Воскресенье, 18 февраля 2018

Вёска Байкі: гісторыя аднаго жыцця

652

У некалі шумных і шматлюдных Байках, што непадалёку ад Ружан, сёння прыезджых сустракаюць пустыя вясковыя вулачкі. Аказалася нават складана знайсці, у каго спытаць пра дом, дзе пражывае былая партызанка Любоў Іванаўна Баран. Але, даехаўшы да брацкага пахавання, якое нагадвае пра трагічную старонку гісторыі вёскі, нарэшце трапляем па належным адрасе.

20161017_8962_izmen.razmer

На хаце, дзе жыве пенсіянерка, вісяць дзве шыльды. Адна з надпісам: «У гэтым доме нарадзіўся Ціхан Баран, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна», другая сведчыць, што тут у гады вайны працавала падпольная друкарня.

Аповед пра сваё жыццё, пра лёс сваякоў Любоў Іванаўна пачынае са шматзначнага: «Чаго толькі не давялося прайсці ў жыцці…» Нялёгкія ўспаміны, навеяныя чарговым жыццёвым рубяжом — 90-годдзем, вяртаюць пажылую жанчыну ў 1940-я гады.

— Нас у бацькоў было трое, але вайну перажыла толькі я, — расказвае Любоў Іванаўна. — Старэйшая сястра Ніна загінула ў партызанах, малодшая Нюра пазбегла нямецкай турмы, але не выратавалася, калі немцы палілі сяло. А мне жыццё дасталося нялёгкай цаной…

Як вядома, у гады нямецкай акупацыі на Ружаншчыне актыўнае супраціўленне захопнікам аказвалі народныя мсціўцы. Тут былі ўсе ўмовы для партызанскага руху: дрымучыя лясы, непраходныя балоты, а галоўнае — адчайна смелыя людзі.

Любоў Іванаўна была сувязной партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. У 1943 годзе жанчыну ў ліку некалькіх дзясяткаў мясцовых жыхароў арыштавалі: спачатку трымалі ў Ваўкавыскай турме, затым адправілі ў Беласток, адкуль яна трапіла ў Равенсбрук. Жанчына прайшла сапраўдны ад, якім аказаўся жаночы канцэнтрацыйны лагер, па дванаццаць гадзін стаяла за такарным станком.

Праз лагерныя выпрабаванні прайшлі і яе бацькі.

20161017_8947_izmen.razmer

 Гаспадыня знаёміць нас з  людзьмі, што бязмоўна глядзяць з чорна-белых партрэтаў на сцяне. На большасці фотаздымкаў — сваякі мужа.

— З сям‘і Баранаў таксама мала хто выжыў, — гаворыць пенсіянерка. — Васіль загінуў у партызанах, пахаваны ў Гута-Міхаліне, Уладзімір не вярнуўся з фронту, застаўся ляжаць у чэхаславацкай зямлі, Ціхана застрэлілі немцы, з абедзвюма сёстрамі мужа жорстка расправіліся карнікі падчас знішчэння Байкоў. З шасці дзяцей у бацькоў застаўся толькі  мой Павел, які  пасля вызвалення Беларусі трапіў на Дальнеўсходні фронт.

У Байках сям’я Баранаў легендарная. Іх дом быў цэнтральным вузлом для партызанаў, тут жа размяшчалася  падпольная друкарня, рэшткі якой захаваліся і да сённяшняга дня. Уся сям’я — ад малых да старых — трымала сувязь з партызанамі, а 12-гадовы Ціхан увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як «піянер-герой».

20161017_8916_izmen.razmer

 Гэта было ў студзені 1944 года. Зразумеўшы, што Байкі — апорная база партызан, немцы вырашылі знішчыць вёску. Трагедыю Байкоў нярэдка параўноўваюць з Хатынскай. У той зімовы дзень  усіх 957 жыхароў вёскі расстралялі, а вёску спалілі. Ціхана Барана не забілі: спадзяваліся, што перапалоханы падлетак  пакажа дарогу да партызан. Але  хлопчык прывёў карнікаў у багно, адкуль тыя выбрацца ўжо не змаглі. Так хлопчык адпомсціў фашыстам — за бацькоў, сясцёр, братоў, за вёску.

— Не ведаю, праўда ці не, але гаварылі, што там загінулі каля двухсот немцаў. Канкрэтнае месца гібелі самога хлопчыка не вядома, — кажа Любоў Іванаўна.

Магчыма, гэтая гісторыя ніколі  не стала б вядомай, калі б не знойдзены пасля вайны дзённік нямецкага афіцэра. Маючы на ўвазе байкоўскага хлопчыка Ціхана Барана, ён напісаў: «Мы ніколі не пераможам рускіх, таму што нават дзеці ў іх змагаюцца, як героі».

У 1945 годзе, калі Любоў Іванаўна вярнулася дамоў, на месцы  роднай вёскі яе чакала папялішча. Калі даведалася, якая трагедыя здарылася ў Байках, зразумела: канцлагер для яе самой, яе бацькоў, бацькоў Ціхана  аказаўся выратаваннем.

— Вось як у жыцці бывае:  думалі, што нас адправілі на верную смерць. А ўсё абярнулася наадварот: дзякуючы зняволенню мы выжылі, — кажа састарэлая жанчына.

Жыццё пачыналі з чыстай старонкі: працавалі, будаваліся. На месцы спаленай хаты Баранаў была ўзведзена новая. У ёй і пражылі большую палову жыцця Любоў Іванаўна і Павел Максімавіч. Жанчына працавала ў паляводстве. А Павел Баран стаў першым старшынёй калгаса ў Байках, уздымаў сельскую гаспадарку ў Бярэзніцы, Юндзілах.

Сёння Любоў Іванаўна — адзіная сведка Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы і апошняя галінка ў радавым дрэве сям’і Баран. Вось ужо больш дваццаці гадоў жанчына жыве адна: муж памёр, а дзетак Бог не даў. Праўда, далёкая сваячка з Ружан не дае пенсіянерцы бавіць дні ў адзіноце, дапамагае па гаспадарцы.

20161017_8930_izmen.razmer

 Быццам старонкі кніжкі гартае, расказвае юбілярка сваю біяграфію, насычаную рознымі падзеямі — прыемнымі і не вельмі. Госці — старшыня прафкама работнікаў АПК І.І.Ярома і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў М.Р.Чарвяк, якія прыехалі ад усяго сэрца павіншаваць Любоў Іванаўну Баран з днём нараджэння, — пасля пачутага толькі здзіўляюцца мужнасці і стойкасці людзей яе пакалення: прайшоўшы праз такія выпрабаванні, яны не згубілі галоўнага — чалавечнасці і бадзёрасці духу.

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *