Среда, 20 июня 2018

Фарбы старога парку

1 075

Што можа быць найбольш прыгожай натурай для мастака, чым беласнежная вежа Пружанскага палацыка ў аправе пышных пажаўцелых крон высокіх грабаў і ясеняў?! Што можа быць лепшай нагодай для сустрэчы, чым цёплыя дзянькі бабінага лета і свежае гаючае паветра дзіўнага пружанскага парку?!

img_2666_novyj-razmer

Так для сябе вырашылі і вядомыя сучасныя беларускія мастакі, члены арт-суполкі «Абуджэнне», якія ў першыя выхадныя кастрычніка правялі ў Пружанах мастацкі пленэр. Акурат у тые дні прырода падаравала ім цудоўнае надвор’е і шматлікіх гледачоў: шчаслівыя сем’і з дзецьмі-гарэзамі, добразычлівыя назіральнікі за птушкамі і ліхія вясельныя картэжы. Ва ўсіх была выдатная магчымасць паназіраць за нараджэннем маленькіх эцюдаў і вялікіх карцін, размяшаць фарбы на рознакаляровых палітрах і нават зрабіць некалькі мазкоў…

Прайшло тры тыдні, карціны падсохлі, атрымалі выдатнае абрамленне… Цяпер паглядзець на рукатворную прыгажосць могуць усе жадаючыя: у мінулую пятніцу ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося ўрачыстае адкрыццё справаздачнай выставы пленэра. На ім прысутнічалі пастаянныя госці і сябры музея, навучэнцы мастацкіх школ і гурткоў, творчая грамадскасць, пастаянныя наведвальнікі і, вядома ж, майстры, якіх ва ўступным слове прадставіў дырэктар музея Юрый Зялевіч.

p-034_novyj-razmer

p-069

Як аказалася, усе яны шырока вядомыя і аўтарытэтныя ў мастацкіх колах людзі. Таццяна Зданевіч з Бярозы з’яўляецца сябрам Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. Сярод яе мастацкіх захапленняў – графіка, жывапіс, а таксама традыцыйныя народныя рамёствы. Анатоль Маразюк – мастак, архітэктар, дызайнер, у свой час узначальваў архітэктурную службу Бярозаўскага раёна.

Казімір Кулеш і Васіль Грыневіч – сябры аб’яднання слонімскіх мастакоў “Слонім-Арт”,  ужо шмат гадоў прафесійна  займаюцца жывапісам, пішуць пейзажы, нацюрморты. Апошні таксама плённа працуе яшчэ і ў графіцы. Дарэчы, падчас пленэра ён напісаў некалькі работ, якія стануць пачаткам цэлага графічнага цыклу «Пружанскі дзённік», прысвечанага, як вы ўжо здагадаліся, нашай зямлі.

Самы актыўны сябар арт-суполкі “Абуджэнне” і ідэйны натхняльнік пленэра жывапісец Андрэй Лычкоўскі з г.Узда Мінскай вобласці —  увогуле вельмі самабытная постаць у сучасным беларускім жывапісу, яго работы ўпрыгожваюць выставачныя залы розных музеяў і галерэй краіны.

Усіх гэтых людзей, якія вядуць актыўную творчую, выставачную і асветніцкую дзейнасць, якія па-іншаму бачаць свет, шчыра вітала галоўны спецыяліст аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама Т.І. Ярошка. Яна падзякавала майстрам за яркае ўсхваленне хараства прыроды і архітэктуры пружанскага краю, якія мы, пружанцы, на жаль, не заўсёды заўважаем, за пачуццё гонару ад таго, што менавіта наша зямля натхніла майстроў пэндзля на стварэнне такіх неверагодных шэдэўраў.

У адказ Андрэй Лычкоўскі і Таццяна Зданевіч падзякавалі пружанцам  за цёплы прыём, які, па іх меркаванню,  не заўсёды сустрэнеш нават у вялікіх гарадах. Цёплыя словы адрасавалі і музыкам, якія  сваім цудоўным выкананнем настройвалі ўсіх на ўзнёслы лад.

p-057

14650450_1118883461564552_3152247094731811673_n

Сапраўды, папуры з вядомых музычных кампазіцый у выкананні народнага ансамбля  народных інструментаў  “Пружанскі палацык” (мастацкі кіраўнік – Святлана Бартноўская) дадало цудоўныя гарманічныя ноткі ва ўтульную атмасферу гасцёўні палацыка.

p-037_novyj-razmer

p-030_novyj-razmer

Спрыялі настрою і салодкія падарункі ад нашай мастачкі Марыі Кулецкай. І букеты, і цёплыя словы, якімі адарыла мастакоў  пружанская паэтка Ніна Дыдышка. Яна вельмі трапна  прыкмеціла, што фарбы на палотнах майстроў, якія даюць магчымасць дакрануцца да прыгажосці, ніколі не будуць цьмянымі.

p-074

p-079

p-095_novyj-razmer

Гэтыя фарбы і колеры,  гэтае святло, якое госці імпрэзы ўбачылі на дваццаці пяці карцінах мастакоў, і якое можаце пабачыць вы, паважаныя чытачы, калі завітаеце ў палацык, сапраўды не могуць згаснуць! Усе карціны перадаюць непасрэдныя ўражанні мастакоў і не могуць не захапляць сваёй нястрымнай энэргіяй і каляровай свабодай.  Глядзіш на іх і разумееш, што звыклыя пейзажы нашага пружанскага парку зусім не саступаюць па сваёй прыгажосці далёкім экзатычным месцам.

p-100

p-013_novyj-razmer

p-014_novyj-razmer

p-017_novyj-razmer

p-025_novyj-razmer

p-026_novyj-razmer

p-098_novyj-razmer

p-116_novyj-razmer

p-010_novyj-razmer

Жадаеце сапраўднага жывапіснага свята? Прыходзьце ў палацык! Выстава пад паэтычнай назвай “Фарбы старога парку” чакае ўсіх аматараў каляровых мараў і імкненняў!

Алена Зялевіч

3 комментариев

  • Света

    Скажите кто-нибудь: а эти картины в палацыке продаются или нет? Я бы купила пару штук!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • пружанец

    Лучше обратиться с этим вопросом сразу в музей, тел. 2-18-96 или +375 33 3711342 (МТС)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Света

    Огромное спасибо!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *