Воскресенье, 23 сентября 2018

Уладары сучаснага сяла: сям’я Улога з аграгарадка Мокрае прадставіць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта

841

У наступныя выхадныя пройдзе рэспубліканскі этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар  сяла». Брэстчыну на ім прадставіць сям’я Улога з аграгарадка Мокрае. Карэспандэнт «раёнкі» пабывала ў гасцях у Людмілы і Дзмітрыя.

img_7555-cvet-na-1-vysota-15-sm_izmen.razmer

Людміла заўсёды была чалавекам актыўным. «З малодшай сястрой хадзілі ў мясцовы Дом культуры — вучыліся вакалу, — расказвае маладая жанчына. —  Удзельнічалі ва  ўсіх канцэртах, нават гастралявалі па раёне. У школе часта была вядучай мерапрыемстваў. У вучылішчы таксама не пазбягала культурна-масавай нагрузкі. Адным словам, заўсёды  на сцэне». Падобнага не скажаш пра Дзмітрыя: яму заўсёды была больш па душы роля гледача, чым удзельніка самадзейнасці.

Але раптам…

 Аднойчы Людміла аказалася вядучай раённага этапу сямейнага конкурсу «Уладар сяла». Мерапрыемства зацікавіла, і праз некаторы час маладая сям‘я апынулася ў радах яго ўдзельнікаў: прадстаўлялі Мокраўскі сельсавет. Улогам тады не ўдалося нават апынуцца ў тройцы лепшых, затое набраліся карыснага вопыту. Ён аказаўся вельмі дарэчы сёлета. Сям’я ізноў прымала ўдзел у конкурсе і  на гэты раз стала пераможцай спачатку раённага этапу, а затым — і абласнога.

— Летась муж заявіў: «Гэта быў першы і апошні раз, калі я ўдзельнічаў у падобнай авантуры», — усміхаецца Людміла. — Таму сёлета асноўнай складанасцю было нават не падрыхтавацца да конкурсаў, а угаварыць нашага тату. Як бачым, адзін супраць чацвярых не выстаяў.

Рыхтаваліся каля трох тыдняў. Асноўныя абавязкі, зразумела, узяла на сябе Людміла. Перад Дзмітрыем стаяла толькі адна задача — быць гатовым да творчага конкурсу. Зразумела, нязвыкламу да сцэны мужчыне нялёгка было нават апынуцца ў цэнтры ўвагі, а тут яшчэ патрабавалася спяваць.

Муж успамінае той напружаны перыяд:

— У гаспадарцы ішла ўборачная, а я працую вадзіцелем. Пад’ём у шэсць гадзін раніцы, дамоў з работы вяртаешся іншы раз у дзве-тры гадзіны ночы. Але колькі б ні паказвалі стрэлкі гадзінніка, будзіў жонку, якая не проста правярала, як я вывучыў словы песні, але і вучыла, як спяваць.

 Калі адпраўляліся ў Драгічын прадстаўляць свой раён на абласным этапе, Улогі не спадзяваліся, што акажуцца хаця б у тройцы прызёраў.

— Конкурсы па сваёй сутнасці былі быццам і падобныя на раённыя: сілавыя і творчыя,  але паводле ўмоў абсалютна розныя, — расказвае субяседніца. — А часу на падрыхтоўку — усяго тыдзень.

За такі кароткі час Людміла паспела падрыхтаваць нацыянальныя касцюмы і ўборы для выступленняў, сабраць граматы, атрыманыя кожным з членаў сям’і, і вырабы для конкурсу дасягненняў сямейнай гаспадаркі, зрабіць фотапрэзентацыю падворка.

Да конкурсу страў нацыянальнай кухні дапамагалі рыхтавацца ўсе родныя і сябры: спяклі каравай, прыгатавалі «бульбяное парася», напяклі  аладак, нарабілі арэшкаў са згушчонкай, накруцілі рулетаў і каўбас, засмажылі качку з яблыкамі… У выніку за творчую частку  хвалявацца ўжо часу не было: на думку гаспадыні, галоўнае — паказаць сябе, гасціннасць, гаспадарлівасць.

На плечы Дзмітрыя лягла адказнасць за сілавыя конкурсы.

— Шмат часу давялося патраціць, каб знайсці сякеру і пілу: у нас жа паўсюль газавае ацяпленне — жывем, як у горадзе, пра дровы думаць не трэба, — расказвае мужчына. — Патрэбны інвентар знайшоў ажно ў Радзецку — у 91-гадовага дзядулі. Інструмент  выдатны, сякера яшчэ польскай коўкі. Думаю, у тым ліку і гэта дапамагло хутчэй за ўсіх распілаваць бервяно, накалоць дроў, зрабіць кухонную дошку.

Канешне, актыўнымі памочнікамі і ўдзельнікамі былі трое дзетак Людмілы і Дзмітрыя — адзінаццацігадовы Кірыл, дзевяцігадовы Ягор і трохгадовая Ангелінка. Не падвяла і група падтрымкі, якая прыехала з Мокрага.

 У паўсядзённым жыцці Улогі — звычайная сям’я,  занятая традыцыйнымі сельскімі клопатамі. Зведаўшы гарадскога жыцця, каля васьмі гадоў таму яны вярнуліся на малую радзіму, дзе вырашылі асесці канчаткова. Атрымалі добраўпарадкаваны дом у Мокрым, абзавяліся жыўнасцю: трымаюць свіней, курэй, качак, плануюць набыць кароўку.

— Нягледзячы на такі хуткі тэмп жыцця (а многія здзіўляюцца, калі мы ўсё паспяваем), ніколькі не шкадуем, што пайшлі на гэтую авантуру, — гавораць Улогі. — Хоць будзе што ўспомніць. Тым больш, у наступным годзе мы губляем статус маладой сям’і. Таму будзем старацца ўпісаць сваё прозвішча ў гісторыю конкурса і на рэспубліканскім «Уладары сяла».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *