават хворае дзіця.  Толькі Бог можа вырашаць, колькі жыць чалавеку.

yuliya-goven-nasta%d1%9enik-anglijskaj-movy-%d1%9e-ssh-5

Юлія Говен, настаўніца англійскай мовы СШ №5:

– Калі ўжо жанчыне лёсам падаравана дзіцятка, то яго трэба захоўваць любымі спосабамі. Усё роўна колькі яму адмерана жыць, але маме трэба аддаць яму ўсю сваю любоў. А колькі цудаў маміна любоў можа стварыць?!

 Андрэй, 25 гадоў (фатаграфавацца адмовіўся):

– Жанчына сама здольна вырашаць, рабіць ёй аборт ці не. У жыцці бываюць розныя сітуацыі, і мы не маем ніякага маральнага права яе асуджаць.

syargej-i-iryna-g.-brest

Сяргей і Ірына, жывуць у Брэсце:

– Мы лічым, што жанчына мае права на аборт ў  адзіным выпадку: па медыцынскіх паказаннях. Калі на пэўнай стадыі развіцця плода выяўляецца паталогія,  то жанчыне варта прыслухацца да рэкамендацый урачоў. У іншых выпадках яна проста абавязана захаваць дзіцяці жыццё. Наогул, усё залежыць ад маральных якасцей жанчыны. Ёсць такія, якія не адчуваюць нават ніякіх дакораў сумлення, забіўшы свайго малога. Вось яны часцей за іншых і заяўляюць: «Маю права».

dzyanis-z-zhonkaj-natallyaj

Дзяніс і Наталля, шматдзетныя бацькі, родам з Пружан,  жывуць у г.Барысаве:

– Трэба несці адказнасць за ўсе свае ўчынкі. Вельмі шкада, што некаторыя вядуць бязладнае палавое жыццё, як пальчаткі мяняюць партнёраў, а потым проста пазбаўляюцца непажаданых дзяцей. А раптам яны самі каму-небудзь пачнуць перашкаджаць? Яны не задумваліся над гэтым?

yan-krachun-v.-novyya-zasimavichy

Ян Крачун, в. Новыя Засімавічы:

– Дзеці – гэта блаславенне Божае, і калі чалавек аддасць свой лёс у рукі Бога, то ўсё будзе добра. У жыцці здараюцца розныя цуды: урачы дыягнастуюць хваробу дзіцяці, а яно нараджаецца здаровым. Трэба верыць у лепшае.

Падрыхтавала  Алена Зялевіч

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *