Понедельник, 22 октября 2018

Янушкевічы здзівілі сваім бізнэсам. Хто наступны?

648

Тэлеканал АНТ запусціў другі cезон праекта «Мой бізнэс». Летась ідэя такой праграмы па падтрымцы як пачынаючых прадпрымальнікаў, так і тых, хто мяркуе рэалізаваць цікавую задумку, поўнасцю пацвердзіла сваю актуальнасць: прапановамі зацікавіліся звыш 700 удзельнікаў. У бягучым годзе  заявак на ўдзел у праекце было больш за 800. Сярод іх свае прапановы даслала і сям’я Янушкевічаў з Пружан.

20161007_8376_izmen.razmer

Аляксандр Янушкевіч вырашыў заваяваць інтарэс у суддзяў або ментараў праекта сваімі металічнымі вырабамі, якімі ён займаецца больш за 16 гадоў, уласнай тэхналогіяй вытворчасці рознай прадукцыі з металічных сплаваў, што распрацаваў самастойна.

— Першай тэлеперадачу «Мой бізнэс» пабачыла мая жонка Наталля і загарэлася ідэяй, што я павінен прыняць у ёй удзел,— расказвае Аляксандр перадгісторыю нараджэння сваёй прэзентацыі ўнікальных твораў з металу.— Якраз у гэты час я асвойваў выпуск металічнага лісця для аздаблення каваных вырабаў.

Як прызнаецца Аляксандр Аляксандравіч, падобнай прадукцыяй сёння практычна ўвесь свет «закідвае» Кітай. Але пружанскі майстар распрацаваў ноу-хау, дзякуючы  якому пры захаванні высокай якасці вырабаў выдаткі на вытворчасць зніжаюцца ў разы. Такім чынам можна арганізаваць выпуск запатрабаваных аздабленняў у сваёй краіне.

Трансляцыя другога сезона  праекта па тэлеканале АНТ пачалася два тыдні таму і пакуль прэзентацыі  Аляксандра і Наталлі Янушкевічаў яшчэ не трапілі на экраны. А ўсе ўдзельнікі паабяцалі пакуль не раскрываць сакрэты кухні. Таму і нашы субяседнікі пакуль не дзеляцца падрабязнасцямі. Мы даведаліся толькі, што Аляксандр рыхтаваўся да прэзентацыі працяглы час. Ён не толькі падрыхтаваў своеасаблівы бізнэс-план па адкрыцці новай вытворчасці з усімі разлікамі па ўкладанні сродкаў, валавым аб’ёме і акупляльнасці, але і зрабіў гатовыя ўзоры вырабаў (Аляксандр дэманструе іх на здымку). Наколькі яны зацікавілі ментараў, можна будзе даведацца ў адной з чарговых перадач, якія выходзяць на тэлеканале па суботах.

20161007_8382_izmen.razmer

— У любым выпадку трэба адзначыць, што удзел у гэтым праекце даў мне вельмі многае, — кажа майстар. — Па-першае, я пераканаўся ў тым, што рухаюся ў правільным напрамку і выпускаю менавіта эксклюзіўную прадукцыю. Я даўно пачаў рабіць падобныя аздабленні, шырока выкарыстоўваю іх у  брамах, казырках. Пачынаў з некалькіх варыянтаў, зараз раблю звыш 20, а заўтра асвою яшчэ дзве сотні. Па-другое, атрымаў і пацвярджэнне таму, што на металічныя ўпрыгожанні ёсць попыт. Я нават зрабіў для кожнага ментара-суддзі  вось такія незвычайныя падарункі з лагатыпам праекта «Мой бізнэс». Па-трэцяе, я змог узважыць усе «за» і «супраць», пралічыць свой шлях, каб пазбегнуць памылак. Безумоўна, хацелася б атрымаць і грашовую прэмію, за якую можна было б набыць новае абсталяванне, напрыклад, станок лазернай рэзкі.

20161007_8401_izmen.razmer

З ідэяй Наталлі Янушкевіч атрымалася інакш.

Падчас  кастынгу ў размове з супрацоўнікамі тэлеканала Аляксандр расказаў пра тое, што яны з жонкай трымаюць фермерскую гаспадарку, вырошчваюць розныя ягады, у тым ліку, і буякі. У нашым рэгіёне для такой экалагічнай прадукцыі ёсць усе ўмовы — клімат, глеба.

Але фермеры сутыкнуліся з адным фактам: ад нас ягады пастаўляюцца толькі ў выглядзе сыравіны, глыбокай перапрацоўкі ў Беларусі не вядзецца. А гатовыя прадукты на аснове тых жа буякоў імпартуюцца. Напрыклад, 100 грамаў парашку з буякоў, які пастаўляецца да нас ажно з Чылі, каштуе 50 дэнамінаваных рублёў.

— Складанасцей для стварэння адпаведнай вытворчасці на месцы няма,— лічыць Наталля.— Толькі рабіць яе трэба на дзяржаўным узроўні, бо прыватніку атрымаць усе дазволы з боку кантралюючых дадзеную сферу органаў вельмі цяжка, на мяжы немагчымага.

Супрацоўнікі тэлеканала адразу прапанавалі Аляксандру неадкладна рыхтаваць анкету на ўдзел у праекце і для жонкі. Так Наталля Янушкевіч стала 555-й удзельніцай (сам Аляксандр выступаў пад трэцім нумарам).

Прыадкрываючы таямніцу, скажам, што амаль усе ментары адобрылі ідэю праекта Наталлі, якая таксама зрабіла неабходныя разлікі, адкрыла магчымыя гарызонты, у тым ліку і эканамічныя, новай вытворчасці. Аднак ці трапіла яна ў фінал, можна будзе даведацца толькі з тэлеперадачы.

Як расказваюць Янушкевічы, ролік з іх прэзентацыяй здымаўся на працягу некалькіх тыдняў, тэлежурналісты нават начавалі ў іх аднойчы. Сам сюжэт, лічачы па папярэдніх выпусках, зойме не больш некалькіх мінут. Аднак у пружанцаў ёсць добрая магчымасць увачавідкі пераканацца ў магчымасцях, напрыклад, Аляксандра Янушкевіча, які ахвотна дэманструе свае напрацоўкі. Ёсць, напрыклад, падобныя элементы на браме Мікалаеўскай царквы па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Як ён зазначыў, не адкладаецца ўбок і праект жонкі: ідэя гатова да рэалізацыі і толькі чакае свайго часу.

P.S. Калі артыкул быў падрыхтаваны, стала вядома, што сюжэт пра сям’ю Янушкевічаў запланаваны да паказу сёння, 15 кастрычніка, у 18.50 гадзін на тэлеканале АНТ.

Алег СІДАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *