Понедельник, 9 декабря 2019

1 августа — День железнодорожника

1 308

Міма чыгуначнага вакзала, натужліва пастукваючы коламі, праходзяць саставы. Жаночы голас аб’яўляе аб прыбыцці чарговага цягніка…

Прыклад добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў паказвае дзяжурная Марыя Арбузава (на здымку), якая працуе на станцыі больш як 30 гадоў. Абвесткі аб адпраўленні цягнікоў — гэта мізэр у моры ўсёй яе работы. Акрамя таго, дзяжурны па станцыі кіруе рухам паяздоў: пераводзіць стрэлкі, падае грузы, выцягвае паражнякі, распараджаецца пагрузкай і выгрузкай саставаў…

— Нягледзячы на вялікі груз адказнасці, які ўскладаецца на мае плечы, я нават у свой першы рабочы дзень не адчувала боязі, — гаворыць Марыя Паўлаўна.
Застаць намесніка начальніка станцыі Аранчыцы Валерыя Саўчука на месцы аказалася не так і проста: на чыгунцы ў кожнага спраў шмат. Хіба што толькі раніцай, калі праходзяць селектарныя нарады, чым мы і скарысталіся.

— Апошнім часам наш калектыў працуе ў аўральным рэжыме, — тлумачыць Валерый Паўлавіч, які падчас водпуску начальніка выконвае яго абавязкі. — У першую чаргу гэта звязана з тым, што на Пружаншчыне развярнулася маштабнае будаўніцтва: узводзяцца фермы і комплексы, жыллё, ідзе пракладка  аб’язной дарогі вакол Белавежскай пушчы… Выгружаем вагоны з пяском, жвірам, шчэбнем, бетонам і іншымі будматэрыяламі. Іншы раз за суткі на станцыю прыходзіць да 200 вагонаў. Вось толькі, на жаль, не ўсе нашы кліенты своечасова забіраюць свой груз.

Паспяхова аранчыцкія чыгуначнікі спраўляюцца і з сезоннай напружанасцю, якая склалася ў сувязі з павелічэннем пасажырапатоку. І з нецярпеннем чакаюць укаранення сучасных тэхналогій: усталявання на станцыі плацёжных тэрміналаў для продажу білетаў па безнаяўным разліку, з дапамогай пластыкавых картак.
Як вядома, паспяховая работа ўсяго калектыву (а на станцыі Аранчыцы гэта ўсяго 21 чалавек) — прафесіяналізм і сумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў кожнага асобнага работніка.

Умела арганізоўваюць работу сваіх падначаленых старшы касір Лілія Піліпаўна Баліцкая і таварны касір Таццяна Анатольеўна Валуйская. У ліку лепшых  — вагоннік-саставіцель Міхаіл Валер’евіч Лукін. Закасаўшы рукавы, разам з астатнімі шчыруе на пагрузцы-выгрузцы вагонаў начальнік Аранчыцкага ўчастка «Брэстгрузтранслагістык» Уладзімір Яўгенавіч Чатырбок.

Дарэчы, на добрым рахунку ў кіраўніцтва і моладзь. Прыёмаздатчык Вольга Кавалевіч, якая закончыла Брэсцкі чыгуначны каледж, напрыклад, на работу прыйшла нядаўна, але ў прафесіяналізме не саступае сваім калегам са стажам. Перспектыўным спецыялістам тут лічаць дзяжурную Вольгу Ждановіч.

— А са жніўня работы яшчэ прыбавіцца: пачнем пагрузку зерня, — з баявым настроем дадае Валерый Саўчук.
Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *