Четверг, 24 мая 2018

90 гадоў у працы і… каханні

684

Павіншаваць Якава Іванавіча Шамрылу з 90-годдзем сабраліся  не толькі дзеці: завіталі старшыня Новазасімавіцкага сельвыканкама І.А.Казакевіч і дырэктар мясцовага СДК А.А.Жукоўская.

20161025_9783

Родам з вёскі Хатынічы, што ў Ганцавіцкім раёне, гэты чалавек  жыў і працаваў там амаль усё жыццё. Без малога паўстагоддзя прысвяціў  Якаў Іванавіч працы бухгалтарам у мясцовым лясніцтве. Разам з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, там жа пабудавалі прасторны дом і выгадавалі дзвюх дачок. Гэта ўжо на схіле гадоў перабраліся ў Новыя Засімавічы, бліжэй да малодшай дачкі Людмілы.

Але хоць і з’ехалі з роднай вёскі, землякі пра іх не забыліся. Мы чулі, як юбіляр прымаў віншаванні аднавяскоўцаў і сяброў па тэлефоне. Ці не гэта прызнанне яго заслуг і найлепшых чалавечых якасцей? Людзі дагэтуль памятаюць і добрых гаспадароў, і ўлюбёных у прыроду людзей, і верных сяброў, якія заўсёды маглі выручыць, — мужа з жонкай Шамрылаў.

Аднак не толькі мірная праца была ў жыцці Якава Іванавіча. У часы Вялікай Айчыннай вайны ён быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію.

—Мы працавалі на расчыстцы завалаў, — успамінае Я.І.Шамрыла. —  Выконвалі ў немцаў усю чорную работу. Кожны дзень нас вазілі за дваццаць кіламетраў у горад Кіль: шэсць ідзём пешкі, а астатнія чатырнаццаць вязуць,  ды так, што нехта мог і не даехаць: у перапоўненых вагонах людзі проста задыхаліся… А есці давалі раз на  дзень – міску баланды.

20161025_9809

Шмат чаго давялося перажыць гэтаму чалавеку. Але, дасягнуўшы такога паважанага ўзросту, ён  працягвае радавацца жыццю і нават жартуе:

—А ведаеце, чаго я так доўга жыву? Бо жонку слухаюся! Так і напішыце. Няхай і  іншыя мужчыны такую навуку спасцігнуць.

Гутарыла Галіна Каляда

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *