Вторник, 22 мая 2018

Беларуская кніга XX стагодзя: палацык запрашае на новую выставу!

740

12 лістапада ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава друкаваных беларускамоўных выданняў ХХ стагоддзя. Яна прысвечана Году культуры і 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, а таксама 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе. Выстава з’яўляецца своеасаблівай рэтраспектывай выданняў на беларускай мове ад часоў нацыянальна-культурнага адраджэння “нашаніўскага перыяду” да сучаснасці.

2

Сёння даволі складана выявіць сапраўдныя кнігі пачатку ХХ ст. Тым не менш, пазнаёміцца з легальным друкаваным беларускім словам дапамагаюць рэпрынтныя выданні. Так, на выставе можна ўбачыць копіі, якія даюць уяўленне аб арыгіналах. Сярод іх – першыя беларускамоўныя падручнікі, якія выйшлі ў пецярбургскай друкарні “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Гэта – “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі  (А. Пашкевіч), выдадзенае ў 1906 г.  Кніга складаецца з тэкстаў-чытанак на беларускай мове дыдактычнага, выхаваўчага, развіваючага зместу, дзе багата гумару і забавы.

Гэты зборнік – адзін з першых у серыі навучальна-асветніцкай літаратуры, якая з’явілася на хвалі нацыянальна-культурнага адраджэння пачатку ХХ ст. Наступным крокам у справе навучання было “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909) Якуба Коласа – хрэстаматыя для малодшых вучняў, якая стала важным этапам на шляху станаўлення ўсёй беларускай дзіцячай літаратуры.

Немагчыма абысці і першы падручнік па гісторыі Беларусі вучонага і грамадскага дзеяча Вацлава Ластоўскага – “Кароткая гісторыя Беларусі”, які ўпершыню пабачыў свет у 1910 го-дзе ў віленскай друкарні М. Кухты. Ластоўскі быў не першым, хто асвятляў гісторыю Айчыны, але ў адрозненне ад іншых даследчыкаў, ён напісаў яе ад імя беларусаў, а не з пункту гледжання рускіх ці палякаў. Пры напісанні працы аўтар  амаль не абапіраўся на гістарычныя крыніцы: яго задачай быў уздым самасвядомасці, заява аб самастойнасці беларусаў як нацыі.

Асаблівае месца на выставе належыць творам класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, 125-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца  9 снежня. Факсі-мільная копія яго адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок”, які ў гісторыі нацыянальнай паэзіі стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства, займае пачэснае месца ў экспазіцыі. “Вянок” выйшаў у Вільні ў друкарні М. Кухты ў 1914 г., хаця на тытуле стаіць дата 1913 г. Там жа – выява герба “Лебедзь” – знак удзячнасці М. Радзівіл за матэрыяльную падтрымку выдання.

У савецкі час творы Багдановіча выдаваліся неаднаразова. На выставе можна ўбачыць адно з найбольш поўных сабранняў паэзіі, прозы, публіцыстыкі – двухтомнік “Збор твораў” (1962). Аднак, значны след у беларускай гісторыі пакінуў не толькі паэт, але і яго бацька – этнограф  А. Багдановіч. Копія яго працы, выдадзенай у Гродне ў 1895 годзе, “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов”  змешчана каля твораў славутага сына.

Літаратура міжваеннага перыяду прадстаўлена заходнебеларускім друкам. У адрозненне ад выданняў папярэдняга часу, яна ў большасці ўтрымлівае арыгіналы.

Адным з найбольш значных з’яўляецца трэці зборнік паэзіі Я. Купалы “Шляхам жыцьця” (на «тарашкевіцы»).

1 Упершыню ён пабачыў свет у 1913 г. Зборнік этапны ў творчасці паэта. Ён стаў узорным, класічным па багацці сваіх мастацкіх формаў, культуры верша, замацаванні ў нацыянальнай паэзіі як асацыятыўна-рамантычнага стылю, так і класічна-анталагічнага, народна-песеннага. На выставе знаходзіцца другое выданне зборніка, якое надрукавала Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна ў 1923 г. Трэба адзначыць, што выдавецтва Клецкіна (заснавана ў 1913 г.) – яўрэйскага прадпрымальніка з Вільні, у 1921-1932 гг. выдала 32 найменні кніг і падручнікаў на беларускай мове. Дзякуючы яму ў 1927 г. з’явілася кніга вершаў паэткі Н. Арсенневай “Пад сінім небам” (на выставе ёсць яе рэпрынт), якая узбагаціла беларускую паэзію глыбокім пранікненнем у сферу чалавечых пачуццяў, свежасцю лірычных інтанацый, багаццем вобразнай палетры.

Развіццё заходнебеларускага друку ў Польшчы немагчыма прадставіць без перыядычных выданняў. Асаблівае месца сярод іх займае ілюстраваны сатырычны часопіс “Пякучая маланка” ад 22 кастрычніка 1928 г. Гэты нумар – сапраўдны рарытэт. Справа ў тым, што ў 1926-1928 гг. у Вільні выходзіў часопіс “Маланка” (рэд. Я. Маразовіч), які выступаў у абарону інтарэсаў народа Заходняй Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нацыянальнай і палітычнай свядомасці, асуджаў палітыку сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскіх улад. З  43 нумароў, якія выйшлі, некаторыя былі канфіскаваны паліцыяй, і замест іх беларускія дзеячы ў 1928 г. выпусцілі аднадзёнкі “Пякучая маланка” і “Новая маланка”.

Але разам з выданнямі грамадска-палітычнай накіраванасці існавала папулярная, гаспадарчая, рэлігійная перыёдыка. Напрыклад, у 1930 – 1939 гг. у Вільні пад рэд. А. Клімовіча выпускаўся сельскагаспадарчы часопіс “Самапомач” (на выставе № 5 за 1938 г.), які папулярызаваў ідэі кааперацыі.

Ёсць на выставе і копія газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну” за 1942 г. — прыклад падпольнага партызанскага друку, які таксама быў сродкам барацьбы з акупантамі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Нягледзячы на цяжкае пасляваеннае становішча, выдавецтвы БССР плённа працавалі – выходзілі падручнікі, мастацкая і навуковая літаратура, даведнікі, слоўнікі, перыёдыка. На выставе знахо-дзяцца пасляваенныя выданні твораў  Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа,  П. Глебкі,  Зм. Бядулі,  П. Броўкі, К. Крапівы і інш.

Цікавасць уяўляе кніга 1947 г., якая ярка адлюст-роўвае палітычнае становішча ў краіне, – панаванне культу асобы І. Сталіна. Гэта – твор грузінскага паэта  Г. Леанідзэ “Сталін: маленства правадыра”, беларускамоўны пераклад якога зрабіла Э. Агняцвет, а рэдагаваў Я. Колас. Дзейнасць Леніна і Сталіна ўсхваляе таксама юбілейнае выданне 1952 г. да 30-годдзя СССР, аркуш з якога, з перакладам гімна дзяржавы на беларускую мову, таксама прысутнічае сярод экспанатаў.

4

Рэдкі экзэмпляр “Брэсцкай крэпасці” Сяргея Смірнова – першага беларускамоўнага выдання кнігі ў 1958 годзе. Нагадаем, што рускамоўнае выйшла за год  да яго — аўтар упершыню расказаў аб баях у крэпасці ў пачатку вайны, аб якіх доўгі час не было вядома, і паклаў пачатак збору матэрыялаў аб гераізме абаронцаў цытадэлі  над Бугам, займае пачэснае месца ў музеі. Здабыткам перакладной літаратуры можна назваць зборнік “Руская совецкая паэзія” (1953).

Перыядычны друк пасляваенных дзесяцігоддзяў прэзентуюць пружанскія газеты “Чырвоны сцяг” (30 жніўня 1957 г.) і “Зара камунізма” (11 жніўня 1962 г.), рэспубліканская – “Совецкі селянін” (17 кастрычніка 1948 г.).

Даволі цікавым раздзелам выставы з’яўляюцца школьныя падручнікі і даведнікі 1940-1960-х гг. Сярод іх – выдадзеныя ў 1940 г. “Матэрыялы і дакументы па гісторыі Беларусі” пад рэд. М. Нікольскага і “Геаграфія” – падручнік для пачатковых класаў М. Церахавай і В. Эрдэлі.

Цудам захаваўся невялікі пажоўклы дакумент з тэкстам ізлажэння “У старых дубах” за курс пачатковай школы 1945-1946 навучальнага года. Некалькі экзэмпляраў падручнікаў 1960-х гг. таксама працягваюць школьную тэму: “Гісторыя СССР” і “Гісторыя БССР”, “Роднае слова” і “Арыфметыка” для 1 класа, хрэстаматыя “Родная літаратура” (10 клас), а таксама беларуска-рускі слоўнік (Масква, 1962) пад рэд. К. Крапівы, дзе змешчана каля 90 000 слоў.

3-1

Рарытэтнае эмігранцкае выданне – падручнік па беларускай мове В. Пашкевіч (Таронта, 1974) прадстаўляе іншы бок жыцця беларусаў, якія апынуліся за мяжой.

На выставе знаходзіцца шэраг рэдкіх кніг, якія выйшлі ў мінскім выдавецтве “Мастацкая літаратура” і былі прысвечаны значным асобам мінуўшчыны.

Асобная частка музейнай экспазіцыі прысвечана землякам. На выставе – “Беларускія народныя песні” (1962, 1973), складальнікам якіх быў Р. Шырма, зборнікі вершаў паэтаў першай паловы ХХ ст. Г. Леўчыка “Доля і хлеб” (1980) і М. Засіма “Ад шчырага сэрца” (1947), а таксама нашых сучаснікаў – М. Купрэева “Правінцыйныя фантазіі” (1995), М. Антаноўскага “Падсочаны бор” (1997) і М. Папекі “Чарнавікі” (1999), пераклады В. Сёмухі – “Біблія” (2002) і “Найвышэйшая песня Саламонава” (2008).

Выстава “Беларуская кніга. ХХ стагоддзе”, дзе прадстаўлена больш чым паўсотні выданняў з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма і прыватных збораў, будзе працаваць да красавіка 2017 г. Яна дазваляе дакрануцца да скарбаў беларускага друкаванага слова і адлюстроўвае яго складаны шлях да чытача.

Ініцыятыва арганізацыі выставы належыць раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”.

На здымках: 1. Вокладка кнігі С. Смірнова “Брэсцкая крэпасць” (Мінск., 1958 г.). 2. Часопіс “Пякучая маланка” (Вільня, 1928 г.); 3. “Арыфметыка” для 1 класа (Мінск., 1962 г.); 4. Вокладка зборніка Я. Купалы “Шляхам жыцьця” (Вільня, 1923 г.).

Наталля Пракаповіч,

галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Срочная курьерская почта в г. Кострома от курьерской службы Гарантпост.