Понедельник, 24 сентября 2018

З лабірынту маўчання

489

У мінулую пятніцу па дарозе ў абласны цэнтр да нас, у Пружаны, завіталі  вядомыя беларускія літаратары – паэтка Наста Кудасава і перформер Ілля Сін. Нагодай для творчай сустрэчы стала прэзентацыя паэтычнага зборніка «Маё невымаўля», якую яны вырашылі правесці ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», бо менавіта гэты культурны, па іх меркаванню, аазіс здольны карэнным чынам памяняць звыклыя ўяўленьні сталічных жыхароў аб беларускай «правінцыі».

13249591_10206432835568805_1110889944_n-ea6kr

Сапраўды, напоўнены паэзіей вечар у палацыку атрымаўся вельмі душэўным і пазнавальным. Чароўная аўтарка Наста Кудасава з лёгкасцю ўтрымлівала ўвагу трох дзесяткаў непадрыхтаваных гледачоў шчырым чытаннем сваіх арыгінальных вершаў, якое чаргавалася з  яркімі ўспамінамі яе жыцця.

img_8657

Нарадзілася Наста ў Рагачове – там, “дзе цячэ Дняпро”. Вершы пачала пісаць з ранняга дзяцінства, а публікавалася  з 15-ці гадоў. Пасля школы скончыла філалагічны факультэт (аддзяленне рускай філалогіі) і магістратуру БДУ па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства».  Яна аўтарка трох паэтычных зборнікаў, а таксама шэрагу публікацый у розных перыядычных выданнях, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы перакладаюцца на розныя мовы, у тым ліку і на рускую, бо піша Наста, што цікава, толькі па-беларуску.

img_8708

img_8664

img_8661

img_8680

img_8716

img_8718

img_8677

Прэзентаваную кнігу “Маё невымаўля”, якая пабачыла свет у серыі «Кнігарня пісьменніка» ў выдавецтве «Кнігазбор», склалі выбраныя вершы, напісаныя за апошнія пяць гадоў (як падказвае сама назва, гэта быў не самы лёгкі перыяд у яе жыцці).  У вершах раскрываецца невымоўная таямніца  душы – ніякай прыкрай сентыментальнасці і няшчаснага кахання, а толькі хвалюючая праўда адзінокага жаночага існавання. Здаецца, што Наста сваё натхненне бярэ адусюль – “ад каранёў да апошняга лісціка на дрэве”, галоўнае, каб  цішыня дазволіла пачуць іх уласную мову. Уласны слоўнік стварыла і сама паэтка: “невыгаўкны” свет сабакі і “нізкімныя” ночы як нельга лепш перадаюць палітру  парэпанага ўнутранага жыцця.

– “Маё невымаўля” – кніга, за якую я адчуваю вялікую адказнасць. Галоўны змест зборніка можна акрэсліць як перажыванні чалавека, закаханага ў жыццё і ў зямныя лёсы – лёс паэта, лёс жанчыны, лёс жука, сабакі, мядзведзя, сасны, ветра…  Гэта кніга – услухоўванне ў спевы рыб і рост дрэваў. Гэта мой шлях углыб мовы, да першасных сутнасцяў словаў, і далей – да простага і няўлоўнага, да таго, што застаецца па-за мовай, між радкоў. Але нягледзячы на боль, адзіноту і расчараванне, я б хацела данесці чытачу веру ў галоўнае – веру ў любоў, якая разліта паўсюдна, і якая  адзіная напаўняе наш свет сэнсам і прыгажосцю, – распавяла аўтарка пра свае творы.

Вершы Насты Кудасавай  невыносныя ў душэўным сэнсе, таму што ўзятыя аўтаркай  высокія ноты амаль немагчыма вытрымаць.  Проста замілавацца гэтымі сучаснымі «мадэрнісцкімі» вершамі не атрымаецца, яны разлічаны на працу душы і розуму…

Занадта па-сапраўднаму, занадта па-жывому,  занадта не так, як зараз прынята, выступаў і літаратурны эксперыментатар Ілля Сін.

img_8694Ён прачытаў кавалак з кнігі «Уласныя дэманы», напісанай пад уздзеяннем Евангельскага эпізоду, калі Хрыстос пытае ў чалавека, апантанага нячыстым духам: «Як тваё імя?», – і ў адказ чуе: «Маё імя Легіён».  Страшную персаніфікацыю, якая з’яўляецца, калі дэманы ўплываюць на чалавечую душу і ў галаве пачынаюцца  дзікія гульні на розных галасах, літаратар перадаў вельмі рэалістычна.

img_8705

img_8704

img_8703

Прызнацца, зразумець глыбінную сутнасць гэтага тэатра было складана. Праўда, за 20 гадоў падобных выступленняў удзельнік арт-групы «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» паспеў прывыкнуць да неразумення публікай такой «нефарматнай» сучаснай літаратуры.

img_8721

Але як бы там ні было, аўтограф-сесія, якой завяршылася вечарына, паказала, што мінскія літаратары знайшлі сваіх новых прыхільнікаў і ў Пружанах.

p.s.: Варта адзначыць, што сустрэча адбылася ў рамках кампаніі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай юбілею беларускага друку, што мае адбыцца ў 2017 годзе,  якую праводзіць  грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *