Суббота, 22 сентября 2018

Хуткія перамогі Мішы Мацяша

466

Яшчэ гадоў 15 таму картынг лічыўся спортам падлеткаў, сёння ж ён становіцца дзіцячым. Напрыклад, да ўдзелу ў сучасных першынствах Беларусі па картынгу дапускаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з шасці гадоў. Але ёсць і такія прафесійныя пілоты, якія пачалі займацца гэтым відам спорту з чатырох гадоў.

20161028_0011

Юным жыхарам нашага раёна пашанцавала: пры раённай структуры ДТСААФ працяглы час дзейнічае гурток картынгу, куды набіраюцца ўсе жадаючыя. Вам, напэўна, падасца, што прыцягвае сюды тых, хто прагне хуткасці, каму патрэбны адрэналін ад нястрымнай гонкі?

Але гэта не зусім так: як расказвае юны картынгіст Міша Мацяш, на першае месца трэба ставіць правілы язды, а потым ужо — хуткасць.

Для 10-гадовага Міхаіла гэты від спорту адкрыўся год таму, калі яго  прывялі ў гурток  бацькі.

— Аказалася, што за руль карта адразу не пускаюць: мне паказалі форму, шлем … і дакументы, якія я павінен мець для навучання,— успамінае юны пілот.

Гэта было своеасаблівым выпрабаваннем на трываласць, бо не ўсе могуць вытрымліваць дадатковыя, акрамя школы, заняткі. А вы будзеце згодны «марнаваць» вольны час на вывучэнне тэхнічных характарыстык машыны, яе магчымасцей падчас язды?

Міша прайшоў гэты шлях. Яго першай узнагародай — за вытрымку — стаў удзел у абласных спаборніцтвах мінулага года, калі ён на трэку прыйшоў трэцім. Нехта можа сказаць, што бронзавы медаль не дае ад перамогі вышэйшай асалоды, але гэта быў толькі пачатак…  Ён натхніў хлопца на далейшыя здзяйсненні. Сёлетні яго медаль ужо сярэбраны.

Міша расказвае, што ў яго нават быў шанец атрымаць золата ў сваёй намінацыі. Але на апошнім крузе яго «зачапіла» саперніца. Мішаў  карт  развярнула, і балельшчыкі нават палічылі хлопца выключаным з барацьбы за перамогу. Аднак спартсмен утрымаў  і сябе, і машыну ў руках, зноў уключыўся ў гонку. Толькі некалькіх хвілін яму не хапіла, каб дагнаць «крыўдзіцельку», якая  стала лідарам спаборніцтваў.

— Думаю, што ў будучым у мяне будзе шанец паквітацца з саперніцай,— упэўнены юны спартсмен.

Гэтая гісторыя са спаборніцтваў па картынгу абсалютна паказальная для тых, хто разважае: якімі здольнасцямі павінен валодаць картынгіст. Ніколі нельга губляцца і панікаваць, найперш, трэба думаць, трымаючы руль.

— Трэба памятаць правілы ваджэння, каб аўтаматычна руляваць,— тлумачыць Міхаіл.— Карт можа разганяцца да 140 кіламетраў у гадзіну,  так што  на многія сітуацыі даводзіцца рэагаваць імгненна.

Акрамя таго, неабходна дасканала разбірацца ва ўстройстве карта. Пакуль Міша не лічыць сябе майстрам адпаведнага ўзроўню і толькі назірае за работай старэйшых таварышаў. Напрыклад, Сяргей Крук, як расказвае хлопец, зможа разабраць і сабраць рухавік нават з заплюшчанымі вачыма. Па ўсім бачна, што Міша таксама хоча гэтак навучыцца і… сабраць  матацыкл. Пакуль жа вольны час, які застаецца паміж трэніроўкамі, юны гоншчык траціць на язду на веласіпедзе, шліфуючы свае ўменні.

Алег СІДАРЭНКА,

               Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *