Воскресенье, 21 января 2018

Прызнанне заслужыў працай

544

На мінулым тыдні жыхару Калядзіч Генадзю Сераму споўнілася семдзесят. Нягледзячы на такую салідную дату, чарговы юбілей пенсіянер сустракаў зусім не ў няхітрых хатніх клопатах, а на… рабочым месцы.

70-let-kolyadichi

На віншаванні з нагоды дня нараджэння для Генадзя Міхайлавіча не скупіліся ні родныя, ні калегі. За шматгадовую і добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе Пружанскага раёна трактарыста-машыніста ААТ «Агра-Калядзічы» прыехалі аддзячыць  старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук і старшыня прафкама работнікаў АПК І.І.Ярома. Кветкі, грамату, увагу — усё гэта Г.М.Серы, бясспрэчна, заслужыў сваёй працай.

Першы запіс у працоўнай кніжцы Генадзя Міхайлавіча Серага зроблены ў далёкім 1962 годзе. Больш як паўстагоддзя таму ён пачаў працоўную дзейнасць на Украіне: атрымаў «корачкі» механізатара і ўладкаваўся на працу ў родным сяле на Харкаўшчыне. На Пружаншчыне мужчына апынуўся толькі ў 1984 годзе.

— У свой час грамадзяне шматінтэрнацыянальнага Савецкага Саюза не ведалі межаў. Так аднойчы лёс звёў мяне з будучай жонкай, якая прыехала падзарабіць у наша сяло з беларускага Радзецка, — расказвае Генадзь Міхайлавіч. — Спачатку жылі на маёй радзіме, а пазней, калі старэнькім бацькам жонкі спатрэбіўся догляд, пераехалі ў Беларусь. Вось так я і апынуўся ў Калядзічах.

Генадзь Серы зазначае, што працаваць на беларускай зямлі пачынаў яшчэ ў тагачасным калгасе «Рассвет» — пры легендарным кіраўніку Я.І.Кудзінаве. Спачатку сеў за руль МТЗ-50 — працаваў у жывёлагадоўлі. Пазней перасеў за штурвал кормаўборачнага камбайна Е-281 з травяной жаткай, з дзясятак сезонаў убіраў цукровыя буракі на КС-65. Цяпер з адказнасцю ставіцца да работ, якія выконвае на МТЗ-80.

Такія кадры, як Генадзь Серы, у любой гаспадарцы на вагу золата. І ААТ «Агра-Калядзічы» — не выключэнне. Кіраўніцтва падкрэслівае, што за 32 гады, што Г.М.Серы працуе ў таварыстве, у яго адрас ніколі не ўзнікала нараканняў: замацаваная за механізатарам тэхніка заўсёды спраўная, даручаны фронт работ выконваецца якасна і своечасова, сам ён вылучаецца дысцыплінаванасцю і адказнасцю. Яшчэ вясна ледзь уступіць у свае правы, а Генадзь Міхайлавіч ужо шчыруе ў полі. Пасадка, апрацоўка і ўборка бульбы, касьба, нарыхтоўка сенажу… Прастою сваёй тэхніцы механізатар не дае. А зімой  у складзе рамонтнага звяна рыхтуе тэхніку да новага сельскагаспадарчага сезону. Веды вопытнага механізатара цэняць: за столькі гадоў нястомнай працы ён з тэхнікай на «ты» — без падказкі  ведае, які болт адкруціць, дзе падшыпнік памяняць.

Генадзь Міхайлавіч — не толькі шчыры працаўнік, вопытны калега, які карыстаецца аўтарытэтам у калектыве. Нагоды для гонару ёсць у мужчыны і ў асабістым жыцці. Ён шчаслівы ў сям‘і, радуецца тром сваім дзецям, поспехам кожнага з васьмі ўнукаў, і нават мае праўнучку. Не без гонару Генадзь Міхайлавіч зазначае, што летась з жонкай Лідзіяй Іванаўнай адзначылі залатое вяселле.

Восьмы дзясятак, адлік якому пайшоў, для Генадзя Серага — не нагода, каб сядзець склаўшы рукі.

— Пакуль здароўе дазваляе, чаму б і не папрацаваць?! — разважае Генадзь Міхайлавіч. — Тым больш, што занятасць справай дазваляе чалавеку быць у тонусе, а значыць, лепш сябе адчуваць. Ды і прыемна ўсведамляць, што ты ўсё яшчэ патрэбны людзям.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,

           Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

На здымку:

Генадзь Міхайлавіч Серы прымае віншаванні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *