Четверг, 21 июня 2018

Каму кампенсуюць «камуналку»?

420

Пра налічэнне безнаяўных жыллёвых субсідый пачалі весці гаворку яшчэ напачатку бягучага года: з 1 мая планавалася аказваць падтрымку тым, каму не па кішэні аплата камунальных паслуг. Але гэты тэрмін перанеслі на восень. І вось пытанне канчаткова ўрэгулявалася: з 1 кастрычніка ў сілу ўступіў Указ Прэзідэнта №322 «Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый». А гэта значыць, што тыя, хто трапляе ў катэгорыю льготнікаў, у лістападзе атрымаюць «жыроўкі» за кастрычнік з дадатковым радком — з сумай безнаяўнай датацыі.
Пра ключавыя моманты новай сістэмы прадастаўлення дзяржаўнай дапамогі на аплату жыллёва-камунальных паслуг расказала начальнік абаненцкага аддзела Пружанскага КУВП «Камунальнік» Н.М.Зялевіч.

subsidiya_41_izmen.razmer

Якія паслугі прасубсідзіруюць?
Указ прадугледжвае прадастаўленне частковай аплаты водазабеспячэння (халоднага і гарачага), каналізацыі, газа-, электра- і цеплазабеспячэння, капітальнага рамонту, тэхабслугоўвання жылога дома і ліфта, звароту з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарнага стану дапаможных памяшканняў, а таксама расходаў на асвятленне пад’ездаў і работу ліфта.

Каму прызначаны субсідыі?
Безнаяўная дапамога будзе прадастаўляцца ў выпадках, калі на аплату ЖКП (без перавышэння нарматываў спажывання) будзе выдаткоўвацца больш 20% сукупнага даходу сям’і, якая пражывае ў горадзе ці пасёлку гарадскога тыпу, і больш 15% сукупнага даходу сям’і, што жыве ў сельскай мясцовасці.
Важна: у пералік даходаў уваходзяць заработная плата ўсіх членаў сям’і, пенсіі, стыпендыі, даходы з-за мяжы, аліменты.

Які памер кампенсацыі?
Памер субсідыі вызначаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №322 ад 29 жніўня 2016 года. Кампенсавацца будзе станоўчая розніца (інакш кажучы перавышэнне) паміж налічанай сумай за жыллёва-камунальныя паслугі па нарматывах і сумай, якая складаюе 15 ці 20 % сукупнага даходу сям’і.

Як будуць «шукаць» льготнікаў?
Распрацаваны два прынцыпы — выяўленчы і заяўленчы. Аўтаматычна без падачы заявы і дакументаў — па выяўленчым прынцыпе — субсідыя будзе назначацца непрацуючым пенсіянерам і інвалідам, калі сумесна з імі не пражываюць працаздольныя члены сям’і. Астатнім неабходна звяртацца з пакетам дакументаў у «Камунальнік».
Па выяўленчым прынцыпе будуць брацца ў разлік даходы сям’і за тры месяцы, па заяўленчым — за шэсць месяцаў.

Каму не варта разлічваць на субсідыю?
Безнаяўная падтрымка не распаўсюджваецца на ўласнікаў некалькіх жылых памяшканняў, тых, хто здае пакой ці кватэру па догавары найму. Права на субсідыю не распаўсюджваецца і на ўласнікаў жылля, у якім зарэгістравана прыватнае прадпрыемства. Акрамя таго, кандыдатуры тых, хто больш месяца не працуе і пры гэтым не стаіць на ўліку ў службе занятасці, таксама не разгледзяць пры субсідзіраванні ЖКП.

Па пытаннях прадастаўлення субсідый можна звяртацца ў Пружанскае КУВП «Камунальнік» з 8.00 да 13.00 гадзін і з 14.00 да 17.00 гадзін у рабочыя дні: грамадзянам працаздольнага ўзросту — па адрасе г.Пружаны, вул.Свабоды, д.73а, каб.№7 ці па тэлефоне 7-59-08, адзінокім непрацуючым пенсіянерам і інвалідам — у абаненцкі аддзел па тэлефоне 2-13-09.

Па папярэдніх падліках ва Урадзе падлічылі, што на жыллёвыя субсідыі можа разлічваць кожная дзясятая беларуская сям’я.

Лічылка «РБ»

Сям’я пенсіянераў
Васіль і Ганна жывуць у Пружанах у прыватным доме з газавым ацяпленнем. Іх даход — дзве пенсіі — складае 590 рублёў. На аплату жыллёва-камунальных паслуг штомесяц трацяць каля 40 рублёў, зімой, калі ўключаюць кацёл, — каля 90 рублёў. І летам, і зімой выдаткі на «камуналку» складаюць менш 20% ад іх сукупнага даходу. Гэта значыць, што субсідыя ім не прызначана.
***
Адзінокі пенсіянер
Анатоль — жыхар двухпакаёвай кватэры ў райцэнтры. Жыве адзін. Акрамя пенсіі ў памеры 255 рублёў, ніякіх даходаў больш не мае. На дзяржаўную датацыю ён можа разлічваць у тым выпадку, калі за камунальныя паслугі яму будзе налічана не менш 51 рубля ў месяц. Калі ўлічыць, што ў летнія месяцы ў яго «жыроўцы» стаіць сума каля 32 рублёў, то верагоднасць таго, што яму будуць налічваць субсідыю, існуе толькі з уключэннем ацяплення, калі ЖКП вырастаюць у цане.
***
Сельская сям’я з чатырох чалавек
Мікалай і Таццяна, якія маюць двух дзяцей, — вясковыя жыхары. Пражываюць у доме з пячным ацяпленнем. Даходы з усіх крыніц — заработная плата мужа і жонкі, аліменты на адно дзіця — складаюць каля 800 рублёў. Права на жыллёвую субсідыю яны атрымаюць, калі за ЖКП будуць плаціць не менш 120 рублёў. А паколькі ў іх гэты радок сямейных выдаткаў складае каля 40 рублёў, дзяржаўная дапамога для на іх не распаўсюджваецца.

Падрыхтавала  Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *