Суббота, 20 января 2018

Паданні глыбокай даўніны

290

Кожны раз, калі я наведваю пружанскі музей, чамусьці ўспамінаю казачныя яйкі, у якія царэўны пахавалі свае палацы з багаццямі. Тут у кожнай зале, як у залатым, срэбным і медным яйку, захоўваецца столькі ўсяго цікавага і загадкавага, што вочы разбягаюцца!

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На гэты раз для нас, вучняў 4 «В» класа сярэдняй школы №1 г. Пружаны, свае таямніцы раскрыла сапраўдная драўляная беларуская хатка, схаваная ў беласнежных сценах музея на другім паверсе.

Складзеная з бярвенняў старога дома, яна падзелена на тры пакойчыкі. Кожны з іх расказаў нам пра розныя промыслы і рамёствы, развітыя у нас, на Пружаншчыне, з даўніх часоў.

У першым мы ўбачылі вялізныя плеценыя кашы, кошыкі і карабы. Відаць, у падобным і хавалася ад мядзведзя Машачка з піражкамі. Аказваецца, гэтыя карабы нібы зачараваныя: іх не грызуць мышы! Кажуць з-за таго, што саломка з лазой у іх пераплятаюцца ў выглядзе крыжыка. Бачылі і драўляную лапату, з дапамогай якой калісьці ў печ устаўлялі пячыся хлеб (гэта на такой хацела засунуць у печ Іванку злая Баба-Яга?). Дарэчы, тут ёсць і вялікая ступа, якраз як у казцы.

Другі пакойчык, упрыгожаны ручнікамі, нам запомніўся «чырвоным кутом» з іконаю і вялікім ткацкім станком – кроснамі. Вельмі цікава нам распавялі пра беларускае ткацтва і асаблівасці вышыўкі на беларускай нацыянальнай вопратцы і ручніках.

А ў трэцім — мы пазнаёміліся з ганчарствам і ўбачылі нашу знакамітую пружанскую чорназадымленую і паліваную кераміку: збанкі, глякі, чыгункі-спарышы, міскі і нават гліняныя цацкі, вырабленыя мясцовымі майстрамі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Так захапіліся, што разам з экскурсаводам Валянцінай Пятроўнай Нідзелька нават зляпілі маленькую  печку і мініяцюрныя прадметы посуду, якія ўбачылі ў хатцы музея, і якімі карысталіся ў даўніну нашы продкі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

А яшчэ мы разгадвалі шмат загадак на этнаграфічную тэму. Прызнаюся, адказы знаходзілі вельмі лёгка, таму што падказкі былі прама перад вачыма. Усім было весела і займальна.

З музея выходзілі з добрым настроем і з думкамі пра тое, як нашы продкі паспявалі ўсё неабходнае для жыцця рабіць сваімі рукамі?!

Лізавета Чаргейка,

вучаніца 4 «В» класа СШ № 1 імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *