Понедельник, 19 февраля 2018

Кветкі жыцця Марыі Дземянцей

543

Калі меркаваць па сцвярджэнні: «Дзеці — кветкі жыцця»,— тады можна сказаць, што ў Марыі Дземянцей ёсць цэлы букет. Шматдзетная мама расказала, якімі клопатамі жыве і як выхоўвае свой «кветнік».

20161014_8891-k-shirina-13-sm_izmen.razmer

Дземянцеі — пазітыўныя людзі, якія аптымістычна ставяцца да жыцця. Не, праблем тут, напэўна, не менш, чым у іншых шматдзетных сем‘яў, але яны не прывыклі скардзіцца: муж і жонка  лічаць, што цяжкасці трэба разам пераадольваць, а не плакаць з-за  іх. Адным словам, звычайныя людзі, якія жывуць, працуюць, выхоўваюць дзяцей…

Марыя і Іван разумеюць адзін аднаго з паўслова. Але і не можа быць інакш: столькі часу разам! Акрамя больш двух дзясяткаў гадоў сямейнага стажу, за плячыма ў гэтай пары шмат гадоў сяброўства.

— Мы — аднакласнікі. Мае бацькі ў свой час пераехалі ў Шарашова з Юхнавічаў, Ваніны — з Пружан. Атрымліваецца, з сёмага класа разам.

Пачуцці давялося праверыць адлегласцю: пасля школы Марыя паехала вучыцца ў Брэсцкае медвучылішча, Іван паступіў у Мінскі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Іспыт, як бачна, вытрымалі.

— Спецыяльна планаў пра вялікую сям’ю не будавалі, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. — Муж, праўда, намякаў, што не супраць мець трох сыноў. А выйшла наадварот…

У Дземянцеяў тры дачкі і сын. Старэйшай Ганне дзевятнаццаць, яна ўжо трэцякурсніца Гродзенскага медуніверсітэта. Пятнаццацігадовы Косця вучыцца ў 10 класе. Надзейцы — восем гадоў, а малодшай Верачцы няма яшчэ і двух.

Сёння яны маюць уласнае жыллё. Двухпавярховы дом для сваёй вялікай сям’і тата будаваў сам, а цяпер, пакуль мама стварае ўтульнасць у пакоях,  ён добраўпарадкоўвае дворык.

— Калі пераязджалі ў свой дом, у нас  было яшчэ двое дзяцей. Але Ганначка марыла пра сястрычку: так праз некаторы час  сям’я павялічылася, — усміхаецца жанчына. — А потым старэйшая паехала на вучобу, і ўжо Надзя спалохалася, што хутка, калі і Косця стане студэнтам, яна застанецца дома адна: у выніку «выпрасіла» Веру.

Марыя Міхайлаўна пераканана, што ў вялікай сям’і маме спраўляцца з хатнімі клопатамі прасцей — ёсць памочнікі. Напрыклад, адказным за парадак у доме з’яўляецца Косцік, Надзя — нянька для малодшай сястрычкі. У дзяцей хапае часу і на дадатковую адукацыю: усе трое старэйшых навучыліся іграць на музычных інструментах.

Бацькі не мараць пра «залатыя горы»: для іх куды больш важна, каб дзеці былі здаровымі і выраслі добрымі людзьмі.

— Канешне, выхаванне дзяцей патрабуе матэрыяльных сродкаў. Акрамя таго, хто будаваўся, ведае, што ўласны дом — гэта бесперапынны працэс, — кажа Іван Мікалаевіч. — Таму, напрыклад, планы паехаць на мора пакуль так і застаюцца планамі. Але ж для паездак па Беларусі знаходзім магчымасць: вазілі дзяцей у Гродзенскі заапарк, сталічны парк атракцыёнаў… А летам наладжваем «марскія купанні» прама ў  двары — надзімаем вялікі басейн. Галоўнае — усе шчаслівыя.

20161014_8866

Не толькі 14 кастрычніка, але і ў звычайны дзень Марыю Міхайлаўну стараюцца агарнуць цеплынёй самыя блізкія людзі — дзеці і  муж. Што яшчэ патрэбна жанчыне для шчасця?! Але прыемнай нечаканасцю для жанчыны, якая пакуль яшчэ знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці, стала ўвага з боку прафсаюзных арганізацый: шматдзетную маму павіншавалі старшыня прафкама ЦРБ Т.П.Барылка і старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук.

 Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *