Пятница, 19 апреля 2024

Забыць немагчыма — толькі памятаць!

1 052

Вось ужо і 71-я гадавіна Вялікай Перамогі адышла ў нябыт. Як жа непрыкметна бяжыць час! З кожным годам усё больш аддаляемся мы ад 1940-х гадоў. І чым далей, тым складаней узнавіць тыя падзеі: зыходзяць з жыцця сведкі ваеннага ліхалецця.

Але не-не, ды нагадае пра сябе вайна…

img_0361

Першага кастрычніка на Ружанскіх могілках прайшло ўрачыстае адкрыццё помніка на месцы пахавання 26 байцоў Савецкай Арміі. Падрабязнасці гібелі тых чырвонаармейцаў сталі вядомы ўсяго некалькі гадоў таму.

«Раёнка» неаднойчы за апошнія гады  пісала пра тое, што ў чэрвені-ліпені 1941 года цяжка параненых байцоў, узятых у палон, гітлераўцы не адправілі ў канцлагер: мясцоваму святару Іаану Наўродскаму дазволілі размясціць іх у царкве, дзе з дапамогай неабыякавых людзей быў арганізаваны догляд. Але, на жаль, ніхто з тых салдат не выжыў. Святар пахаваў іх на тэрыторыі царквы, а пазней астанкі перапахавалі на мясцовых могілках.

Толькі два гады таму складзены святаром спіс прозвішчаў гэтых салдат — рукапісны дакумент,  які цяпер называюць «спісам айца Іаана», стаў даступны шырокай грамадскасці. Пасля яго апублікавання знайшліся родзічы аднаго з тых чырвонаармейцаў. Пляменніца Міхаіла Дзянісавіча Александрова, нягледзячы на вялікую адлегласць (жанчына жыве ў Чалябінскай вобласці), у каторы раз наведала месца пахавання свайго дзядзькі.

Падчас папярэдняга візіту Таццяны Сяргееўны і яе дачкі Марыі ў Ружаны быў абноўлены крыж на брацкай магіле. Тым не менш, Ружанскі сельвыканкам не адмовіўся ад сваёй ідэі ўвекавечання памяці воінаў. І вось сям’я Александровых ізноў наведала Ружаны з нагоды адкрыцця новага помніка.

Варта аддаць належнае работнікам Ружанскай дзіцячай бібліятэкі А.І.Анонічавай і І.М.Дулько, якія арганізавалі мерапрыемства. Удзельнікамі без перабольшання знакавай падзеі для пасёлка сталі настаўнікі і вучні Ружанскай школы. Вершы з глыбокім сэнсам у прачытанні дзесяцікласнікаў  Г.Барысевіч,  В.Канановіча, М.Левянкова, В.Літвіновіч і Я.Рабцавай краналі за душу.

Т.С.Александрова не ўпершыню выказвала словы захаплення Іаанам Наўродскім, учынак якога па мерках таго часу ацэньваецца як подзвіг. Канешне, яна шчыра ўдзячна і ўсім, хто меў дачыненне да ўвекавечання памяці байцоў.  Дарэчы, старшакласніца Валерыя Літвіновіч пад кіраўніцтвам настаўніцы Л.І.Давідзенка піша даследчую работу пра айца Іаана Наўродскага.

Па традыцыі памяць пахаваных ушанавалі хвілінай маўчання, да абеліска ўсклалі вянок і кветкі. Месца пахавання асвяціў настаяцель Ружанскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы Аляксандр Сень.

Для школьнікаў гэта быў сапраўдны ўрок мужнасці, талерантнасці і патрыятызму.

Таццяна Александрова падарыла школе партрэт свайго дзядзькі, каб 9 мая ў складзе «Бессмяротнага палка» яго пранеслі па вуліцах пасёлка.

Вера Наумік,

 намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ружанскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *