Вторник, 20 февраля 2018

Мацярынства — яркае жыццё!

500

На мінулым тыдні шчырыя пажаданні і прыемныя словы з нагоды свята нашы дарагія матулі прымалі не толькі ад сваіх дзяцей і родных. У раёне прайшло нямала мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня маці. Уручаны дзясяткі грамат і букетаў калегам, якія носяць статус шматдзетных матуль, адзначаны памятнымі падарункамі грамадскіх арганізацый жанчыны, якія бачаць свой сэнс жыцця ў дзецях. 

20161014_8839_izmen.razmer

Вольга Мікалаеўна Пятрашка жыве ў Ружанах.

Сваё жыццё жанчына не ўяўляе без гарэзаў-дзетак. Яны акружаюць яе і дома, і на рабоце. Спачатку Вольга Мікалаеўна працавала настаўніцай фізкультуры ў сельскай школе, потым займалася фізічным выхаваннем дзетсадаўцаў у д/с №12 у Ружанах, сёння яна — выхавальніца другой Ружанскай дашкольнай установы, дзе не шкадуе клопату і ўвагі, дабрыні і цеплыні 17 хлопчыкам і дзяўчынкам.

А дома Вольга Мікалаеўна — любячая мама трох дзяцей.

-Замуж выходзіла з поўнай перакананасцю: у мяне будзе як мінімум трое дзетак — два сыночкі і лапачка-дачушка,— усміхаецца Вольга Пятрашка.

Жыццё, праўда, унесла ў гэтыя планы некаторыя карэктывы: Пятрашкі выхоўваюць трох сыноў. Старэйшы Максім — ужо вучань выпускнога класа. Сярэдняму Вячаславу 13 гадоў. Самы малодшы — пяцігадовы Антон.

Шматдзетная мама прызнаецца, што мужа першапачаткова палохала думка пра вялікую сям’ю: ён сам мае сямёра братоў і сясцёр і бачыў, як цяжка было бацькам падымаць усіх на ногі.

Сёння і Вольга, і Мікалай адзінадушныя: дзеці — сэнс жыцця. Клопаты пра дзяцей не перашкаджаюць жанчыне знаходзіць час для захапленняў (самы любімы яе занятак — вышыванне), займацца грамадскімі справамі — яна з’яўляецца лідарам прафкама.

У выхаванні сыноў Вольга Мікалаеўна прымяняе педагагічныя падыходы: каб у дзіцяці не было часу на глупствы, яго трэба заняць справай. Напрыклад, Максім закончыў музычную школу, а Слава і музыцы вучыцца, і наведвае нядзельную школу. Захапленне знайшлі нават для самага маленькага — Антона водзяць на заняткі маляваннем у шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі і моладдзю. Зразумела, сыноў далучаюць і да хатніх спраў.

У 2014 годзе сям’я Пятрашкаў удзельнічала ў раённым конкурсе «Лепшая шматдзетная сям’я» і ўвайшла ў тройку прызёраў.

Шматдзетная мама прызнаецца, што не імкнецца да службовага росту, не марыць стаць «дзелавой ледзі»: маўляў, галоўная мэта яе жыцця — рэалізаваць сябе, як маці. Мацярынства для яе не проста гучнае слова, а магчымасць пражыць яркае жыццё, радасць якога могуць гарантаваць толькі ўмешкі, поспехі і дасягненні дзяцей.

***

20161014_8826_izmen.razmer

Апошнюю рабочую нараду мінулага тыдня работнікі галіны адукацыі пачалі з прыемнага: старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук адзначыла граматай В.М.Пятрашка — за актыўную грамадскую дзейнасць, ініцыятыўную творчасць, стварэнне станоўчага іміджу прафсаюза. І, зразумела, у сувязі з Днём маці (на здымку).

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *