Вторник, 23 января 2018

ААТ «Ружаны-Агра»: Прадпрыемства людзей і для людзей

505

Каля дзясятка гадоў таму адно з буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ружаншчыны перажыло глабальныя структурныя і вытворчыя змяненні, што паклала аснову тых магчымасцей, якімі сёння валодае ААТ «Ружаны-Агра». Гэтая гаспадарка па сваіх плошчах зараз лічыцца самым буйным прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу не толькі раёна, але нават рэспублікі. Узначальвае акцыянернае таварыства дырэктар А.М.Бурдук, з якім мы і сустрэліся напярэдадні прафесійнага свята беларускіх аграрыяў.

20161109_0515

— Перад тым, як падводзіць вынікі бягучага года, хачу адзначыць вельмі мудрыя ўкараненні, якія былі зроблены ў нашай гаспадарцы з падачы кіраўніцтва раёна і нават рэспублікі, таго ж П.П.Пракаповіча, а таксама маімі папярэднікамі,— зазначае Андрэй Міхайлавіч.— Многае закладвалася ў якасці эксперыменту, а сёння мы атрымліваем дастаткова ўнушальны вынік ад зробленага яшчэ пяць-сем гадоў таму.

Напрыклад, цяпер мы бачым правільнасць падыходу да ўзбуйнення аб’ектаў жывёлагадоўлі і малочнай галіны: сямю вялікімі комплексамі значна прасцей кіраваць, чым дзясяткамі дробнатаварных МТФ.

Па-другое, закладзена трывалая база вырашэння пытанняў аплаты працы з адначасовым прадастаўленнем істотных сацыяльных гарантый, дзякуючы чаму сёння мы не адчуваем кадравы голад, забяспечваючы работай звыш 600 чалавек персаналу.

— У чым заключаюцца такія ўкараненні?

— Створаны адпаведныя ўмовы працы, пачынаючы з дробязей і заканчваючы забеспячэннем вытворчым абсталяваннем усіх аб’ектаў і магутнай тэхнікай. Не хачу сказаць, што на сёння ўсе праблемы мы вырашылі і ўсё кіруецца з дапамогай «пульта з кнопкамі».

Пакуль нас не задавальняе ступень механізацыі працы, але ўзровень ручной працы не ўдаецца давесці да ідэальнага. Аднак у нас створаны такія ўмовы, калі людзі могуць уносіць свае рацыяналізатарскія прапановы і нават удзельнічаць у эксперыментальных праграмах рэспубліканскага ўзроўню. Словам, ёсць магчымасць развівацца самім і рухацца да новых вяршынь. Гэта прыцягвае да нас моладзь, цяпер сярэдні ўзрост персаналу не дасягае 40 гадоў, што дае нам права называць «Ружаны-Агра» самай маладой арганізацыяй раёна. Аднак у гэтага «медаля» ёсць адваротны бок: для вырашэння шэрагу пытанняў маладым спецыялістам не хапае вопыту і кваліфікацыі.

Захоўваецца яшчэ і чарга на жыллё, хаця яна не стаіць, як раней на месцы, а пастаянна змяншаецца. Штогод гаспадарка будуе не менш пяці до-мікаў, якія выдзяляюцца ў першую чаргу сямейным спецыялістам.

— Андрэй Міхайлавіч, якія паказчыкі сёлетняга сезона можна лічыць асновай для перспектыўнага развіцця акцыянернага таварыства?

— З пачатку бягучага года ААТ «Ружаны-Агра» рэалізавала дзяржаве малака гатункам «экстра» 30 тысяч тон або звыш 87% ад агульнага аб’ёму, пастаўлена больш за 50 тысяч цэнтнераў мяса. Аб’ём вытворчасці валавай сельгаспрадукцыі збожжавых і зернебабовых культур у супастаўных цэнах склаў каля пяці з паловай мільёнаў дэнамінаваных рублёў або плюс 14% да ўзроўню мінулага года.

Дарэчы, варта адзначыць, што ў нас выкарыс-тоўваецца сістэма аплаты працы, пры якой кожны работнік ужо ў наступным месяцы бачыць матэрыяльны вынік сваіх намаганняў і належнага выканання абавязкаў. Зразумела, што ў такіх умовах рост дабрабыту арганізацыі напрамую ўплывае на рост аплаты працы занятага персаналу. І не толькі на бліжэйшы перыяд, а з захаваннем той жа станоўчай перспектывы на будучыню.

З гэтай нагоды хачу выказаць вялікую задаволенасць працай кожнага структурнага падраздзялення, кожнага работніка, якія ўносяць свой уклад у агульную скарбонку.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *