Пятница, 21 сентября 2018

Як завяршыўся сельскагаспадарчы год для аграрыяў Пружаншчыны ў інтэрв’ю з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка.

520

Для аграрыяў восень — традыцыйны час падвядзення вынікаў. Напэўна, таму ў свой час і было прынята рашэнне адзначаць прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, калі ўжо ўсе лічбы зведзены, дасягнутыя паказчыкі і дапушчаныя памылкі прааналізаваны, і ёсць яшчэ магчымасць скарэктаваць з улікам гэтага планы на будучы год.

kombayn-v-pole-na-sakate-004

Як завяршыўся сельскагаспадарчы год для аграрыяў Пружаншчыны, расказала начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка.

— Не сакрэт, што бягучы год для аграпрамысловага комплексу выдаўся нялёгкі. Алена Харытонаўна, з якімі вынікамі сустракаеце прафесійнае свята?

— Сапраўды, сёлетні год быў складаны для аграрыяў раёна: ад работнікаў сельскагаспадарчай галіны ён запатрабаваў вялікай адказнасці і высокай арганізаванасці. Тым не менш, дзякуючы шчырай працы людзей, аграрыі раёна ў асноўным справіліся з пастаўленымі задачамі. У прыватнасці, па выніках дзесяці месяцаў бягучага года тэмп росту валавай прадукцыі склаў 106,7% пры даведзеным  заданні 103,5%. Найлепшыя вытворчыя паказчыкі ў ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Мурава», «Вялікасельскае Агра», «Ружаны-Агра» і «Жураўлінае».

— На самым вышэйшым узроўні перад аграрнай галіной была пастаўлена задача забяспечваць экспарт сельгаспрадукцыі. І асобным радком у гэтых планах значыцца прадукцыя  малочная. Нашы аграрыі здольны паўплываць на выкананне гэтага задання, павялічыўшы аб’ёмы і якасць малака?

— Для гэтага на Пружаншчыне ўжо ёсць добры зачын: у раёне праведзена маштабная мадэрнізацыя, рэканструкцыя і будаўніцтва малочнатаварных комплексаў і фермаў. Сёлета тэмп росту вытворчасці малака — 103%. Хаця лічба і не самая высокая (мелі і лепшыя вынікі), тым не менш, Пружанскі раён займае першы радок у рэспуб-ліканскай табліцы па аб’ёмах вытворчасці малака: за дзесяць месяцаў у раёне яго надаілі 173 тысячы тон. Чакаецца, што на канец года гэтая лічба дасягне 206 тысяч тон.

Самы лепшы валавы надой — звыш сямі тысяч тон — сёлета будзе атрыманы на пяці комплексах. Гэта МТК «Казлы» і «Мокрае» ААТ «Жураўлінае», дзе па выніках года мяркуюць атрымаць адпаведна 8300 і 7920 літраў малака ад каровы, МТК «Калядзічы №2» і МТФ «Руднікі» ААТ «Агра-Калядзічы» — 7950 і 7580 літраў, а таксама МТК «Каштанаўка» ААТ «Шані-аграпрадукт» — 7820 літраў малака.

— А як ацэньваеце вынікі жывёлагадоўлі ўвогуле?

— Па выніках работы за мінулы год на Брэстчыне наш раён заняў лідзіруючыя пазіцыі: па вытворчасці малака і мяса — першае месца, па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы — трэцяе, сярод птушкафабрык яечнага накірунку ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» аказалася лепшай. Думаю, што вынікі работы нашых жывёлаводаў і за бягучы год будуць адзначаны ўзнагародамі.

За дзесяць месяцаў бягучага года рост жывёлагадоўчай прадукцыі аказаўся не вельмі высокім — 101% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

— Недахоп нарыхтаваных летась кармоў унёс карэктывы ў дынаміку развіцця галіны. Алена Харытонаўна, а як сёлета сельгасарганізацыі падрыхтаваліся да зімова-стойлавага перыяду?

— Канешне, развіццё жывёлагадоўлі цесна ўзаемазвязана з кормавытворчасцю. І сёлета мы намнога лепш гатовы да зімы. Калі летась на адну ўмоўную галаву было нарыхтавана ўсяго 19 цэнтнераў кармавых адзінак, то цяпер 31,8 цэнтнера — амаль удвая больш.

Хочацца сказаць некалькі слоў пра раслінаводства ўвогуле. Нягледзячы на тое, што адны культуры далі лепшы ўраджай, другія — горшы, сёлета тэмп росту гэтай вытворчасці быў — 118,4%. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых — на ўзроўні 37,1 цэнтнера з гектара. У выніку валавы збор збожжа атрымалі ў аб’ёме 112,3 тысячы тон. Самая высокая ўраджайнасць была ў ААТ «Агра-Калядзічы» — 52,4 цэнтнера з гектара, а таксама ў ААТ «Мурава» — 51 цэнтнер з гектара.

— Падагульваючы нашу гутарку, Алена Харытонаўна, што Вы хацелі б сказаць напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі?

— Хачу выказаць словы па-дзякі абсалютна ўсім: і тым, хто задзейнічаны ў аграрным і аграрна-перапрацоўчым сектарах эканомікі (а на Пружаншчыне гэта каля 4,6 тысячы чалавек),  і тым, хто нам дапамагае, — работнікам Брэсцкай сельскагаспадарчай доследнай станцыі, якія займаюцца навуковай дзейнасцю, важнай для развіцця АПК, выкладчыкам Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа, якія рыхтуюць маладыя кадры для сельгасарганізацый раёна. Нельга не браць у разлік і ветэранаў, якія ўклалі свае сілы ў тое, што маем сёння, пакінулі бясцэнны вопыт. І ўдзячнасць, канешне, тым, хто сёння шчыруе на сельскагаспадарчай ніве: паспяховая рэалізацыя задач не заўсёды залежыць ад надвор’я — першарадным застаецца чалавечы фактар. Хочацца, каб кожны, хто звязаў сваё жыццё з дзейнасцю на зямлі, быў зацікаўлены ў канчатковым выніку сваёй работы.

Усім, у чые калектывы і сем’і прыйшло гэтае свята, словы віншавання і шчырай удзячнасці за нястомную, карпатлівую працу, а таксама пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту!

Гутарыла Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *