У бягучым годзе значны крок наперад у развіцці малочнай жывёлагадоўлі зрабілі жывёлаводы ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». Па выніках работы за 9 месяцаў па сярэднім надоі малака ад каровы (3618 кг) таварыства займае сёмае месца ў раёне. Нядрэнна, калі ўлічыць, што мінулы год тут завяршылі перадапошнімі ў зводцы. Прыбаўка да аналагічнага перыяду мінулага года склала 335 кілаграмаў.
На здымку: начальнік МТК «Шарашова» Г.Л.Мятліцкая і галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» В.У.Ланец.
Сярод тых, хто ўносіць значны ўклад у агульны поспех, МТК «Шарашова» на 1100 галоў, які ўзначальвае Г.Л.Мятліцкая. У гэтыя дні адсюль штодзень класам «экстра» на перапрацоўку адпраўляецца каля 14 тон малака.
Дасягнуць добрых вынікаў немагчыма без надзейнага ветэрынарнага абслугоўвання жывёлы, якой на комплексе налічваецца 2,4 тысячы галоў. З гэтым цудоўна спраўляецца галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі В.У.Ланец. У свой час спецыяліст закончыла з адзнакай Ляхавіцкі аграрны каледж, а хутка атрымае дыплом аб заканчэнні Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Спыняцца на дасягнутым жывёлаводы МТК «Шарашова» не збіраюцца. Па словах начальніка, яшчэ ёсць рэзервы для росту.
Мікола АРХУЦІК