Суббота, 20 апреля 2024

Гарант добрай рэпутацыі — флікер!

616

Сучасныя дзеці імкнуцца як мага хутчэй выпрабаваць усе прывабнасці дарослага жыцця. Таму той факт, што апошнім часам усе агульнашкольныя сходы адкрываюцца прафілактычнымі выступленнямі інспектараў па справах непаўналетніх, ні ў кога не выклікае пытанняў. Аднак у СШ №4 заява інспектара аб тым, што адсутнасць флікера ў дзіцяці пацягне за сабой складанне пратакола з далейшай пастаноўкай на ўлік у дзіцячым пакоі міліцыі, выклікала ў бацькоў пэўныя пытанні. Па тлумачэнне сітуацыі мы звярнуліся да начальніка інспекцыі ПДН А.В.Кунцэвіча.

fliker

Андрэй Васільевіч, ці з’яўляецца правамернай пастаноўка на ўлік дзяцей з-за аднаразовага, здавалася б, малаважнага, у параўнанні з іншымі, правапарушэння? Як гэтага пазбегнуць?

– «Нязначных» правапарушэнняў няма,  і чым раней дзіця зразумее, што дзейнічаць трэба толькі так, як прынята правіламі грамадства, як агаворана заканадаўствам, тым лепш.

Вы павінны разумець, што ставяць на ўлік не таму, што так хоча нейкі асобны чалавек. Усе дзеянні інспектараў прапісаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» (у рэдакцыі ад 26 мая 2012 года). Згодна з артыкулам 5, за «дзеянні, якія змяшчаюць прыкметы адміністрацыйных правапарушэнняў» (у гэтую катэгорыю трапляе і адсутнасць святловяртаючых элементаў у пешахода ў цёмны час сутак) супрацоўнік мае права скласці пратакол. Пасля разгляду якога непаўналетні прыцягваецца да адказнасці ў выглядзе папярэджання або адміністрацыйнага штрафу. Пасля ўступлення пастановы ў законную сілу дзіця ставіцца на ўлік у інспекцыі ПНД.

– А няўжо пры пастаноўцы на ўлік  не ўлічваецца  станоўчая характарыстыка дзіцяці?

– Закон ёсць закон, і ён адзіны для ўсіх: пры адміністрацыйным правапарушэнні дзіцяці мы абавязаны паставіць яго на ўлік. Пры гэтым хачу звярнуць увагу, што звесткі, зафіксаваныя ў пратаколе, трапляюць у адзіную рэспубліканскую базу дадзеных, а гэта больш важкая падстава для турботы, чым пастаноўка на ўлік.

І нават пры гэтым лічу, што бацькам варта баяцца, перш за ўсё, самога факта дадзенага правапарушэння: адсутнасць флікера можа стаць прычынай няшчаснага выпадку.

– Але ж пападанне ва ўліковы спіс пагражае дзіцяці шэрагам вялікіх непрыемнасцей! Чула, што, напрыклад, у некаторыя навучальныя ўстановы з такім «мінулым» не возьмуць.

– Сапраўды, некаторыя ВНУ, у прыватнасці Ваенная акадэмія, патрабуюць ад абітурыентаў даведку з міліцыі, а яна абавязкова будзе ўтрымліваць дадзеныя аб тым, што дзіця стаяла на ўліку. Могуць узнікнуць некаторыя цяжкасці і са службай у арміі, і з наступным працаўладкаваннем.

Але, запэўніваю вас, кожнае ўчыненае правапарушэнне разглядаецца ў індывідуальным парадку з улікам ступені цяжкасці. Не хвалюйцеся, мы, супрацоўнікі, такія ж бацькі, як і вы, – адчуваем розніцу паміж «распіццём спіртных напояў» і «адсутнасцю флікера».

– Калі ўжо дзіця пастаўлена на ўлік, то на працягу якога часу яго змогуць выкрэсліць са спісу?

– Не раней, чым праз шэсць месяцаў з дня пастаноўкi на ўлiк або пасля ўхілення прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню непаўналетнімі правапарушэнняў. Увесь гэты час мы па сваім службовым абавязку займаемся індывідуальнай прафілактычнай працай з гэтымі падлеткамі, праводзім з імі гутаркі, аказваем сацыяльную і іншую дапамогу.

– Можна сказаць, дзіця трапляе ў поле зроку інспекцыі ПДН. Але ж лепш гэтага пазбегнуць…

– Бацькам варта разумець, што намаганні работнікаў спецыяльных службаў і дзеянні бацькоў павінны быць накіраваны ў адзін бок – давесці падлетка да паўналецця без цяжкіх для яго наступстваў. Людзі ў пагонах проста робяць сваю работу, і робяць прафесійна, добра ведаючы Закон, і часам бачаць нашмат глыбей, чым аслепленыя любоўю бацькі.

Дарэчы, у нас бывалі выпадкі, калі на дзіця складалі пратакол за адсутнасць флікера, які ўсё ж такі быў, але… у кішэні, і ў патрэбны момант яго дэманстратыўна даставалі і паказвалі інспектару. Патлумачце дзецям, што так рабіць нельга: флікер павінен быць надзеты – ад гэтага залежыць уласная бяспека!

Калі ж так здарылася, што дзіця, вяртаючыся дадому без флікера (забыўся-згубіў-укралі), рухаецца ў цёмны час сутак па вуліцы, дзе няма тратуара (не блытаць з  абочынай), ён павінен асвятляць дарогу  ліхтарыкам альбо мабільным тэлефонам. У такім выпадку,  дарэчы, за адсутнасць флікера пратакол мы не складаем.  Калі ласка, будзьце ўважлівымі!

Гутарыла Алена ЗЯЛЕВІЧ

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *