Понедельник, 22 января 2018

Безбар’ернае асяроддзе: вазьмі «белы кій» і…ідзі

357

З 15 кастрычніка па 15 лістапада па ўсёй Беларусі праходзіць традыцыйны месячнік «Чалавек з белым кіем». Гэта важная падзея не толькі для тых, хто жыве літаральна навобмацак (а такіх у краіне нямала — каля 15 тысяч чалавек), але і для ўсіх, хто знаходзіцца побач. Падчас месячніка ўвага шырокай грамадскасці прыцягваецца да неабходнасці абароны правоў і інтарэсаў інвалідаў па зроку.

Пра тое, як яны жывуць і чым мы можам ім дапамагчы, журналіст пагутарыла са старшынёй Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» І.М.Хаметам.

xameta1

– Ігар Міхайлавіч, вось ужо два тыдні я звяртаю ўвагу на пешаходаў, але людзей з «белым кіем» нешта не заўважаю. Іх у Пружанах няма?

– Інваліды па зроку, на жаль, ёсць і будуць. У Пружанскім раёне такіх афіцыйна налічваецца  97 чалавек, 12  з іх – татальна невідушчыя.

Але, сапраўды, па вуліцах ніхто са спецыяльным кійком — апавяшчальнікам таго, што чалавек мае праблемы са зрокам, не ходзіць. У пэўнай ступені таму, што існуе  псіхалагічны фактар: боязь заявіць аб сваёй патрэбе ў падтрымцы і разуменні грамадству, якое яшчэ не гатова ўспрымаць людзей з праблемамі зроку (ды і інвалідаў наогул) нароўні з усімі астатнімі. Людзі  дарослыя, не кажучы пра дзяцей, баяцца насмешак і пагарды, з якімі  сутыкаліся раней.

Белы кій, дарэчы, незаменны памочнік: невідушчы чалавек нават па стуку ў стане вызначыць фактуру паверхні, у межах якой рухаецца. А некаторыя яго мадыфікацыі абсталяваны святлоадбівальнымі элементамі і падсветкай. Але нават пры наяўнасці кія  чалавеку, які не бачыць, лёгка адхіліцца ў бок ад звычайнага маршруту. І, як вынік — небяспека.

– Невідушчы чалавек не проста выходзіць на вуліцу, але і самастойна збіраецца рабіць пакупкі, наведвае  грамадскія будынкі, ці гатовы Пружаны сустрэць яго «без  бар’ераў»?

– Дадам, што многія нашы хлопцы атрымалі спецыяльнасці масажыстаў, псіхолагаў і нават бухгалтараў і паспяхова працуюць, а значыць, яшчэ і дабіраюцца да месца працы.

У цэлым у нашым горадзе зроблена нямала для стварэння «безбар’ернага асяроддзя». Сёння людзі з абмежаванымі магчымасцямі (не толькі з праблемамі зроку, але тыя ж апорнікі, калясачнікі) могуць наведаць многія сацыяльна значныя аб’екты: крамы, цырульні, аддзяленні банкаў і г.д.  Для іх зручнасці зроблены пандусы і поручні. Звярніце ўвагу, што ў горадзе нарэшце з’явіліся так званыя «ўтопленыя» бардзюры, якія дазваляюць спакойна пераходзіць з тратуара на пешаходны пераход.

Яркай фарбай цяпер пазначаны першая і апошняя прыступкі ўваходных лесвічных маршаў у цэнтральнай раённай бальніцы, за што мы вельмі ўдзячны галоўнаму ўрачу В.М. Дараневічу.

Хацелася б адразу падзякаваць і нашым спонсарам, якія рэгулярна аказваюць таварыству і фінансавую, і  гуманітарную падтрымку: Аранчыцкаму збожжапрыёмнаму прадпрыемству і яго кіраўніку І.Р.Замковіч, Аранчыцкай птушкафабрыцы ў асобе Т.В.Дыбуль і, вядома ж, Пружанскаму малочнаму камбінату і яго дырэктару У.М.Мікіцічу.

Адзначу, што ў апошні гады абнавіўся аўтапарк: з’явіліся  аўтобусы з нізкімі прыступкамі, і ў кожным з іх – гукавы інфарматар, які аб’яўляе ўсе прыпынкі. А колькі было станоўчых водгукаў, калі яркай фарбай выдзелілі край платформаў на аўтавакзале. Людзям з рэшткавым зрокам стала вельмі зручна.

Дзякуем і арганізацыі БРСМ, члены якой па нашай просьбе пазначылі спецыяльнай паперай з люмінесцэнтным эфектам многія сацыяльна значныя аб’екты: наляпілі на дзверы са шклом кружочкі.

invalidy-0150

Таксама ў горадзе ўсталявалі святлафоры з гукавым зумерам для людзей са слабым зрокам. У мінулым годзе сумесна з супрацоўнікамі ДАІ нават праводзілася асобная акцыя, каб прыцягнуць увагу вадзіцеляў да невідушчых пешаходаў. Але сёлета, на жаль, паступілі скаргі ад жыхароў вул. Кобрынскай на вельмі гучны сігнал зумера, і яго проста адключылі.

– Падкажыце, а што яшчэ райцэнтр мог бы зрабіць для вас па прыкладу іншых гарадоў? Дарэчы, калі была ў Брэсце, звярнула ўвагу, што небяспечныя  зоны тратуара (перад зебрай, па краі аўтобуснай платформы, а таксама перад чыгуначным палатном) вылучаны рэльефнай тактыльнай пліткай, якая служыць  своеасаблівым сігналам для чалавека, які не бачыць…

– Сапраўды, у нас такога размежавання няма. Але разумею, што  стварэнне гэтага рэльефу  запатрабавала б значных фінансавых укладанняў. Можна выратаваць сітуацыю, вылучаючы ярка-жоўтай ці белай  фарбай абмежавальную лінію, напрыклад, на платформе ў Аранчыцах  уздоўж палатна чыгункі. Магчыма, гэта стрымлівала б і адчайную моладзь, якая пры набліжэнні цягніка стараецца падысці як мага бліжэй да краю платформы, ствараючы, такім чынам, патэнцыяльна небяспечную сітуацыю.

Таксама хацелася б, каб і іншыя сацыяльна важныя аб’екты, у прыватнасці, універмаг (нашы інваліды асцерагаюцца наведваць яго з-за небяспечнай лесвіцы) правялі акцыі, падобныя «БРСМаўскай» і зрабілі кантрастную афарбоўку лесвічных маршаў. Але звяртаю ўвагу на тое, што афарбоўваць трэба правільна: не вертыкальныя (як гэта зроблена на прыступках Палацы культуры), а гарызантальныя паверхні.

Звяртаюся з просьбай і да адміністрацыі аўтапарка, каб шыльды з раскладам аўтобусаў размясцілі крыху ніжэй і шрыфт на іх зрабілі вялікіх памераў – цяпер мы не можам карыстацца гэтай інфармацыяй.

– А што можа прапанаваць інвалідам ваша ўстанова? Вось, бачу ў памяшканнях таварыства нейкія  цікавыя  прыстасаванні…

– Сапраўды, у нашым кабінеце рэабілітацыі мноства разумных тэхнічных «памочнікаў». Акрамя  звычайных аўдыёплэера, касетнага дыктафона, радыё ёсць яшчэ калькулятар з агучваннем лічбавага набору і аперацый, наручны гадзіннік з зумерам, лічбавы тэрмометр і танометр з агучкай, якія дазваляюць інваліду самастойна вымераць сабе тэмпературу і ціск. Можам прапанаваць пагуляць у тактыльныя шахматы Брайля, чорнае поле якіх размешчана вышэй белага. Ёсць яшчэ рэльефная – выразаная з дрэва – ікона Свяціцеля Мікалая. Дарэчы, у Мінску пры вучылішчы для людзей са слабым зрокам нядаўна адкрылі прыход, дзе ўсе абразы рэльефныя. Хацелася б, каб падобныя іконы з‘явіліся і ў нашых храмах.

Таксама для нашых членаў выпісваем аўдыёчасопіс «Таварыш», у кожным нумары-дыску якога закладзена каля 6 гадзін інфармацыі, размеркаванай па розных рубрыках. Гэтыя дыскі чалавек можа ўзяць дадому, як у бібліятэцы. Часопіс нашы інваліды чакаюць з нецярпеннем, я асабіста яго праслухоўваю ад пачатку да канца.

Звярніце ўвагу і на тое, што на камп‘ютарах устаноўлена праграма экраннага доступу JAWS, дзе кожны крок «мышкі» агучваецца.

– Ці не тая гэта праграма па навучанні прастораваму арыентаванню інвалідаў па зроку, якая рэалізуецца ў многіх гарадах? Прасцей кажучы, іх вучаць, як дабрацца, як мінімум, да прыпынку грамадскага транспарту. Прычым, вызначаецца асобны маршрут для кожнага чалавека – актуальны менавіта для яго – і загружаецца на індывідуальны планшэт.

– На жаль, пакуль у нас няма гэтай праграмы, няма і планшэтаў…

   Гутарыла Алена Зялевіч

P.S. У раённай арганізацыі  БелТІЗ няма не толькі індывідуальных планшэтаў, але і многага з таго, чым ужо даўно не здзівіш офісы іншых устаноў горада. Напрыклад, тых жа ЖК-манітораў. Не мараць тут і аб новай мэблі з закругленымі панэлямі, аб якія нельга траўмавацца. Будзем спадзявацца, што хто-небудзь са спонсараў дапаможа вырашыць і гэтую праблему. Бо любая акцыя праводзіцца не для справаздачы. Гэта добрая нагода для мабілізацыі грамадства на добрыя справы, папераджальны знак свядомасці: «Будзь чалавекам, азірніся вакол». Глядзіш, і заўважыць нэхта патрэбы іншых людзей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *