Среда, 20 июня 2018

Раённая арганізацыя Чырвонага крыжа падагульніла вынікі сваёй працы

431

Раённая арганізацыя Чырвонага крыжа падагульніла вынікі двух валанцёрскіх ініцыятыў, якія на працягу апошніх месяцаў рэалізоўваліся на Пружаншчыне.

20161012_8604_izmen.razmer

Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага крыжа — людзі пенсіённага ўзросту — ужо не аднойчы далучаліся да міжнароднага гуманітарнага руху. Пры падтрымцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яны рэалізоўвалі карысныя сацыяльныя праекты і прымалі ўдзел у дабрачынных ініцыятывах.

За шэсць гадоў існавання валанцёрскі гурт «Ветэраны» пад кіраўніцтвам старшыні раённай арганізацыі Чырвонага крыжа Л.А.Лелікоўскай рэалізаваў нямала міні-праектаў. Падчас кожнага з іх гэтыя людзі займаліся нескладанымі, але карыснымі справамі: збіралі сродкі для дзяцей-інвалідаў, наведвалі пацыентаў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, аказвалі маральную падтрымку пажылым людзям…

 Апошні міні-праект —  «Падару цяпло душы» — праходзіў у рамках аднаго вялікага праекта Беларускага Таварыства Чырвонага крыжа «Валанцёрскія ініцыятывы грамадзянскага насельніцтва ў аддаленых рэгіёнах Беларусі». Перад пружанскімі валанцёрамі стаяла задача палепшыць якасць жыцця пажылых пацыентаў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду. Як звычайна, прынялі актыўны ўдзел валанцёры-пенсіянеры (а некаторым з іх ужо за 80 гадоў), якія  рабілі карысныя справы для іншых. Пры гэтым пацыенты бальніцы былі не проста пасіўнымі назіральнікамі, але і прымалі ўдзел у праводзімых мерапрыемствах. Папярэдне быў вывучаны вопыт работы расійскіх валанцёраў у падобнай установе. «Ветэраны» насыцілі жыццё адзінокіх пенсіянераў творчым подыхам: правялі шэраг навучальных заняткаў па творчасці, далучыўшы іх  да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, ладзілі салодкія сталы.

20161012_8592_izmen.razmer

Між іншым, у рамках міні-праекта прыцягваліся дадатковыя рэсурсы: Пружанскім лясгасам і абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыяй былі выдзелены саджанцы дрэў, якія высадзілі на тэрыторыі бальніцы сястрынскага догляду. Партнёрамі праекта сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, ДЭУ-25 і Пружанскае КУВП «Камунальнік».

Тым часам наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў рэалізоўвалі яшчэ адзін праект Беларускага таварыства Чырвонага крыжа — «Быць патрэбным людзям». З дапамогай аб’яднання маладых інвалідаў у валанцёрскую групу ім дапамаглі пераадолець сацыяльную ізаляцыю, рэалізаваць творчы патэнцыял, павысіць самаадзнаку і сацыяльную значнасць. Яны аказвалі дапамогу дзецям-інвалідам, якія займаюцца ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, і пажылым людзям, якія жывуць у Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду. Маладыя валанцёры не проста ладзілі зносіны са сваёй мэтавай аўдыторыяй, але і зрабілі нямала канкрэтных карысных спраў, накшталт пашыву камплектаў пасцельнай бялізны.

Падагульняючы вынікі абодвух праектаў, намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец выказаў меркаванне, што куды больш важна, што пенсіянеры і маладыя інваліды ў меру сваіх фізічных магчымасцей могуць весці сацыяльна-актыўны лад жыцця. Ён прапанаваў валанцёрам уключыць у мэтавую аўдыторыю наступных праектаў і пажылых людзей, якія займаюць сацыяльныя ложкі ў Ружанскай і Шарашоўскай бальніцах.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *