Понедельник, 21 мая 2018

На ўрок да віртуоза!

429

У мінулую пятніцу Пружаны наведаў віртуоз-акардэаніст Ігар Квашэвіч («раёнка» расказвала пра яго ў адным з кастрычніцкіх нумароў). Перш чым даць канцэрт на сцэне гарадскога Палаца культуры, таленавіты музыкант сустрэўся з вучнямі і педагогамі Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы.

20161111_0865

Творчая сустрэча ў ДШМ імя Р.Р.Шырмы стала часткай дабрачыннай праграмы, ініцыяванай самым Ігарам Міхайлавічам. Такім чынам музыкант дасягае двух мэт: па-першае, знаходзіць таленты, якіх, на яго думку, у правінцыі нават больш, чым у вялікіх гарадах, па-другое, уласным прыкладам дапамагае калегам-педагогам зацікавіць дзяцей.

 І настаўнікі музыкі, і іх  выхаванцы змаглі пачуць нямала парад ад прафесіянала. А атрымаць урок пад кіраўніцтвам Ігара Квашэвіча пашанцавала Паўлу Залогу, які трэці год займаецца ў ДШМ па класу баяна. Музычная кампазіцыя «Вясёлыя рытмы», якую хлопчык прадставіў на суд госця, ужо літаральна праз паўгадзіны гучала ў выкананні юнага баяніста намнога лепш. Пасадка баяніста, пастаноўка ног і рук, размяшчэнне інструмента на калене  — на ўсе гэтыя нюансы, здольныя аказаць уплыў на  валоданне інструментам, звяртаў увагу І.М.Квашэвіч. Ён жа падказаў хлопчыку, як задаць характар кампазіцыі, як зрабіць бас доўгім, некуртатым. Паўлу пашанцавала сыграць «на дваіх»: ён выконваў на баяне партыю для левай рукі, а знакаміты настаўнік на сваім акардэоне — для правай.

Разам з тым госць прадэманстраваў віртуознае валоданне інструментам. Калі для слухачоў, якія прыйшлі ў гэты дзень у Палац культуры, Ігар Квашэвіч падрыхтаваў эстрадны канцэрт, то для аўдыторыі школы мастацтваў — класічную музыку. Ён выканаў «Такату» І.С.Баха, тры санаты Д.Д.Скарлаці, «Вальс №7» Ф.Шапэна, перакладзеныя для баяна. Яшчэ некалькі выкананых ім кампазіцый — сучасная музыка для акардэона і баяна.

20161111_0873

Хочацца адзначыць, канцэрт і майстар-клас у Пружанах — частка маштабнага праекту «Беларусь-тур», які рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Праект стартаваў 15 верасня ў Івацэвічах — на малой радзіме Ігара Квашэвіча. Усяго ў канцэртным туры  каля 120 гарадоў нашай краіны. Фінальны акорд будзе сыграны праз год у сталічным Палацы рэспублікі: як мяркуецца,  удзельнікамі завяршальнага гала-канцэрта стануць і юныя музыканты з правінцыі — іх адбор Ігар Міхайлавіч і вядзе падчас рэгіянальных майстар-класаў.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,

             Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *