Вторник, 20 февраля 2018

Яна змяніла прапіску і не пашкадавала

645

Самастойнае жыццё Таццяны Асіпчук спачатку складвалася па-іншаму. Дзяўчына марыла аб будучай прафесіі педагога па прыкладу сваёй маці і любімай настаўніцы Людмілы Яўгенаўны Ваўранюк. Таму і паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педуніверсітэт імя Пушкіна адразу пасля заканчэння школы ў роднай вёсцы Пагранічнай Камянецкага раёна. Але потым выпаў шанц застацца жыць і працаваць у абласным цэнтры.

20161006_8347-na-1-cvet-skadrirovat_izmen.razmer

— Не скажу, што я імкнулася адправіцца настаўнічаць у сельскую мясцовасць, але жыццё распарадзілася інакш: сустрэла будучага мужа,— расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мокраўскай школы Т.В.Асіпчук. — Доўга вагалася, калі атрымала прапанову рукі і сэрца, бо трэба было адмаўляцца ад перспектыў кар’ернага росту і мяняць зручнасці горада на краявіды вёскі ў Пружанскім раёне.

Прызнаецца, што было і страшна, і шкада, але знаёмыя, да меркаванняў якіх дзяўчына прыслухоўвалася, параілі: маўляў, у жыцці для жанчыны няма нічога больш важнага за сям’ю.

— Я паслухалася такіх парад і прыняла рашэнне, аб якім ні аднаго дня не пашкадавала,— смяецца Таццяна Віктараўна.

Праз год пасля вяселля ў маладой сям’і настаўнікаў Асіпчукоў нарадзіліся двайняты, а праз некалькі месяцаў кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае» прапанавала ім ведамаснае жыллё замест здымнай кватэры. Прычым з правам выбару — у Клепачах або Мокрым, да таго ж па некалькі варыянтаў у кожнай з вёсак.

— Прызнаюся,— кажа педагог,— былі сумненні наконт таго, ці змагу працаваць з вясковымі дзецьмі, аднак зараз выдатна ведаю, што дзятва ў горадзе або ў сельскай мясцовасці ўвогуле не адрозніваецца. У Брэсце я настаўнічала ў кадэцкіх класах, працавала з адоранымі дзецьмі. І толькі ў Мокрым зразумела, што многае залежыць менавіта ад настаўніка, які павінен зацікавіць вучняў сваім прадметам, запаліць інтарэс у іх вачах.

20161006_8327_izmen.razmer

20161006_8349_izmen.razmerТ.В.Асіпчук лічыць, што, акрамя любімай работы і належных умоў працы, мае і іншыя  выгоды пераезду ў сельскую мясцовасць. Напрыклад, у параўнанні з «абласнымі» заробкамі   вышэйшай стала заработная плата спецыяліста: у сярэднім педагог-прадметнік у вясковай школе атрымлівае да пяцісот новых рублёў. За тыя ж грошы Таццяне Віктараўне даводзілася браць урокі ў некалькіх брэсцкіх школах з падменай і  дадатковай нагрузкай.

А яшчэ Т.В.Асіпчук падабаецца вясковы стыль жыцця. У горадзе, як яна расказвае, шмат мітусні, усе некуды спяшаюцца: паспець на аўтобус, купіць прадукты, вытрымліваючы доўгія чэргі, і гэтак далей па замкнутым коле. У Мокрым жыццё пакідае больш вольнага часу, значную частку якога маладая мама ўдзяляе сваім двайнятам, якія сёлета пайшлі ў першы клас.

— Ёсць у нас нямала і сямейных традыцый, якія мы беражліва захоўваем. Па першай спецыяльнасці я настаўніца геаграфіі, той жа прадмет выкладае і муж, таму разам вельмі захапляемся беларускімі краявідамі. Нам не патрэбны замежныя курорты, усю неабходную энергію атрымліваем ад наведвання родных пушчаў і азёр па ўсёй краіне. А яшчэ, калі ёсць вольны час, абавязкова выязджаем у Пружаны ці Кобрын — у аквапарк і Лядовы палац.

На думку Таццяны Віктараўны Асіпчук, штогод для педагогаў шырацца перспектывы, таму заўсёды раіць моладзі выбіраць гэтую прафесію, а потым накіроўвацца працаваць у вёску. Бо толькі тут можна атрымаць каштоўны вопыт педагагічнай дзейнасці.

— Дарэчы, не заўсёды самыя добрыя настаўнікі выходзяць з тых, хто выдатна вучыўся ў школе. Ведаю нямала людзей, якім навукі даваліся цяжкавата, але ў далейшым яны сталі выдатнымі педагогамі. Сакрэт ва ўласным жаданні працаваць з дзецьмі, у цярпенні тлумачыць тое, што ведаеш, прычым не адзін і не два разы. І калі ты адкрыў у сабе гэта прызванне, то ісці па педагагічным шляху ўсё жыццё будзе і лёгка, і прыемна. Да таго ж гэта адразу адчуюць твае вучні.

Алег СІДАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *