Четверг, 20 сентября 2018

А ў нас майстар-клас!

479

Займальныя майстар-класы, якія правялі для школьнікаў на восеньскіх канікулах рукадзельніцы з Пружанскага Дома рамёстваў, паказалі, што неверагодна прыгожыя рэчы можна зрабіць з… адходаў. Так, так. У ход ішло ўсё: абрэзкі каляровай паперы, лапікі тканіны, пажоўклыя газеты. Да ўсяго гэтага дадаваліся фантазія і кропелька ўседлівасці. І эксклюзіўны сувенір у лічаныя хвіліны быў гатовы.

20161101_0157

Адначасова працавалі некалькі пляцовак, таму кожны мог выбраць для сябе занятак па душы.

Алена Бяляўская, кіраўнік гуртка «Выцінанка і ткацтва», вырабляла разам з дзецьмі арыгінальныя вугалкі-закладкі ў кнігі, упрыгожваючы іх канфеці з каляровай паперы. А дзе бралі гэта самае канфеці? Звычайным дзіраколам перфаравалі абрэзкі каляровай паперы. Прызнайцеся, юныя чытачы, такіх  кавалачкаў у кожнага з вас пасля ўрокаў працы процьма. А вы ведаеце, што з іх, як падказала майстрыха, можна зрабіць яшчэ і выдатнае пейзажнае пано, пасыпаючы каляровымі кружочкамі патрэбныя зоны намаляванага алоўкам пейзажу, папярэдне пакрытага клеем.

20161101_0171

Цікавы майстар-клас правяла кіраўнік гуртка «Роспіс па шкле» Яніна Заянчкоўская. Пад квадрацікі з аргшкла (яно больш бяспечнае) дзеці падкладалі звычайную размалёўку і прачэрчвалі контуры тушшу. Праз некалькі хвілін, як толькі туш падсыхала, размалёўвалі малюнак гуашшу, клалі яго на фальгу.

20161101_0168

Кіраўнік гуртка «Папяровая лаза. Вязанне на спіцах і кручком» Валянціна Кунда здзівіла кветачкамі з гафрыраванай паперы, у кожнай з якіх схавана цукерка. У якасці сцяблінкі выкарыстала імітаваную саломку з газетных жгуцікаў. З падобнай папяровай саломкі былі сплецены і кошычкі, і вазачкі для гатовых букетаў. Дзеці адзначылі, што карамелькі ў такой кветкавай упакоўцы глядзеліся лепш за каробку шакаладных цукерак!

20161101_0164

А якія цудоўныя лялькі дзеці рабілі з сінтэпонавых камячкоў, каляровых шматкоў і нітачак з дапамогай Галіны Ефімчук, кіраўніка класа народнай творчасці «Шыццё з лапікаў». Аказваецца, калісьці такія лялькі-мотанкі выкарыстоўваліся як абярэгі. Людзі верылі, што яны не толькі захоўваюць сямейны ачаг, але і валодаюць здольнасцю выконваць жаданні.

20161101_0160

Упэўнена, што тыя дзеці, каму пашчасціла зазірнуць у гэты куток майстэрства і творчасці, не пашкадавалі аб праведзеным часе, і падарункі, якія яны панеслі дадому, былі годна ацэнены роднымі і блізкімі.

Алена Зялевіч,

                              Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *