Среда, 20 июня 2018

Прыгажосць рукатворная: падворкавыя цуды ў в. Мокрае

839

Падворак Алены Міхайлаўны і Васіля Аляксеевіча Аблавушкаў неаднойчы прызнаваўся лепшым у Мокраўскім сельсавеце. Сёлетні год не стаў выключэннем. Каторы год гэтая прыватная сядзіба з’яўляецца адным з самых прывабных месцаў для фотасесій у аграгарадку. Калі ў некалькіх словах — гэта ўзор ненадакучлівага садовага дызайну, прыклад густу і гармоніі. Шлях да той прыгажосці, якая сёння тут створана, заняў не адзін год.

20160924_7667_izmen.razmer

— На працягу некалькіх гадоў мы спрабавалі розныя варыянты добраўпарадкавання: нешта мянялі, перасаджвалі, паступова павялічвалі кветнікі, — паказвае падворак гаспадыня. — Без памочнікаў, канешне, увасобіць у жыццё усе свае задумкі не змагла б: ад мужа — вялікага  аматара кветак — падтрымка і парады (часу на дапамогу ў яго не так шмат), ад дачкі Кацярыны — рэальная дапамога.

Хрызантэмы, ружы, дэкаратыўная капуста, астры, хосты… Але галоўным убраннем з позняй вясны ажно да самых замаразкаў вось ужо каторы год з’яўляюцца пятунні. Частку расады для кветак Алена Міхайлаўна вырошчвае сама, але пераважную большасць купляе оптам, для чаго ездзіць з мужам ажно пад Пінск. Як прызнаюцца самыя гаспадары, такога кветкавага калейдаскопа, як сёлета, у іх яшчэ не было ніколі: для ўпрыгожання падворка было выкарыстана ажно каля 600 штук пятунняў! У падвясных кашпо, на кветніках, на ўскрайку газонаў — усюды.

Сумненняў няма, што прыгожы падворак, патанаючы ў кветках, — вынік штодзённай карпатлівай працы.

— Пятунням неабходна своечасовае ўвільгатненне, — расказвае Алена Міхайлаўна. — З сёлетнім спякотным летам штодзень даводзілася паліваць гаршкі і клумбы, праз дзень уносіць падкормку. Акрамя таго, гэтая расліна не будзе пышна цвісці, калі не выдаляць старыя кветкі.

Вось і ўявіце сабе, колькі часу, сіл і цярпення патрэбна для догляду за гэтай прыгажосцю!

20160924_7677_izmen.razmerСтароннікамі і па магчымасці ўдзельнікамі працэсу акультурвання бацькоўскага ўчастка з’яўляюцца і дарослыя ўжо дзеці — іх у Аблавушкаў трое. Яны ведаюць, што лепшы падарунак маме на свята — садовая фігурка. І не толькі купляюць — стараюцца штосьці зрабіць сваімі рукамі. Старэйшы Мікалай, напрыклад, змайстраваў дэкаратыўны домік, якому знайшлося месца на газоне перад домам.

Нават не верыцца, што гаспадары гэтага падворка трымаюць вялікую гаспадарку: сотня бройлераў, нясушкі, вялікая чарада качак і ажно дзевяць кароў — пяць сваіх і чатыры сыноў.

— Безумоўна, нельга трымаць такую гаспадарку, калі няма падтрымкі ад сельгас-прадпрыемства, — кажа Алена Міхайлаўна. — Нам у гэтым плане пашанцавала: ААТ «Жураўлінае» і з сенам дапамагае, і са збожжам.

Муж і жонка акцэнтуюць увагу на сваім жыццёвым прынцыпе: што чалавек ні робіць — усё для сябе. І добраўпарадкоўвае жыллё, і працуе. Маўляў, калі жывеш ва ўласным доме, кожны дзень трэба штосьці рабіць.

І словы са справамі ў іх не разыходзяцца. І як паказвае вопыт, яблычкі ад яблынькі недалёка падаюць: сёлета падворак іх дзяцей, Мікалая і Алены Аблавушкаў, быў прызнаны лепшым маладзёжным падворкам на раённым узроўні.

20160827_4871_izmen.razmer

Над казырком арэляў у двары Аблавушкаў-малодшых — сямейка буслоў: мама, тата і трое птушанят, па колькасці сыночкаў у сям‘і.  Старэйшы — Мішка — ужо другакласнік, сярэдняму Кірылу — пяць гадоў, двухгадовы Макар пакуль гадуецца дома пад пільным наглядам мамы.

20160924_7712_izmen.razmer

20160924_7718_izmen.razmer

Мікалай прызнаецца, што ў свой час жыў у горадзе: вучыўся ў Брэсцкім педуніверсітэце, некалькі гадоў працаваў у абласным цэнтры, але так і не ўвайшоў у гэты рытм жыцця. Вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся вадзіцелем у ААТ «Жураўлінае». У спадарожніцы жыцця абраў сабе таксама сельскую дзяўчыну: Алену запрыкмеціў на дыскатэцы ў Мураве.

У новы дом прысядзібнага тыпу па новай вуліцы аграгарадка  маладая сям’я пераехала каля шасці гадоў таму. Да ўласнага жылля, па прыкладу бацькоў, ставяцца па-гаспадарску — стараюцца ўпрыгожыць двор і зрабіць яго больш утульным. Пачалі з перабудовы склепа і хлявоў, а закончылі сёлета будаўніцтвам альтанкі і арэляў, арыгінальнай печы-мангала. Крэатыўна падышлі да размежавання ўчастка — на зоны для адпачынку і сельскагаспадарчую.

На маё здзіўленне, калі з-за напружанага рабочага рытму гаспадары паспяваюць знаходзіць час не проста на штодзённыя хатнія справы, але і на стварэнне прыгажосці, адказваюць: «Іншы раз нават ноччу. Так, напрыклад, будавалі арэлі. Мы не прывыклі сядзець без справы ці спадзявацца, што нам хтосьці дапаможа».  Дарэчы, планаў па добраўпарадкаванні ў Аблавушкаў-малодшых процьма.

20160924_7693_izmen.razmer

20160924_7698-na-1-cvet-i-fon-ubrat_izmen.razmer

Шкадуюць толькі, што за працай  малавата часу застаецца на дзяцей. Але дапамагаюць бабуля і дзядуля: ладзяць малым экскурсіі, паездкі ў аквапарк. Увогуле, сямейныя каштоўнасці тут ставяць на першае месца: маўляў, хіба можа быць інакш?

Марына Вакульская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *