Четверг, 24 мая 2018

Радасць дзецям сваімі рукамі

814

Вясёлая музыка, роставыя лялькі, казачныя персанажы, актыўныя гульні… Нагодай для насычанай забаўляльнай дзіцячай праграмы стала адкрыццё гульнёвай пляцоўкі на тэрыторыі  Новазасімавіцкіх ясляў-сада №6. 

20161027_0031

Паводле слоў загадчыцы І.К.Аноцка, неад’емнай часткай павышэння якасці дашкольнай адукацыі ў гэтай установе стала супрацоўніцтва з бацькамі.

— Важную ролю мы адводзім усталяванню партнёрскіх узаемаадносін, стварэнню спрыяльнага мікраклімату для супрацоўніцтва, — зазначае Ірына Канстанцінаўна. — Таму што ў сучасных умовах садку вельмі складана абысціся без падтрымкі бацькоў. І мы вельмі рады, што ёсць людзі, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці ўстановы.

Цяпер Новазасімавіцкі  садок наведваюць больш за сто хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёлета самыя актыўныя дарослыя  — бацькі выхаванцаў сярэдняй і двух малодшых груп — стварылі ініцыятыўную групу, якая і арганізавала работы па добраўпарадкаванні дзіцячай пляцоўкі. Так для прагулак малышоў уладкавалі надворнае абсталяванне: яркія машынкі для вясёлай «язды», дзіцячы баскетбольны шчыт для спартыўных гульняў, пясочніцу, лавачкі…

Лідарам «бацькоўскага руху» стала Надзея Ліцкевіч.

— Аддала дзіця ў садок — і  аказалася, што ўмовы  для гульняў на адкрытым паветры  не самыя лепшыя: старыя пляцоўкі сталі небяспечнымі і іх разабралі, — расказвае жанчына. — Вось і давялося ўзяцца за стварэнне новай гульнёвай пляцоўкі.

Усе ідэі для яе афармлення ўвасаблялі ў жыццё сваімі рукамі. Добраахвотны  ўзнос кожнага складаў  тры рублі. Гэтага аказалася дастаткова, каб закупіць фарбы, самарэзы і іншыя матэрыялы. Акрамя таго, дапамагалі многія  неабыякавыя людзі, у тым ліку, ляснік Шарашоўскага лясніцтва А.М.Крэйдзіч і ляснічы Сухопальскага лясніцтва А.М. Дубінка.

Шэсць дзён спатрэбілася, каб давесці справу да канца: мужчыны ўстанавілі інвентар, мамы — пафарбавалі.

20161027_0018

20161027_0024

20161027_0021

20161027_0120

20161027_0042

20161027_0112

Надзея Рыгораўна задаволена тым, што атрымалася ў канчатковым выніку:

— Адным словам, усё магчыма зрабіць — варта толькі захацець. Як бачыце, ніхто не стаў бедны, не стаміўся, а добрая справа зроблена. Не варта спадзявацца на некага:  у  першую чаргу, бацькі павінны паклапаціцца, каб іх малышы былі забяспечаны ўсім неабходным, мелі  сапраўднае дзяцінства.

З меркаваннем вопытнай мамы згаджаюцца і іншыя бацькі. Дарэчы, Надзея Рыгораўна і Віктар Мікалаевіч Ліцкевічы — шматдзетная сям’я. Старэйшаму Канстанціну ўжо сямнаццаць, а вось Анечка ходзіць у сярэднюю групу дзетсада, маленькі Сашка — у яслі.

Варта адзначыць, гэта не першая добрая справа, зробленая па ініцыятыве актыўнай жанчыны: пару гадоў таму  гульнёвую пляцоўку абсталявалі на тэрыторыі Новых Засімавічаў. А пры расфарміраванні вайсковай часці жанчына паклапацілася, каб турнікі вайскоўцы не здалі на металалом, а пакінулі для жыхароў былога ваеннага гарадка — іх устанавілі на спецыяльна адведзенай пляцоўцы для спартыўнай моладзі. Тым часам Надзея Ліцкевіч спадзяецца, што і іншыя бацькі будуць далучацца да карысных ініцыятыў.

На шчырае здзіўленне: «Навошта вам гэта трэба?», — Надзея Рыгораўна без роздуму зазначае:

— Людзі дзеляцца на дзве катэгорыі — «чаму я?» і «хто, калі не я?». Я з ліку апошніх: трэба ж  знаходзіць прымяненне арганізатарскім здольнасцям і фантазіі… Увогуле, лічу, дзеці павінны расці ў добрых умовах, тады і планку для сябе па жыцці будуць ставіць больш высокую.

Канешне, кіраўніцтва садка не змагло не падзякаваць бацькам, якія прымаюць самы актыўны ўдзел у жыцці дашкольнай установы. Граматы атрымалі сям‘я Ліцкевіч і Наталля Георгіеўна Грышкевіч, падзякамі адзначылі сем’і Асіпчук і Бабрук, Сяргея Лушчанку, Вадзіма Кіслага, Дзмітрыя Вакулу.

Між іншым, пры дзіцячым садку яшчэ засталася тэрыторыя, якая патрабуе добраўпарадкавання. Таму бацькам, якія жадаюць падхапіць ініцыятыву, ёсць дзе разгарнуцца.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,

             Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *