Среда, 26 сентября 2018

Звон гітары – хвалямі па сэрцы…

501

Яны нагадалі мне пра тое, што было так даўно, што ўжо здаецца няпраўдай. Тады «неба хапала на ўсіх», і моладзь, набіваючы заплечнікі турысцкім хламам, ішла ўслед «за сваёй зоркай», пераадольваючы горы, пад’ёмы, перавалы … Гэтым вечарам утульная гасцёўня «Пружанскага палацыка» нібы каля кастра сабрала пад сваім дахам пад дзівосныя гукі гітары паўсотні аматараў аўтарскай песні.

img_2566_izmen.razmer

Цудоўны канцэрт для дарослых і дзяцей зладзілі члены пружанскага клуба аматараў бардаўскай песні «Спектр» пры Палацы Культуры і дзіцячага аб’яднання пры ЦТДМ «Гітара – тры акорды».

Крыху больш за два гады аб‘ядналіся ў клубе не толькі прафесійныя музыканты, але і аматары. Сёння без іх не абыходзіцца практычна ніводная сяброўская сустрэча, ні адзін лірычны вечар. На думку мастацкага кіраўніка Аляксандра Казея, людзі знудзіліся па тых часах, калі, седзячы ля вогнішча цёплымі летнімі вечарамі, абняўшыся, дзяліліся адзін з адным самым патаемным і, адчуваючы надзейные плечы і падтрымку сяброў, спявалі так, як і дыхалі, – лёгка і свабодна.

Так было і ў гэты вечар. Вядомыя песні вялікіх бардаў Уладзіміра Высоцкага, Юрыя Візбара, Юлія Кіма, савецкія шлягеры рок- і поп-выканаўцаў, вядомыя музычныя кампазіцыі з кінафільмаў, а таксама аўтарскія песні пружанцаў Арцёма Валуйскага і Уладзіміра Грышкевіча атрымалі сваё асаблівае гучанне.

Вельмі цёпла публіка падтрымала «Гістарычны раман» ў выкананні салісткі гарадскога Палаца культуры Алёны Жмайлік.

img_2568_izmen.razmer

Кацярына Гарэйка і Ганна Бярэзіна ўразілі сваёй трактоўкай «Восені» Юрыя Шаўчука, а выкладчыца ЦТДМ Наталля Пракопчык усхвалявала публіку пяшчотным выкананнем «Школьнай пары».

img_2575_izmen.razmer

img_2574_izmen.razmer

Цудоўным вакалам і пераканаўчым акцёрскім майстэрствам вылучаліся Яўген Локцеў і Павел Цімашчук. Што ўжо казаць пра самога Аляксандра Казея! Лаўрэат і дыпламант міжнароднага конкурсу песень Булата Акуджавы, музычнымі імправізацыямі і рэплікамі звязаў усе выступы ў адзіны душэўны парыў.

img_2578_izmen.razmer

img_2582_izmen.razmer

Ва ўсіх гэтых песнях пра спадарыню ўдачу і прыгажосць вакол нас, пра стваральную сілу кахання і чысціню чалавечых адносін, пра сяброўства і здраду, баязлівасць і мужнасць людзі, магчыма, пазнавалі сябе. І мяркуючы па тым, што падпявалі ад першай да апошняй песні, лік удзельнікаў «Спектру» павінен павялічыцца. І хто ведае, можа сапраўды, наступная сустрэча адбудзецца дзе-небудзь недалёка каля кастра. І паверце, там месца хопіць усім.

    Алена Зялевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *