Четверг, 24 мая 2018

Свая справа: калі фінансы даюць на старце

750

Аб тым, што некалі стане дызайнерам моднага адзення, Ганна Шпарла марыла яшчэ за школьнай партай. Таму і паступіла ў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць інжынера-канструктара. Ды толькі… ледзь не расчаравалася ў сваім выбары, калі трапіла па накіраванні на адну з фабрык лёгкай прамысловасці.

20161102_0260

— Справа ў тым, што буйны вытворца — гэта брэнд, якому трэба падпарадкоўвацца. Гэта рамкі, якія вызначаюць стыль, колер, фасон,— расказвае Ганна Міхайлаўна.— А мне хацелася ствараць эксклюзіўныя ўборы.

Для самавыяўлення малады інжынер-канструктар стала пастаяннай удзельніцай розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў — «Млын моды», «Пячэрскія каштаны» і іншых, адкуль прывезла некалькі прызавых дыпломаў. Але праз два гады абавязковай адпрацоўкі дзяўчына апынулася на ростанях.

Зрабіць выбар  дапамаглі  спецыялісты раённай службы занятасці, куды яна звярнулася ў пошуку месца працы. Ганне прапанавалі адкрыць уласнае атэлье, дзе можна займацца ў тым ліку і індывідуальным пашывам гатовых рэчаў. Матэрыяльную падтрымку  на адкрыццё ўласнай справы падобным пачынаючым прадпрымальнікам аказвае дзяржава.

Але спачатку дзяўчына была накіравана на спецыяльныя курсы, дзе спасцігала  азы вядзення бізнэсу. Там жа ёй паказалі, як правільна скласці бізнэс-план, пад які і выдзяляецца фінансавая дапамога. На пачатку бягучага года будучая прадпрымальніца  атрымала падтрымку ў памеры 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

Відавочна, як зазначае Ганна Міхайлаўна, такую суму ў прынцыпе нельга лічыць паўнаважкім «стартавым капіталам», аднак дадатковыя грошы далі штуршок развіццю толькі што адкрытай справы.

— Я здолела набыць неабходнае абсталяванне, з дапамогай якога змагла значна пашырыць спіс аказваемых паслуг,— тлумачыць Ганна.— Можна было б пачынаць работу атэлье і  без набытага, але на выкананне заказаў прыходзілася б марнаваць больш часу, а якасць апрацоўкі рэчаў пацярпела бы.

Зараз пры амаль поўнай камплектацыі атэлье, якое прадпрымальніца адкрыла ў гандлёвым доме «Гефест», можа прымаць заяўкі і на рамонт швейных вырабаў, і на пашыў адзення, нават цёплай верхняй вопраткі па індывідуальных параметрах. Якасць работы майстрыхі, яе падыходы і, зразумела, дызайнерская фантазія спадабаліся. У Ганны Шпарла за невялікі час утварылася кола  пастаянных кліентаў. Цяпер дзяўчына вырашыла ўвесці для іх дысконтныя карткі.

Ці можа  маладая прадпрымальніца падзяліцца вопытам работы з тымі, хто толькі марыць аб адкрыцці ўласнай справы?

— Па-першае, — кажа Ганна, — не варта пачынаючым брацца за справу, якая звязана з вырабам або рэалізацыяй элітных рэчаў. У жыхароў нашага раёна не настолькі вялікая пакупніцкая здольнасць, каб масава прапанаваць ім, напрыклад, адзенне ад вядомых дамоў моды. Неабходна разлічыць свой прыбытак так, каб кошт заказу застаўся прывабным для кліента. У дадатак — прапаноўваць скідкі. Па-другое, варта ўлічваць і такі негатыўны фактар, як падпольны бізнэс. Напрыклад, мне неаднаразова даводзілася чуць ад кліентаў, маўляў, лепш яны ў суседкі па пад’ездзе закажуць, бо яна пашые дзешавей. Гэта праўда, такая «суседка» возьме менш, бо яна не плаціць падаткі, якія даводзіцца плаціць мне.  Аднак  і належнае абсталяванне ў такім «падпольным атэлье», хутчэй за ўсё, адсутнічае, так што гарантыю якасці тут не атрымаеш.

Наогул, на думку  Ганны, неабходна ўдасканальваць заканадаўчую базу, якая рэгулюе дзейнасць прыватнага сектара нацыянальнай эканомікі. Да прыкладу, яна павінна як індывідуальны прадпрымальнік мець банкаўскі рахунак, за абслугоўванне якога плацяцца значныя сумы. Але навошта гэтыя дадатковыя затраты, калі класці сюды пакуль няма чаго?

Алег Сідарэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *