Понедельник, 22 октября 2018

Гаспадары… і абібокі: супрацьпажарны рэйд у вёску Калядзічы

527

Напярэдадні ацяпляльнага перыяду супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях абследуюць жылы сектар,  праводзяць тлумачальныя гутаркі з гаспадарамі. Як расказвае інспектар РАНС С.М.Дзеранчук, вынікі такіх праверак паказваюць, што будучая зіма будзе вельмі гарачай… у плане пажарнай сітуацыі. Каб пацвердзіць трывогі спецыялістаў-пажарных, далёка ехаць не даводзіцца. Разам з рэйдавай групай у вёску Калядзічы накіраваліся і мы.

20160928_8085_izmen.razmer

Першы дом, што мяркуем наведаць,  ледзь бачны за хмызняком. Нават не верыцца, што гэта — жылая сядзіба. Шыбы ў вокнах забіты поліэтыленавай плёнкай, ад плота, як і  ганку, засталіся толькі  рэшткі, якія нельга спаліць. З мэблі ў хаце — стол з пустой бутэлькай з-пад гарэлкі.

20160928_8072_izmen.razmer

20160928_8068_izmen.razmer

Але самае страшнае — печка, якая паліцца «па-чорнаму». У школе на занятках гісторыі нам расказвалі, як у глыбокай старажытнасці абаграваліся сялянскія хаты: дым выходзіў праз дзірку ў даху. Вось і гэты вясковец жыве гэтак жа, але ў 21-м стагоддзі: комін развалены, а дым з распаленай печкі выходзіць  праз разабранае гарышча.

Зразумела, што пры такім спосабе абагрэву да пажару недалёка. Гаспадар дома неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне супрацьпажарнай бяспекі. Аднак штрафы ён не плаціць: няма грошай, а калі і  з‘яўляюцца, то марнуюцца на спіртное. Працаваць чалавек яшчэ працаздольнага ўзросту адмаўляецца. Якія меры ўздзеяння да яго можна прымяняць? Нават пра аўтаномны пажарны апавяшчальнік не было сэнсу расказваць.

— Увогуле, як можна напалохаць магчымай бядой чалавека, які сам адмаўляецца жыць па-чалавечы? — пытаецца інспектар.

У гэтай сітуацыі засмучае тое, што жыве такі  абібок не ў лесе або на выселках, а сярод людзей, якія рупліва даглядаюць свае дамы, будуюць гаспадарчыя пабудовы. Невялікая іскра з суседняй сядзібы можа знішчыць усе нажытае за гады. Жывуць побач з такімі сусе-дзямі, нібыта на парахавой бочцы.

Гэта пацвердзіла і суседка. Па словах жанчыны, у яе сям‘і прывыклі спаць «адным вокам», каб своечасова заўважыць небяспеку. На суседняй сядзібе знайшлі магчымасць адбудаваць добры дом, нядаўна зрабілі капітальны рамонт, абнавілі знешні выгляд.

— Можна яшчэ зразумець, калі ў «пажаранебяспечных»  хатах жывуць састарэлыя бабулі, у якіх няма сілы адрамантаваць печ, добраўпарадкаваць жыллё. Такім сапраўды патрэбна дапамога. Але ці можна знайсці апраўданне тым, у каго сіла ёсць, а вось жаданне нармальна жыць адсутнічае?— разважае Светлазар Міхайлавіч.

20160928_8088_izmen.razmer

Яшчэ большым аказаўся кантраст паміж сапраўднымі гаспадарамі і людзьмі асацыяльнымі, калі рэйдавая група зайшла ў дом да У.М.Хілько. Гэты вясковец разумее, што да зімы трэба рыхтавацца загадзя, таму мяняе ацяпляльны кацёл разам з газавай калонкай. У доме належным чынам пракладзена электраправодка, для чаго выкарыстаны спецыяльныя кабель-каналы. У прынцыпе, супрацьпажарнай бяспецы тут надаецца значная ўвага, але мужчына ўважліва выслухаў інспектара, які патлумачыў аб карысці нават у такім жыллі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.

Па словах пажарных, з кожным годам  у вёсках становіцца ўсё менш тых, хто бяздумна ставіцца да ўласнай бяспекі. Разумнеюць? Не, гінуць падчас пажараў, папаўняючы сумную статыстыку…

Алег СІДАРЭНКА,

  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *